Усё яшчэ трымаючы яе руку ў сваёй, Андрэй пачаў гаварыць, гледзячы не на Надзю, а прама перад сабой:
– Вядома, ты можаш доўга смяяцца… Напэўна, трэба было даўно сказаць, але я… Баяўся, што ты рассмяешся мне ў вочы і нічога не адкажаш. А пакуль маўчу, застаецца нейкае спадзяванне…
«Бедны! Такія словы сказаць – усё роўна, што з высокага абрыву ў рэчку скокнуць, – пашкадавала яна. – Асляпляльныя імгненні палёту ты, вядома, перажывеш, а што будзе потым – застанешся жывы ці не – невядома…»
– Надзя, ты святы чалавек…
«Мой былы муж фармуляваў іначай – «манашка». Каб я расказала табе, як сохла без пацалункаў Маэстра, ты б так не думаў. Вось табе і «святая»! Але не скажу…»
– Надзя, я даўно цябе люблю. У мяне ўсе твае запісы ёсць…
«Фанат… Напэўна, сядзіць і слухае іх вечарамі. Як некалі раней я слухала да паўночы дыскі з творамі Маэстра…»
– Калі б ты толькі дазволіла, я б цябе ўсё астатняе жыццё на руках насіў…
«Ты толькі брывом павяла, а ён памчаў твае жаданні выконваць!» Дзе раней я чула такую думку? Але што большая пакута: калі ты крычыш у прастору, а цябе не чуюць, ці наадварот – слухаеш такія словы і не ведаеш, што адказаць. Якое ўсё-такі шчасце, калі ты любіш сам!»
«Ты падобны ўрок ужо атрымала, – запярэчыў унутраны голас. – Не памятаеш, што з гэтага атрымалася? Працяглая дэпрэсія!»
Нібы прачытаўшы яе думкі, Андрэй неяк не надта весела ўсміхнуўся:
– Я разумею, можа, пра мяне ты ніколі і не думала. Не кажы цяпер нічога. У цябе імя Надзея. Значыць, мне і застаецца надзея… Нічога выпадковага не бывае.
Усталявалася цішыня.
– Прабач, я нагаварыў шмат непатрэбнага…
– Не, чаму? Цікава было слухаць! – здаля, як рэха, адгукнулася яна.
– У час канцэрта прыйшла думка, што калі я цяпер не скажу, дык, можа, ніколі не адважуся… – Памаўчаўшы, ён перамяніў тон на больш цвярозы і дзелавы. – Надзя, я вось пра што абавязкова хацеў сказаць. Такі голас, як у цябе, дае магчымасць спяваць на лепшых сцэнах свету. Пройдзе некалькі гадоў, і думаць пра тое будзе позна. Можа, варта папрацаваць з іншым канцэртмайстрам? Іра – паненка мілая, але ў музыцы разумее далёка не ўсё…
Надзю пачаў душыць смех:
– Гэтым канцэртмайстрам будзеш, вядома, ты?
Але было відавочна, што яе іранічная рэакцыя яго не «праняла».
– Надзя, у цябе наперадзе такая будучыня! Сусветная слава…
– Ага! – насмешліва пацвердзіла яна.
– Я гэта адчуваю! Ты за капейкі выкладаеш у вучэльні паненкам, якія не дужа хочуць вучыцца і ў якіх няма ні голасу, ні артыстызму…
– Ну навошта так змрочна?
– Раней ты больш ездзіла за мяжу. Засталіся ж у цябе нейкія кантакты з таго часу? Трэба шукаць імпрэсарыа, які б штодня займаўся тваёй кар’ерай…
Надзін смех пераўтварыўся ў суцэльны рогат:
– На імпрэсарыа ты таксама вылучаеш сваю кандыдатуру? Андрэй зірнуў на яе – ці з сумам, ці са шкадаваннем:
– Я паеду. Ты стамілася. Такое напружанне, а тут яшчэ я са сваімі размовамі… Дарэчы, Алесіку ад мяне прывітанне перадавай!
– Цікава, дзе гэта ты з ім паспеў пазнаёміцца? – азадачана спытала Надзя. – Чаму я не памятаю?
– А ты часам разам з ім на рэпетыцыю прыходзіш!
Сапраўды, пакуль Надзя рэпетуе, Алесь звычайна лётае па калідорах вучэльні, а часцей філармоніі, дзе ў яго ўжо шмат знаёмых. Часам Надзя знаходзіць яго то ў касцюмернай танцавальнага ансамбля, дзе задаволеная касцюмерка прымярае на шчаслівага Алесіка якое-небудзь старадаўняе адзенне. А то ў бутафорскім цэху, дзе яны разам з дзядзькам Аляксеем разбіраюць зброю розных часоў і народаў, то ў абутковай майстэрні, дзе Алесік вучыцца ўпраўляцца малатком і забіваць цвікі.
– Мы з Алесікам ужо даўно пазнаёміліся і нават пасябраваць паспелі…
– А-а, па-мойму, я здагадалася. Няўжо на аснове агульных скрыпічных інтарэсаў?
– Не толькі. У нас з ім ёсць мара: летам выбрацца ў падарожжа на роварах.
– Шустрыя вы, аднак! За маёй спінай такія грандыёзныя планы будуюць… – У Надзіным голасе, магчыма, міжволі, прагучалі ноткі рэўнасці.– Хоць бы паведамілі!
– Я ж не ведаю, як ты да такой ідэі паставішся.
– I Алесь скрытны які! Ні слова, ні паўслова…
– Ну, можа, маці тваёй ён і паведаміў,– засмяяўся Андрэй. – Яе ён часцей бачыць, чым цябе.
– Дзякуй за камплімент маім педагагічным здольнасцям! Ты занадта шмат ведаеш! – Адчувалася, што Надзя крыху азадачана. – Шмат цікавага я пачула за гэты вечар…