Нас сфармавалi ў новую каманду, далi нейкую б/у абмундзiроў ку, але замест зброi — рыдлёўкi. Абвясьцiлi, што з гэтага дня мы — у складзе армейскага iнжынэрнага баталь ёну. Прыбыло нейкае начальства, i нас зноў павялi капаць траншэi на поўнач ад Харкава. Праз колькi дзён выдалi вiнтоўкi — па адной на дзесяць чалавек, i мы адчулi сябе байцамi непераможнай Чырвонай армii. Неўзабаве пачалася катавасiя. Падышоў фронт, пачасьцiлiся бамбёжкi. Прарывы нямецкiх групаў, паветраныя дэсанты, якiя належала адбiваць, але часьцей мы ад iх уцякалi. Аднойчы нас кiнулi на прыкрыцьцё нашай кавалерыйскай контратакi. Там я ўпершыню адчуў увесь жах гэтай вайны.
З 22 чэрвеня да 10 кастрычніка 1941 году асобымі аддзелам і НКВД і заградатрадамі войскаў НКВД па ахове тылу затрымана 657 364 вайскоўцаў, што адсталі ад сваіх частак і ўцякалі з фронту. Асобымі аддзеламі арыштавана 25 878 чалавек, астатнія сфармаваны ў баявыя часткі і адпраўлены на фронт. Паводле пастаноў асобых аддзелаў і паводле прыгавораў вайсковых трыбуналаў расстраляна 10 201 чалавек… (З даведкі намесьніка начальніка асобага аддзелу НКВД СССР Мільштэйна.)
Ноччу на ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалi акопчыкi. Наперадзе — бураковая нiва, а за ёй вялiзнае ўкраiнскае сяло. Учора мы празь яго iшлi. А затым iшла кавалерыя — шмат кавалерыi. Дагэтуль бачу: запыленыя, стомленыя конi i людзi, вакол пыл, пыл… На Украiне ўлетку заўсёды пыл на дарогах. Кавалерысты, вiдаць, iшлi здалёку, удзень над iмi вiсела нямецкая авiяцыя, увесь час бамбiла. Навакольле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вiнтоўка за сьпiнай, шашка, процiгаз, перамётныя сумкi ля сёдлаў… Чамусь запомнiлiся конскiя процiгазы. На сядле сумка вялiкая, i ад яе iдзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кiшка, i маска, — надзяваецца каню, калi газавая атака, якiх, дарэчы, нiдзе на вайне не было. На сьвiтаньнi коньнiкi кiнулiся на сяло ў атаку, на нямецкiя танкi. Немцы падпусьцiлi iх даволi блiзка i з кулямётаў наладзiлi iм такое, што Божа мой! Празь якiх дзесяць хвiлiн усе адхлынулi назад. I вось бяжыць конь у пене, безь седака, а то сядок вiсiць зь сядла ўнiз галавой. Конь падае, б’ецца, зь ягонага бруха вывальваюцца вантробы ды яшчэ кiшка гэтая процiгазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымi чэргамi. Хуценька мы адтуль драпанулi — усе, пешыя i коньнiкi — у лясок, атака захлябнулася, i болей яе не ўзнаўлялi. Танкi пайшлi далей.
Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага i дурнога. Мы будавалi для маршала Будзённага камандны пункт, на якiм Сямён Мiхайлавiч ледзьве ня трапiў у палон. Адыходзiлi на Стары i Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычнiку, армiю нарэшце вывелi пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткi.
Апынулiся на станцыi Гразi, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-i год нараджэньня прызываецца, а 24-ы — яшчэ не. I вось нас усiх, хто быў з 24-га года, сабралi разам. А трэба сказаць, што такiх набралася няшмат, бо ўкраiнцы — ня дурнi, яны далёка ад дому не адыходзiлi, звычайна вярталiся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кiлямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усiмi. Дык сфармавалi з маiх аднагодкаў калёну, выдалi па тры буханкi хлеба i, як былi, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зiму — у пiлотках, выправiлi ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнiкаў [запасу] — каб не разьбеглiся.
Iшлi ў Саратаўскую вобласьць…
Харчавалiся зноў самапасам — хто чым знойдзе. Сяляне часам кармiлi, усё ж то быў тыл, i шмат у каго мужчыны былi на фронце, людзi спачувалi вайскоўцам. Тым больш такiм жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нiчога нам не надаралася, а ў сёлах трохi перападала. Пакуль дайшлi да Саратаўшчыны, абнасiлiся i абязножалi. Чаравiкi мае сталi такiя, што i парцянкi вылезьлi. А тут пачалiся халады. Цёплага ж на нас не было нiчога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалiк[,] і ўсё. Нарэшце дабрылi да станцыi Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалi па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкiм) трапiлi ў недалёкi калгас… Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка — тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, — мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць.