Выбрать главу

Але, напэўна, у Андрэя і не было такога намеру.

– Не трэба, позна ўжо. Ты стамілася… – А потым дадаў без усялякага пераходу: – Надзя, можна я цябе пацалую?

Яна толькі засмялася. «Напэўна, некалі я глядзела на Маэстра гэткімі ж адданымі вачыма. Кола лёсу зрабіла абарот. Мы памяняліся ролямі…»

– Можна, але толькі ў шчочку… Усталявалася паўза.

– Надзя, ты сябе вельмі нізка цэніш… – пачаў Андрэй.

«Уражанне, што ён рыхтаваўся да такой прамовы ўсё жыццё», – чамусьці падумала Надзя.

– Ты думаеш, я нічога не разумею? Я не сляпы, усё бачу. I бачу, што… – Андрэй спыніўся, напэўна, шукаючы больш трапныя і далікатныя словы, – …што ты пакутуеш дарма. Навошта ён табе патрэбен?

«Я думала, што гэта толькі мае сакрэты. Няўжо ўсё відавочна? I ўсе вакол бачаць і абмяркоўваюць? Ці толькі гэты скрыпач, як асоба зацікаўленая?» – падумала яна.

– А вось гэта ўжо тэма забароненая! Не чапай! Я прашу…

– Разумею, што табе непрыемна. Але скажу толькі адно слова… Ён можа цябе ацаніць? Наогул, хто ён побач з табой?

«Як цікава! Яшчэ нядаўна я думала тымі самымі словамі, толькі наадварот – хто я побач з ім… Хацела б ведаць: тое, што Андрэй гаворыць, – псіхалагічны прыём? Маўляў, зробім праблему не актуальнай, ці ён сапраўды так лічыць?»

Штосьці прымусіла Надзю слухаць далей. Андрэй працягваў:

– Ты – вядомая артыстка, столькі зрабіла і выканала! А хто ён? Згодзен, таленавіты чалавек, але толькі пачынае. І што з яго ў рэшце рэшт атрымаецца, ніхто не ведае…

Надзя хацела запярэчыць, але Андрэй не даў:

– Я згодзен, той вакальны цыкл, які ты спявала сёння, – гэта высокі ўзровень. Але, пагадзіся, каб яго выконвала іншая артыстка, там бы і паловы не прагучала. Ты шмат дадала ад сябе, ад свайго разумення гэтай музыкі. Хіба не так?

– Не падлізвайцеся, сэр. – Надзя імкнулася прыхаваць уласную разгубленасць. У дадатак яна не любіла, калі хваляць у вочы.

– Надзя, я ніколі не чуў, каб ты так спявала. Гэта было як развітанне… З нечым вельмі дарагім. Але ўсё-такі развітанне…

«Значыць, і ён усё адчуў!»

– Ведаеш, часам мне нават страшна рабілася. Пасля такіх канцэртаў і такіх спеваў усведамляеш, што тваё папярэдняе жыццё было, магчыма, нейкай памылкай. Атрымалася не так, і ўсё павінна быць іначай. I толькі цяпер, калі пражыў частку жыцця, нарэшце зразумеў…

– Чаму памылкай? – запярэчыла Надзя. Размова рабілася задужа сур’ёзнай, і яе хацелася павярнуць у іншае рэчышча. – У мяне не было жадання некага пужаць і страшыць, – засмяялася яна. – Праўда!

Але Андрэй не падхапіў яе жартаўлівы настрой.

– Мне думалася: як спеваку пасля такога канцэрта жыць далей?

Надзя паціснула плячыма:

– Звычайна! Зранку – кава, потым рэпетыцыя з Ірачкай ці заняткі ў вучэльні, потым крамы і прадукты. Пасля – вячэрняя рэпетыцыя або канцэрт. Калі яго няма, праверка хатніх заданняў у дзіцяці…– узялася пералічваць яна. Іранічнасцю інтанацыі хацелася перакрыць ягоны пафас.

– Несур’ёзны ты чалавек! Надзя, апошні аргумент, і ўсё! Сённяшняя музыка цікавая, але ж, пагадзіся, – па ўзроўні гэта не Моцарт ці Шуберт!

– Слухай, мне смешна, што ты, музыка, ужываеш такія аргументы! Рэальная значнасць кожнага творцы будзе бачная праз сто гадоў. Сучасную музыку нельга вымяраць класічнымі ўзорамі…

Надзя ўхапілася за першую ж думку, якая прыйшла ў галаву, бо Андрэй выказаў уголас тое, што яшчэ блукала ў глыбіні яе свядомасці. Можа, доля ісціны ў тым была, але ісціны бязлітаснай. Калі пагадзіцца з ёю, дык ад пабудаванага Надзяй паветранага замка нічога не заставалася. Адбудаваць замак ізноў – на гэта ўжо не хапала ні сіл, ні жадання. Але з апошнімі спадзяваннямі Надзя хацела развітацца сама. І не прымала ніякай дапамогі.

I наогул, якое ён мае права? Яна і так вельмі доўга яго слухала! Даўно трэба было абарваць такія размовы… Надзя рашуча павярнулася да свайго паклонніка:

– Слухай, чаго ты лезеш у чужое жыццё? Я цябе прасіла?

Мы гэтую тэму закрылі! Ты разумееш – за-кры-лі! Я не буду ні з табой, ні з кім іншым абмяркоўваць… – Надзя хацела сказаць «Маэстра», але спахапілася, што з галавой выдасць сябе і ўласнае стаўленне да яго. І таму пасля паўзы дадала: —…ягоную музыку.

Андрэй відавочна не пакрыўдзіўся на яе словы.

– Цяпер разумею, адкуль у цябе на сцэне столькі эмоцый! Вулкан і шторм… Надзя, ты вельмі прыгожая, нават калі злуеш.

Скрыпач узяў яе руку, павярнуў далонню да сябе і ціха пацалаваў.

«Не, сёння нейкі ненармальны, вар’яцкі дзень! Божачка нешта пераблытаў. Штосьці сапсавалася ў нябеснай механіцы. I зрушылася ў касмічнай прасторы. – Надзя разгублена глядзела на даўняга знаёмага. – Па-мойму, я здагадваюся, што пачую далей…»