Выбрать главу

Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялiлi некаторых каталiкоў. Прозьвiшчы такiя: Лявiцкi, Блажэвiч, Корсак, — iх у першую чаргу i пабралi. Забралi таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькiн. (I потым пасьля вайны прыяжджаў, — мабыць, пацягнула на месца злачынства.) Ну i памежнiкi старалiся — не так пiльнавалi мяжу, як хапалi сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць i вартавыя мяжы, але ж адна сыстэма — НКВД. Нiхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць i ўсе рэабiлiтаваныя. Узялi тады таксама некалькiх настаўнiкаў, у тым лiку i нашага дырэктара Карчэў скага, якi мне гамашы купiў. Але i самiх памежнiкаў, камандзiраў таксама арыштоўвалi. Напрыклад, капiтана Акулава, мужа нашай настаўнiцы. Цiкава, што ў ролi сэксотаў-стукачоў выкарыстоўвалi старэйшых вучняў. Як судзiлi дырэктара, дык наша адна вучанiца была на судзе сьведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як i ўсюды. А пры мяжы асаблiва.

I ў кожнай вёсцы былi ў iх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя i ня вельмi. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнцiла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, — пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзiў зь iм вельмi цесны кантакт. I ён нават ня надта таiўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкiстам. Недзе ў пяцiдзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькi, ён прыходзiў таксама i за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзiць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамiн «кантрабандны» пераход?

Мабыць, варта ўспомнiць гэты «крымiнальна-палiтычны» ўчынак. Як я ўжо казаў, мама паходзiла з таго боку мяжы i ўсе тыя гады ня мела нiякай сувязi з братам. Нават ня ведала, цi жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявiлася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулi за Беласток, але старую не лiквiдоўвалi. Ахоўвалi па-ранейшаму пiльна, каб нiхто — нi адтуль, нi туды. Мы чакалi. Але неяк галоднай парой мацi наважылася i пайшла — цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцiнства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцiнцы — у мяшэчку трохi мукi i бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскiм прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьнiца, у якой на стале даўно няма хлеба. Пасьля мама баялася, што хтось данясе i яе пасадзяць. Але не пасадзiлi, i мы ўжо думалi, што нiхто нi пра што не дазнаўся. Аказваецца, некаторыя дазналiся…

Улетку паслаў дакумэнты ў Вiцебск, у мастацкае вучылiшча.

Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьцi, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабiлася неяк, голад i рэпрэсii гналi людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нiкуды не маглi, хiба што моладзь, падлеткi. Якраз на гэтым часе ў школе паявiўся новы пiянэрважаты, малады хлопец Вiктар Кандрацкi, якi ажанiўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат i раптам зьнiк, аказваецца, паступiў у Вiцебскае мастацкае вучылiшча. Аднойчы ўлетку мы сустрэлiся ў Кублiчах, i ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкiя малюнкi. Сказаў, што даюць iнтэрнат i нават плоцяць стыпэндыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны iм, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнiкам у школе. Але мусiў табель аддаць. Во бацька i кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухi зачахнеш. А там, у Вiцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскi, i яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскi выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыў ся на настаўнiка ды паступiў у партыю, як наш Новiкаў. Начальнiкам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана… Зрэшты, як i стаць мастаком…

На ўступныя экзамэны ехаў цягнiком, гэта быў мой першы выезд у вялiкi сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якiм я таксама быў першы раз. Выехалi на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклi. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае i цiкавае. Вузкiя, крывыя, брукаваныя вулiчкi, крамы… Таксама i ў Вiцебску, якi ўразiў мяне шматлюдзьдзем i… трамваямi. Зь некаторым страхам ехаў на трамваi ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы вiселi вялiзныя каляровыя рэклямы кiнатэатраў, недалёка высiўся аграмадны сабор i вежа ратушы.

Вучылiшча месьцiлася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаiчнай падлогай у вэстыбюлi. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылi ў вайну.) Галоўныя экзамэны былi, вядома ж, па мастацтву, мы малявалi акварэляй нацюрморт з гаршкамi. Пасьля iншыя прадметы, якiя я здаў пасьпяхова, i, вярнуўшыся дамоў, атрымаў паведамленьне аб залiчэньнi ў студэнты.