Выбрать главу

Тэлефанаваць Алегу і прасіць аб дапамозе ці нават патрабаваць Надзя не магла. Было ў такіх просьбах штосьці зневажальнае. Калі прызнаць, што Надзіна прафесія не дае ёй магчымасці пражыць самой і забяспечыць неабходным сына, значыць, згадзіцца, што ў іхняй даўняй спрэчцы праўда на ягоным баку. Надзя нічога не патрабавала, не назаляла званкамі і, мяркуючы па ўсім, Алега такая сітуацыя цалкам задавальняла.

* * *

Грошай не хапала заўсёды. І таму гастрольныя вандроўкі за мяжу, якія ладзіліся час ад часу, успрымаліся як ратаванне. Вядома, трэба цягнуць з сабой велізарную сумку з прадуктамі. А ў ёй кансервы, пакеты з супамі і кашамі, крупы, кіпяцільнік, – каб сэканоміць на ежы і не растранжырыць, а прывезці дадому сутачныя і ганарар. Спачатку Надзі было сорамна за гэтыя тушонкі і вермішэлі: «Артыстка называецца!», але, убачыўшы, што гэтаксама робяць, выпраўляючыся за мяжу, піяністы, скрыпачы і артысты ансамбляў танца, Надзя супакоілася і ўспрымала сітуацыю з гумарам.

Амаль з кожнай вандроўкі яна прывозіла большы ці меншы стосік «зялёных». Праўда, разляталіся яны хутка. То аказвалася, што ў кватэры ўжо шмат гадоў не рабіўся рамонт, то дзіцяці патрэбен новы ровар, то трэба выкласці астранамічную суму, каб адправіць Алесіка ў загарадны летнік – бясплатныя пуцёўкі адышлі ў нябыт. Стосік «зялёных» раставаў, і Надзя была вымушана згаджацца на новую вандроўку. Нават калі ўмовы гастроляў не надта дужа задавальнялі.

Частка другая

Алег

Часам Надзя задумвалася, чаму ў іх з Алегам не склалася сумеснае жыццё. Усё пачыналася так светла і радасна. Здавалася, што ўзаемных пачуццяў хопіць на ўсё жыццё.

Алег меў прыстойны голас, не надта моцны, эстраднага плану. Магчыма, эстрада вабіла яго і таму, што грошы тут прыходзілі лягчэй. Гэта табе не напаўпустыя залы філармоніі і не дзяржаўныя датацыі! Сама Надзя, спявачка класічнай арыентацыі, лічыла, што на эстрадзе ёсць розныя стылі і манеры паводзін. Але тая, якую абраў для сябе Алег, ёй не падабалася. Спачатку спрабавала пераканаць, што гэта патыхае вульгарнасцю, што песні, якія ён спявае, – адлюстроўваюць невысокі ўзровень культуры. Але праз нейкі час зразумела, што размовы марныя, і голас яе ў пустыні галосіць.

Адносіны пачалі памалу псавацца. Цяпер у паводзінах Алега Надзя ўвесь час адчувала прыхаваную ці відавочную абразу, жаданне прынізіць і зняважыць. «Прывітанне Шуберту і Грыгу!» – са здзеклівай усмешкай прамаўляў ён, калі яна збіралася на свой канцэрт. Часам прозвішчы кампазітараў мяняліся – у залежнасці ад таго, што павінна была сёння спяваць Надзя, і замест Шуберта і Грыга гучала: «Прывітанне Шуману і Баху!» Стрываць гэта было цяжка. Пасля такіх рэплік расказваць пра сваё не хацелася. I таму Надзя не гаварыла з ім пра свае клопаты. Ды і ягонымі справамі не дужа цікавілася.

Бацькі Алега мелі ўласную машыну. I Надзя часам з крыўдай думала: «Хай бы калі ўзяў у бацькоў машыну, каб падвезці з ускраіны горада ў цэнтр. Каб не ехаць на канцэрт у мароз або ў туман. Штораз турбуешся, што са звязкамі што-небудзь здарыцца і на ўсё астатняе жыццё зробішся прафесійна непрыдатнай. А што тады? Чым займацца?..» Але, відаць, такія высакародныя думкі ў галаву Алега не прыходзілі.

Спакваля ў яго з’явіліся сябры, да якіх прыслухоўваўся болей, чым да яе парад. Яго жыццём, як і яе, былі рэпетыцыі, канцэрты, гастролі. Але цяпер да іх усё часцей далучаліся рэстараны і познія, аж да ранку, гасцяванні. Часам ён наогул не прыходзіў начаваць. Надзя трывала доўга, але аднойчы здарылася так, што Алесік захварэў, яго не было з кім пакінуць, і Надзя была вымушана тэрмінова адмяніць уласнае выступленне толькі таму, што Алег швэндаўся невядома дзе. Бацьку не цікавіла, здаровае яго дзіця ці хварэе. Тут Надзіны нервы не вытрымалі, і яна выплюхнула на Алега ўсё, што віравала ў яе душы апошнім часам.

Той моўчкі выслухаў, а потым пачаў рагатаць:

– Слухай, а можа, ты раўнуеш? Наконт гэтага ты не хвалюйся, у нас выключна мужчынская кампанія!

– Яшчэ цікавей!

– Я не тое меў на ўвазе… – і Алег пачаў з захапленнем распавядаць пра свае грандыёзныя планы ў галіне шоу-бізнесу. – Я табе па сакрэце сказаў, нават не ўсім кампаньёнам такую закрытую інфармацыю давяраю! – Вочы яго літаральна гарэлі.– Надзька, якія тут грошы круцяцца!