«Юпітары» слепяць вочы. Ніхто ў зале не павінен здагадацца, што ёй страшна. Яна ўсміхаецца, шчыра і радасна. Сапраўды, сустрэчы з гледачом яна чакае. Усмешка – гледачам, усмешка – дырыжору…
У зале ўсталявалася цішыня. Аркестр зайграў уступ першага раманса. Потым сцішыўся, амаль спыніўся, каб падхапіць і ўплесці ў свой узорысты, вытанчаны малюнак моцны і глыбокі голас артысткі. Узняўшы вочы ў бок высокіх скляпенняў храма, якія патаналі ў цемры, туды, дзе таямніча і грозна паблісквалі медна-залацістыя трубы аргана, Надзя заспявала…
Цяпер, апынуўшыся ў стыхіі музыкі, нібы птушка ў паветры, яна нарэшце адчула сябе зусім вольнай. Вызваленай. Усе душэўныя пакуты, усё, што прыгнятала і непакоіла, адышло, адпусціла і існавала недзе асобна. Плынь музыкі надзейна яе абараняла.
Так амаль заўжды атрымлівалася, што канцэртная зала аказвалася для Надзі месцам споведзі. Мо таму, што яе любімыя канцэртныя залы ў розных гарадах і краінах часцей за ўсё размяшчаліся ў былых ці цяперашніх культавых будынках, прызначаных для малітвы і споведзі. Спяваючы вакальныя сачыненні розных аўтараў і з розных эпох, яна спявала нібы пра сябе: пра ўласнае жыццё і пачуцці, пра страхі і сумненні, чаканне, трапяткую радасць і неадольнае гора. I зноў пра надзею, якая заўсёды застаецца ў чалавечым сэрцы.
Калі яна спявала рамансы на вершы Сапфо, Блока і Лоркі, да вакалісткі раз-пораз прыходзіла містычнае адчуванне, што не Сапфо, не Блок і не Лорка прыдумалі тыя радкі. Яны акрэсленыя і сфармуляваныя вышэйшым духам. І існавалі самастойна ў гукавым, спеўным космасе вакол Зямлі, а потым былі пачуты чулымі аўтарамі. А цяпер тыя вершы існуюць незалежна ад тых, хто іх занатаваў. Існуюць як дасканалая мастацкая форма, у якую спявак можа пераліць уласныя эмоцыі.
З першымі тактамі вакальнага цыклу, пачуўшы нібы ўпершыню тую музыку, з якой было звязана ў яе столькі ўспамінаў, Надзя чамусьці згадала іх з Маэстра сустрэчы. Карціны паўставалі так ярка, што яна не бачыла перад сабой ні глядзельнай залы, ні твараў слухачоў, а акампанемент і інструментальныя пройгрышы хутчэй адчувала. Тое трызненне на яве доўжылася ўвесь час, пакуль гучала музыка.
Летняя раніца, далёкія лугі на супрацьлеглым беразе рэчкі, стракатанне конікаў у траве, водар скошанага сена – усё існавала ў першароднай красе. Не толькі само па сабе, але і як таямнічыя знакі шчасця, падараванага невядома за што. Потым перад вачыма паўставалі восеньская слота, доўгія самотныя вечары, чорная ноч у раме акна, кроплі дажджу на шкле – знакі адзіноты. Доўгае, пакутлівае чаканне тэлефонных званкоў, адчай і рэўнасць, выпадковыя сустрэчы, ягоны душэўны холад, фантастычныя вобразы сноў, начных кашмараў, што спляталіся ў пякельнае, зачараванае кола, з якога не выбрацца, – знакі расстання.
Паўгода таму, калі Надзя дэталёва абдумвала выкананне славутага шэкспіраўскага санета, хіба магла яна тады меркаваць, што ён будзе гучаць як яе, Надзіна, адчайнае маленне? Спакойна і няспешна працуючы над санетам, яна ўяўляла сабе маладую ледзі або высакароднага шляхціца, чый зварот да каханага чалавека – споведзь зраненага, спакутаванага сэрца:
Оставь сейчас, чтоб сразу я постиг,
Что это горе всех невзгод больнее.
Что нет невзгод, а есть одна беда —
Твоей любви лишиться навсегда.
Здаецца, згасне надзея, і зрушыцца свет. Цяпер Надзі не трэба было клапаціцца пра эмацыянальныя фарбы, адчай, які яшчэ хаваўся ў душы і віраваў-віраваў у яе цемры, усё падказваў сам.
Артыстка спявала раманс на словы Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос…», – і ўяўленне пераносіла яе на тую сунічную паляну, у бясконцы ліпеньскі дзень.
Далей у праграме ішоў пачуццёвы раманс на словы Лоркі.
Мужчине чужие тайны
Рассказывать не пристало,
И я повторять не стану
Всё то, что она шептала…
Повязь адмысловых мелодый, якая раней так падабалася Надзі ў вакальным цыкле, цяпер прыносіла яшчэ і пакуты, бо здавалася атрутай. Прыгажосць кожнай мелодыі з’яўлялася яшчэ адным бясспрэчным сведчаннем таленту Маэстра, перад зіхаценнем і маштабам якога Надзіны душэўныя пакуты падаваліся ёй дробнымі і неістотнымі.
Далей гучыць раманс на словы Рубцова. Яна памятала радкі, столькі разоў спяваныя падчас рэпетыцый, але цяпер свядомасць выхапіла з гукавой і сэнсавай плыні асобныя радкі:
как будто вечен час прощальный,
как будто время ни при чем…
Як дакладна! Гэты канцэрт і ёсць яе час развітальны.