Выбрать главу

Што праўда, болей мяне ня бiлi, яшчэ палаяўшыся, адвялi ў цесную камеру ў сутарэньнi. Тут было цёмна, адчувалася прысутнасьць людзей, i я прысеў каля ўваходу. Але неўзабаве прывялi i яшчэ некага, пасьвяцiўшы лiхтарыкам, мяне змусiлi перасесьцi далей. Я прысланiўся плячмi да сьцяны i, здаецца, задрамаў трохi.

Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохi пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзiраўся ў маiх суседзяў. Адзiн ляжаў на баку, выцягшы даўгiя ногi ў высока накручаных абмотках. Другi сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзiн ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамi, закладзенымi назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, i незнарок памкнуўся iх разьвязаць. Але чалавек тузануўся i прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся. Дзiўна, што да паўдня з камэры нiкога не выводзiлi, а прывялi яшчэ трох. Усе тут маўчалi, толькi адзiн з прыведзеных пачаў плакаць, i на яго крыкнулi: «Сьцiхнi! Разьнюнiўся…» Усе чагосьцi чакалi i слухалi, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелi машыны, чулiся крыкi камандаў цi што. Упаўдзён адбылася жахлiвая бамбардзiроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столi. Недзе паблiзу стралялi кулямёты, але зенiтак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.

Пад вечар некалькi чалавек вывелi, болей не прывялi нiкога. У камеры павальнела, але знадворку цiшэй ня стала. Недзе, даволi блiзка, бахала артылерыя. Я зноў трохi задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялi вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамi яны пабудзiлi тых, што былi блiжэй, i загадалi выйсьцi. Дужа хутка ў другiм канцы будынку пачулiся стрэлы. «Чатыры», — са страхам мовiў хтосьцi ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусiм белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалi часта расчыняцца, падобна, пачалi выводзiць усiх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася стралянiна, празь якую мы чулi некалькi блiзкiх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлi два — малады ў сiняй фуражцы i сталы, вусаты чырвонаармеец зь вiнтоўкай. Гэты, вусаты, кiўнуў мне — на выхад, i я паслухмяна падняўся.

Не памятаю, як выйшлi са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулi за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапiве даўгiя ногi ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся — сьлёзы самi ручаём палiлiся з вачэй. Чырвонаармеец прыпынiўся, бы зьдзiўлены маiм бязмоўным плачам, i раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнiк да блiзкай праломiны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэлiць. Ён i сапраўды стрэлiў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць i не азiрнуўся нават.

Я бег i за плотам, празь нейкiя агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахiлыя хлеўчукi, апынуўся ў аброслым дзядоўнiкам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькi нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкi яе абмiнуў i нарэшце выбраўся да чыгункi. Тут зьнiякавеў трохi, ня ведаючы, куды падацца — управа цi ўлева? Пайшоў улева, — каб ад вадакачкi, што блiзка высiлася над дахамi. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначнiка, якi з мэталёвым чамаданчыкам у руках iшоў кудысь цi аднекуль. Я папытаўся, у якiм баку Харкаў, i дзядзька, паўзiраўшыся ў мяне, моўчкi махнуў рукой — там. Я i пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе iсьцi было нельга, дарогi былi забiтыя войскамi, што адступалi, бежанцамi — пешымi i на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кiраваў у Валчанск — гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармавалiся запасныя часткi. Каманда, ад якой я адстаў, накiроўвалася менавiта туды. Але дзе быў той Валчанск? Цi сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнiк? Болей папытацца не было ў каго. Ды я i баяўся пытацца.

Увогуле тады мне пашэнцiла. Як збоч ад дарогi ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строiлася для фармоўкi. Я вельмi ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлiвым. Але ж у мяне не было нiводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзiры ня надта прыдзiралiся — не было часу, ды й хлопцы пацьвердзiлi: то наш. I я цi не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлiвую перавагу перад задушанай жыцьцём адзiнкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нiкому не распавядаў, пра дакументы пасьля пiсаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў.