Маэстра прыемна вылучаўся з Надзіных знаёмых, да якіх яна мела сімпатыю. Найперш тым, што ўмеў слухаць, а не толькі гаварыць сам. I Надзя з задавальненнем яму шмат расказвала, дзівячыся сабе – ніколі не была такой гаваркой. Яго бездакорная ветлівасць: паліто падасць, наперад прапусціць, дзверы адчыніць – Еўропа! – толькі падкрэслівала камлюкаватасць і няўважлівасць яе былых кавалераў. Але галоўнае, Маэстра не выказваў і не выяўляў жаданняў, для пачатку знаёмства не надта прыстойных.
«Гэта ўжо цікава! – разважала сама з сабой Надзя. – Усё «гэта» яго не хвалюе? Ці яго не хвалюю я? А мо чакае, што я першая на шыю кінуся? Магчыма, гэта новыя, больш сучасныя спосабы заваявання жанчын. Ён удала хавае ўласныя пачуцці або іх наогул няма?.. А можа, мне таму так цікава з ім, бо невядома, як далей будуць складвацца нашы адносіны? Нездарма кажуць: найлепшы драматург той, чые сюжэтныя хады непрадказальныя».
Сумесная работа над вакальным цыклам працягвалася. Прэм’ера была прызначана на канец філарманічнага сезона. Але ў камернага аркестра нечакана памяняліся планы: з’явілася магчымасць паехаць на месяц на замежныя гастролі. Адмаўляцца ад прывабнай прапановы ніхто не будзе, і таму Надзін сольны канцэрт адклаўся на восень, а можа, і на зіму.
Маэстра часам заходзіў да спявачкі або ў вучэльню, або ў філармонію. Здаралася, па справе, здаралася, без яе, але заўсёды прыносіў то новыя ноты, то рэдкія кнігі. Адносіны іх заставаліся сяброўскімі. Калі па шчырасці, Надзі не хацелася, каб яны пераходзілі ў штосьці іншае. Хоць часам у галаву завітвалі гарэзныя і гуллівыя думкі. Цяпер усё лёгка і зразумела. Калі нешта зменіцца, дык зробіць яе жыццё залежным. Ад яго настрою, характару, ад іх сустрэч.
Надзя не хацела прызнавацца, але яна баялася моцных сардэчных захапленняў. Гучыць смешна, выглядае дзівацтвам. Бо што яна як артыстка ўвасабляе ў сваіх спевах, як не эмоцыі і іх разнастайныя адценні? Але чамусьці раней заўсёды атрымлівалася так, што тыя пачуцці прыносілі горкія і скрушныя слёзы. Вядома, спачатку там аказвалася шмат іншых эмоцый – радасці, шчасця, адчування палёту.
Людзі, якіх Надзя любіла, значылі для яе столькі, што, калі яны знікалі раптам некуды, яна яшчэ доўга – год ці два – не магла вярнуцца да звычайнага, нармальнага існавання. Рэха перажытага гучала ў душы далёкай музыкай, апякала і мучыла незваротнасцю, рабіла неўспрымальнай для навакольнага свету. I, як ні дзіўна, – дапамагала спяваць.
Цяпер жаночая цікаўнасць гарэзна падштурхоўвала наперад: «Хм, а што будзе далей?». А невясёлы жыццёвы вопыт, памяць пра былыя страты і расчараванні змушалі быць абачлівай і асцярожнай. І моцна трымаць у руках лейцы ўласных пачуццяў.
Маэстра быў заняты, і ў Надзі расклад на тыдзень таксама выходзіў шчыльны, бо ў вучэльні пачыналася сесія. Таму звычайна сустракаліся раз на тыдзень. Надзя паказвала зробленае, яны сёе-тое ўдакладнялі, спявачка атрымлівала новыя ноты. I зноў развітваліся да наступнага тыдня.
Аказалася, што працаваць з Маэстра лёгка і проста. Нібыта ведаюць адзін аднаго шмат гадоў. Нечакана знайшлося шмат агульных знаёмых. Падчас размоў раптам выявілася, што ён чытаў – дзіва дзіўнае! – тое самае, што і яна. Што даўно забыты фільм, пра які Надзя згадвала, ён таксама глядзеў. Надзя пачынала думаць, што з Алегам яны разбегліся хутка таму, што ім не было пра што гаварыць.
У той канцэрт, які адбудзецца праз некалькі дзён, павінна ўвайсці частка вакальнага цыкла. А сам ён, лічы, не цыкл, а суцэльная анталогія. Яе і за пяць вечароў не праспяваеш. Цяпер ідуць перамовы, каб увесь цыкл – і тое, што прагучыць у канцэрце, і тое, што не ўвойдзе, – запісаць у фонды радыё. I менавіта ў яе выкананні. Бо Маэстра лічыць, што лепш за Надзю тое ніхто не зробіць.
Сяброўскія адносіны яна падтрымлівала з многімі кампазітарамі, чые творы выконвала раней. Але заўсёды імкнулася паставіць сябе так, каб паміж імі існавала пэўная дыстанцыя. Гэта дапамагала сумеснай творчасці, бо не ўзнікала непатрэбных эмоцый. Як кажуць, нічога асабістага!
З Маэстра атрымалася іначай. Мо таму, што ўпершыню за апошнія гады Надзі хтосьці пачаў усур’ёз падабацца, толькі яна не хацела сабе ў тым прызнавацца. А мо таму, што вакальны цыкл быў напісаны на тэксты любоўнай лірыкі, і адметнасць увасаблення сардэчных захапленняў і пакут у вершах і музыцы ў розныя стагоддзі яны абмяркоўвалі ўвесь час. Калі добра падумаць, чым можа скончыцца сумесная праца маладой спявачкі і маладога кампазітара над вакальным цыклам, напісаным на тэксты любоўнай лірыкі? Вядома, чым. Або поўным непаразуменнем, спрэчкаю і канфліктам, або поўным паразуменнем і пацалункамі. Яны выбралі апошняе.