Выбрать главу

На пачатку чэрвеня — выпуск. Нам аб’явiлi, што паедзем працаваць на Украiну, у горад Шостку. Пакуль былi зборы, я адпрасiўся зьезьдзiць на радзiму. Рэч у тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька… Гэта таксама гiсторыя, гiсторыя лёсу. Дзядзька колiсь быў актывiстам, зрабiў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газэты дзесь на Палесьсi. Але пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата, — саслала ў Сiбiр. Мабыць, нясоладка стала сыну, i ён дзеля паратунку апынуўся на Украiне, таксама ў Шостцы. Прыехаў я дамоў, пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становiшча.

Дырэктар Сьлiмборскi паспачуваў ня надта ўдалай кар’еры свайго колiшняга выдатнiка i даў мне не атэстат, а табэль за дзясятую клясу, дзе сам праставiў патрэбныя адзнакi. Мой плян быў такi: у Шостцы я здам экстэрнам экзамэны за сярэднюю школу i паступлю ў тамашнi iндустрыяльны iнстытут, да якога мае нейкае дачыненьне мой дзядзька. Ён i Сьлiмборскi былi знаёмыя…

Пагодным чэрвеньскiм ранкам мы прыяжджалi на Украiну… Белыя мазанкi, таполi, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскiя асацыяцыi пераносяць мяне ў iншы сьвет, рамантычны i казачны. Ня думалася тады, што гэтак шмат драматычнага i трагiчнага будзе зьвязана ў мяне з гэтай краiнай. Не пасьпеў агледзецца, як сьлед пазнаць горад i нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна.

Прызнацца, тое маладых сьпярша i ня надта палохала.

Была ж толькi нядаўна фiнская вайна, перад тым — вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыюмфам перамог. Пераможам i тут. Тым болей, калi намi кiруе непераможны таварыш Сталiн. Але пакрысе рабiлася сумна, а затым i страшнавата. Хацелася дамоў, блiжэй да родных мясьцiнаў. Ды не было як. Калi нямецкi вермахт захапiў Менск i Гомель, падступiў пад Кiеў, нас змабiлiзавалi цераз ваенкамат. Сьпярша на абаронныя работы. Можа, месяц капалi даўжэзны i глыбокi супрацьтанкавы роў, здаецца, пад Пiрагоўкай, якi затым кiнулi, бо немцы ўжо замыкалi сваё акружэньне Кiеўскага катла…

Пачынаецца эвакуацыя. Тысячныя калёны 17-18-гадовых юнакоў пацягнулiся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая сьпёка. У сёлах i гарадках, дзе мы праходзiлi, нас праводзiлi жанчыны i дзяўчаты, давалi якую ежу, садавiну, махалi хусткамi. Некаторыя плакалi. Мы паводзiлi сябе вольна, жартавалi. Нас, жменьку беларусаў, нiхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталiся далёка. Але i ўкраiнкi нас шкадавалi i любiлi. На ўскраiне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраiнка падбегла i пацалавала мяне — то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маiм жыцьцi. Начавалi звычайна ў гумнах, аборах, ужо апусьцелых школах. Хлопцы-ўкраiнцы дужа добра сьпявалi.

Як нi былi стомленыя за дзень, у цемрыве летняй зорнай начы дзе-небудзь на краi сяла доўга гучала самая любiмая i знаёмая «Распрагайтэ, хлопцi, конэй та лягайтэ спачывать, а я пiйду ў сад зэлэнiй та крынычэньку копать». Як разьвiднее — пад’ём i на сьпякотную дарогу, пакуль ня зьявяцца ў небе нямецкiя каршуны.

Харчуемся, чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялiкi ўраджай яблыкаў, гароднiны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якiх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалi да нас. У Белгарадзе я спрабаваў купiць фруктовага чаю, якi можна было есьцi, ды загруз у натоўпе каля прылаўка. Праз тое адстаў ад калёны, а затым i згубiў яе. Пакуль бегаў па забiтых войскамi вулiцах, настала ноч. Стомлены зайшоў у паўразбураную бомбай хацiну i заснуў. Пабудзiлi камэнданцкiя патрулi. Адвялi ў камэндатуру. Там уначы допыт — хто такi, чаму адстаў, зь якой мэтай? Абшукалi, адабралi дакументы. Знайшлi ў маёй валiзцы карту — выдраны з падручнiка аркушык, на якiм я, грамацей, адзначаў, як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не загубiў. Лейтэнант у сiняй фуражцы, што дапытваў мяне, пасьля першых жа словаў выцяў у адно вуха, затым зь iншай рукi — у другое: «Почему скрывался?» Я спрабаваў давесьцi, што адстаў ад каманды, што iду з Сумской вобласьцi. А мой сьледчы на тое адказваў: «Все так говорят, грубо работают ваши фашисты, по шаблону. Но мы выбьем из тебя признание, японский городовой!» Тую адмысловую лаянку я тады чуў упершыню i запомнiў на ўсё жыцьцё.