Выбрать главу

Увосень пачалася вучоба: жывапiс i малюнак, якiя выкладаў стары Лейтман, усе iншыя прадметы, як i ў школе. Жылi мы сьпярша ў iнтэрнаце на Магiлёўскай плошчы, цяпер яе няма — перайменавалi ў Савецкую. Цi, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся зь якой прычыны, нас чатырох пасялiлi ў прыватным доме на Смаленскiм кiрмашы. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Празь нейкi час у вучылiшчы арганiзавалася скульптурнае аддзяленьне, i я зь невялiкай групай хлопцаў перайшоў туды. Скульптурныя клясы мясьцiлiся ў бакавым завулку перад былой ратушай i мастацкiм музэем. Вучыла нас скульптар Ганна Iванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кiева. (Пасьля вайны нiдзе ня чуў пра яе, мабыць, прапала.) Дырэктарам вучылiшча быў Iван Восiпавiч Ахрэмчык. Там жа знаходзiлася ягоная майстэрня, на першым паверсе, з вокнамi, якiя выходзiлi на вулiцу. Вокны вялiзныя, як i належыць для мастакоўскай майстэрнi. Калi пачынала цямнець, уключае сьвятло, а шторы не зашморгвае, i мы глядзiм, што ён робiць. Помнiцца вялiкая, на ўсю сьцяну палатнiна, на якой недамаляваныя абрысы Ленiна i Сталiна на нейкiм зьезьдзе. Тады гэтая тэма была абавязковай. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапiс. Шмат ляпiлi анатомiю — фрагмэнты клясыкаў, мiкелянджаляўскага Давiда — насы, вушы, твар, — тое было няцяжка. Болей клопату было з кампазыцыямi — адна- i дзьвюхфiгурнымi. Маёй курсавой работай стала фiгура пагранiчнiка ў шынялi, зь вiнтоўкай i бiноклем каля вачэй. Выкладчыца пахвалiла.

Вiцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкi горад, меў музэй; на вулiцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забiлi. У невялiкiм пакоi i на драўлянай лесьвiцы вiселi яго карцiны, выкананыя ў стылi дабротнага рэалiзму — шаўцы, старыя яўрэi, конi, выявы старадаўняга Вiцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, якi тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нiчога не было вядома. Бы ён i ня меў нiякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, i праз шмат гадоў я ўжо быў у лiку тых, хто на Пакроўскай вулiцы адкрываў скульптурны помнiк славутаму земляку.

Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явiлi «радасную» навiну: пастановай ураду стыпендыi адмяняюцца, за ўсе матэрыялы i падручнiкi трэба плацiць. Як было жыць, ня толькi вучыцца? Грошай мне з дому нiколi не прысылалi, ды я i не прасiў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькi Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якiя я расьцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якiм звычайна мы харчавалiся. Устанеш раненька, гадзiн у 6, i — да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялiзная, усе чакаюць.

Гадзiн у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханiна.

Карткi пад гэты час ужо адмянiлi, дык па хлеб у горад рынулiся з навакольных вёсак, зь iншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купiць фарбы. Ды i з брызентавых гамашаў вылезьлi пальцы… Спрабавалi мы з хлопцамi перабiвацца такiмiсякiмi заробкамi[: ] на грузавой станцыi, шчотачнай фабрыцы.

У Вiцебску, як нi дзiўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вулiцы, што вяла да аэрапорту, убачылi маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напiсана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкi. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлi туды. (Шаўчонак пасьля таксама кiнуў вучобу, — не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразi хадзiў у растаптаных бурках.) Дамовiлiся з гаспадаром зрабiць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлi нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалi, напiсалi «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкi намалявалi кепку, а на другiм капялюш. Панесьлi заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў i кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовiўся. Вiдаць, быў напалоханы з часоў нэпа.

Так ляснуў наш заробак. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе i нiчога нiдзе не здабыўшы, я зразумеў, што ў вучылiшчы больш не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакуманты. Там наш выкладчык лiтаратуры, здаецца, прозьвiшчам Леванёнак, кажа: «Шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…» Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камiсiёнку апошнюю сарочку, купiў бiлет да Полацку i яшчэ дзьве булкi, якiя i зьеў, прысеўшы ў сквэрыку, дзе цяпер помнiк Пушкiну. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясятую клясу. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды новыя парадкi i ў школе. Падручнiкi цяпер аказалiся платныя, трэба купiць. Але i купiць няма дзе, не хапае падручнiкаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладзьдзе. Hi хлеба, нi дроваў.

Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганiзаваныя школы прафэсiянальнага навучаньня (ФЗН), i я хутка зноў апынуўся ў Вiцебску. Што ў Вiцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеi. I ўспамiны. Невясёлыя, аднак, успамiны… У школе вучылi на будаўнiкоў: муляры, бэтоншчыкi, арматуршчыкi — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабiлася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сьцюжы, з растворамi. Але тут кармiлi, давалi прытулак у iнтэрнаце, а пасьля яшчэ пачалi i апранаць. У вучылiшча я не хадзiў, хiба калi ўвечары падыходзiў пад вокны, бачыў паверх фiранак захiнутыя анучамi скульптуры на станках. Было сорамна i балюча… Зiма таго году была надта сьцюдзёная, зь вятрамi i маразамi. Мы ж працавалi i вучылiся скрозь на сьцюжы. Памятаю, муравалi дом на Суражскай шашы, я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт i галоўнае — дакладнае вока, каб не скрывiць. Бегалi грэцца ў суседнi цэх чарапiчнай фабрыкi, дзе было зацiшней. А мой вугал атрымаўся трохi пахiлы ў адзiн бок, наш настаўнiк Андрэй Iванавiч быў незадаволены, i я нейкi час перажываў з тае прычыны. (Дарма, аднак, перажываў. Хутка ад таго дому застанецца адна куча друзу. А пасьля вайны не застанецца i друзу, якi зьнiкне пад быльнягом i крапiвой.)