Выбрать главу

– Алесь – сімпатычны хлопчык. І я вельмі яго люблю.

Можа, таму, што ён да цябе падобны? – засмяяўся скрыпач.

«Майму былому мужу і яго маці заўжды не падабалася, што сын з твару да мяне падобны. Можа, каб было іначай, Алег да сына цяплей ставіўся б і з’яўляўся часцей?» – пранеслася рэхам у яе думках.

– Надзя, я паеду. А заўтра абавязкова табе патэлефаную.

«Які імпэт! – насмешліва падумала яна. – Ад аднаго званка не дачакаешся, другі сам прапануе! Ну, ужо цяпер мой тэлефон ні на хвіліну замаўкаць не будзе. Вось табе і «манашка»… Так я хутка ў секс-бомбу ператваруся. Але зноў выслухоўваць сардэчныя прызнанні, як сёння, толькі па тэлефоне? Навошта? А што яму адказваць?»

Уголас Надзя сказала ці то жартам, ці то сур’ёзна:

– Хлопец, выкінь ты з галавы глупства і непатрэбныя эмоцыі. Яны толькі жыць замінаюць. Калі па-сяброўску, дык звані! А наконт новага канцэртмайстра – падумаю. Ірачку я люблю і з ёй развітвацца не збіраюся. Але, можа, мы з табой хоць бы частку новай праграмы зробім? На піяніна ў мяне ўжо велізарны стос новых нот ляжыць. Усё, дарагі рыцар, я пабегла дахаты. Маё горла не любіць такое халоднае надвор’е…

– Надзя, да заўтра!

Частка пятнаццатая

Ранішні званок

Ціха і марудна падымалася Надзя сходамі на свой сёмы паверх. Ліфт, як заўсёды, не працаваў. Дома ўсе спалі – Алесіку заўтра зранку ў школу. На кухні Надзя доўга піла гарбату, потым, выключыўшы святло, глядзела на чорнае зорнае неба, на тое, як мокрыя голыя галінкі суседняй бярозы адбіваліся на запацелым шкле. «Амаль гатовая графічная работа!»

Андрэй яе азадачыў. Яна заўсёды лічыла яго высокапрафесійным выканаўцам, які тонка адчувае музыку і спевака.

Калі Ірачка хварэла, Надзя некалькі разоў прасіла, каб ён замяніў канцэртмайстра на рэпетыцыях. З ім цікава працаваць, заўвагі далікатныя. Напэўна, ён усё ж іншы, чым яна ўяўляла раней. Але праца – адно, а сардэчныя пачуцці – зусім іншае. Не з’яўляюцца яны па камандзе, па загадзе, па нейчай просьбе. Узнікнуць, калі не чакаеш і не спадзяешся.

«Вядома, Андрэй – не Маэстра. Маштаб не той. Скажам шчыра, гледзячы праўдзе ў вочы. Нашто сабе хлусіць? Маэстра носіцца па ўсім свеце, у яго мільён знаёмых, прыяцеляў. Лепшыя музыкі – яго сябры… Але што мне з яго маштабу? Калі ён не мой, дык няхай яго маштабам цешацца тыя, хто побач.

Дзіўна ўсё атрымліваецца. Здаецца, нарэшце скончыліся бясконцыя дыялогі з маім адлюстраваннем, другім «я». Адчуваю сябе, як пасля пакутлівай хваробы, калі ты стомлены і аслабелы. Яшчэ няма сіл радавацца жыццю, але прыходзіць усведамленне, што самае цяжкое мінулася…

Няўжо сапраўды я пачынаю вызваляцца ад недарэчнай хваробы, якую чамусьці называюць каханнем? Вызваляцца ад комплексу пакінутай жанчыны? Няўжо развітанне адбылося? Сёння сваім рамансам я аддала тое, што віравала ў душы апошнія месяцы, з чым разам немагчыма жыць. Усё, што мела, аддала слухачам, – і цяпер вольная?! Божачка, няўжо ты нарэшце злітаваўся нада мною і цяпер назаўсёды вернеш страчаны душэўны спакой? Каб я магла спаць па начах, працаваць так, як хачу, каб я па-ранейшаму любіла свой дом, сына і маці – людзей, даражэй за якіх у мяне няма нікога…»

У тую ноч упершыню за многія тыдні Надзя сапраўды спала як немаўля. Раніцою цішыню кватэры парушыў тэлефонны званок. Яшчэ сонная, яна ўзяла слухаўку.

– Алё, слухаю…

– Надзя, – пачула яна ўсхваляваны і шчаслівы голас Маэстра, – прабач, што так рана тэлефаную…

«Раней і ноччу званіў і прабачэння не прасіў», – міжволі адзначыла яна.

– …але магу сказаць вельмі прыемную рэч. Не хацеў перад канцэртам гаварыць, каб дарма не хваляваць. На наш з табой учарашні канцэрт…

– «Ужо і наш! Не каб сказаць – твой, Надзя…»

– …я запрасіў нямецкага імпрэсарыа. Ён у захапленні. Мы з ім размаўлялі пасля канцэрта ды яшчэ частку ночы прыхапілі…

«Кожнаму – сваё. Мы з Андрэем размаўлялі, ты – з імпрэсарыа…»

– Ты ўважліва слухаеш? Уяві, ён прапаноўвае кантракт на дзесяць канцэртаў па буйнейшых гарадах Германіі. Сцэны самыя прэстыжныя. Першае аддзяленне – нумары з учарашняга вечара, другое – вакальная музыка нямецкіх кампазітараў на мове арыгінала. Ты ж яе цудоўна выконваеш! Пералічу гарады, якія могуць быць у кантракце… Надзя, я думаю, што ты не вагаешся, а загадзя згодная. Гэта такая ўдача! Але ўсе падрабязнасці кантракта – пляцоўкі, даты, канцэртмайстры, аркестры, гасцініцы, пералёты і пераезды – трэба дэталёва абмеркаваць. I не варта адкладваць. Давай удакладнім, калі мы сёння сустрэнемся? Усе разам, ты, ён і я…