Усе выразкі з газет, часопісы, праграмкі ўласных канцэртаў Надзя беражліва захоўвала. Калі цяжка ішлі рэпетыцыі або нехта сапсаваў настрой, яна даставала іх з шуфляды стала і пераглядала стос, нібы шукаючы ў напісаным пра яе маральную падтрымку і супакаенне. Але гэта здаралася рэдка. Часцей натхняла галінка клёна за акном, феерычнае багацце восеньскіх фарбаў, карціна, убачаная на вернісажы, твар у натоўпе. Але найперш – сама музыка.
Апошнія шэсць-сем гадоў яна спявала шмат вакальных сачыненняў сучасных аўтараў. Ведаючы, што Надзя ахвотна адгукаецца на іх просьбы і прапановы, кампазітары часта прыносілі ёй новыя опусы. Здаралася, прысвячалі. Беручыся за новы, ніколі яшчэ не спяваны твор, Надзя адчувала сябе вандроўнікам, падарожнікам, якога чакаюць незвычайныя адкрыцці. Так у дзяцінстве яна чытала, а дакладней, глытала – кнігу за кнігай! – прыгодніцкія раманы. Піраты, скарбы, невядомыя землі – і ўвесь час душа трымцела ад хвалявання: што будзе далей? Так i цяпер, калі яна перагортвала нотныя аркушы, яе вакальная душа хвалявалася: а што там далей?
Рамансы, песні, вакальныя цыклы, арыі з опер і аперэт Надзя развучвала хутка, лёгка, з задавальненнем. А вось над засвоеным матэрыялам працавала доўга, літаральна мучылася, перабірала безліч варыянтаў. Канцэртмайстар, яе любімая i незаменная Ірачка, бландзінка з капой узбітых пышных валасоў, часам не вытрымлівала, губляла цярпенне i рашуча заяўляла:
– Надзея Аляксандраўна, мы пераходзім да наступнага твора!
Надзя пагаджалася, але ноты забірала з сабой i дарабляла дома тое, што не дарабіла з Ірачкай. Пачаўшы асвойваць камерную лірыку пэўнага класіка, яна звычайна перачытвала пра яго ўсё, што толькі можна было знайсці. Але найперш не разумныя музыказнаўчыя манаграфіі, хоць часам i ix таксама, а найперш ліставанне, мастацкія творы, прысвечаныя яму. Немагчыма спяваць, не адчуўшы водар той эпoxi.
Надзя заўсёды лічыла сябе чалавекам успрымальным да гукаў мовы. А калі пачала спяваць не толькі на італьянскай, якую ведала яшчэ з кансерваторыі, але i на французскай, нямецкай, гэта таксама падалося асалодай. Фанетыка мовы дзіўным, таемным чынам звязана з агульным духам нацыянальнай культуры. У чым выяўляецца такая сувязь, Надзя не магла сказаць дакладна, але ў яе наяўнасці не сумнявалася ні хвіліны.
Прайшло некалькі гадоў з таго часу, як Надзя пачала ўпэўнена адчуваць сябе ў прафесіі. Крытыкі пісалі, што яе чароўнае сапрана можа ўвасобіць усю гаму чалавечых эмоцый, што яна вырастае ў сапраўднага майстра. Можа, i так…
Частка чацвёртая
Маэстра
У творчым жыцці Надзі заўсёды шанцавала, у жыцці асабістым – менш. Часам яна думала: мо i праўду Алег казаў, што яна манашка? Калі адкінуць здзеклівы тон, дык ён штосьці дакладна акрэсліў. Ці таму, што не надта пашанцавала з мужам, ці то з іншай прычыны, але Надзю не вельмі цікавіла тое, што супрацьстаіць манаству. Застаўшыся адна, яна не кідалася ў новыя знаёмствы ці вясёлыя кампаніі. Рэпетыцыі, канцэрты, студэнткі, Алесік зaбipaлі ўсе сілы, i часу на пагулянкі не заставалася.
Зразумела, час ад часу Надзі нарэшце хацелася займець асабістае жыццё – яна ўсё-такі жывы чалавек, жанчына, а не толькі спявачка. Дый Алесіку патрэбен бацька штодзень. А не такі, як Алег, добра, калі раз у два месяцы ўспомніць. Але тыя, з кім Надзю сутыкаў лёс, хто здаля ёй падабаўся, зблізку моцна расчароўвалі.
Дзіўна! Колькі знаёмых, прыяцеляў, паклоннікаў, а яна адна. Часам Надзя ўспамінала ранейшыя сімпатыі. Відаць, нездарма там нічога не клеілася. Адзін яе праважаты, важны, як певень, быў так захоплены ўласнымі справамі, што толькі пра ix i гаварыў, не забываючы праз кожныя тры словы пахваліць сябе. Другі, апынуўшыся з Надзяй у кавярні, прасіў прабачэння, што грошай не ўзяў, i таму яны замовяць толькі каву. Або яна заплаціць сама?.. Джэнтльмен, што тут сказаць! Трэці, не паспелі яны застацца ўдваіх, пачынаў без усялякіх уступных слоў і цырымоній хапаць яе за калені вільготнымі рукамі.
Часам Надзя думала, што яна не там i не тое шукае. Творцы – людзі своеасаблівыя, калі не сказаць дзівакаватыя. Лепшыя ix пачуцці жывяць творчасць, сачыненне і выканальніцтва. Там яны – яркія, выдатныя, зіхатлівыя. А для паўсядзённасці застаюцца рэшткі, друз, жмых. Тое, што не спатрэбілася для сцэны.
У пэўны момант пошукі сапраўднага рыцара Haдзi абрыдлі. Яна ўжо ні на што не спадзявалася i не прыкладала ніякіх намаганняў, каб нешта памяняць у асабістым жыцці. «Нашто мяняць? Дзеля чаго? Каб мець пячатку, штамп у пашпарце? Але каго тыя пячаткі ўтрымалі? Каб лічыцца замужам? Дык я там ужо была. Болей не хачу. Бабуля, Алесік і я – хіба нам кепска разам? Навошта чужы чалавек будзе жыць у нашай кватэры, чамусьці спаць побач і па начах моцна храпці… Бр-р-р! – Надзя ў думках здрыганулася. – Яго трэба будзе карміць, мыць яму бялізну. І прасіць прабачэння, што ты вечарам не дома, як усе звычайныя жанчыны, а ідзеш на канцэрт. Або таму, што ты сёння спяваеш, або таму, што трэба паслухаць іншых. А ён табе ласку зробіць, калі літасціва адпусціць…»