Выбрать главу

Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэм іка Тарле — пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.

Там мы праседзелi ў калгасьнiкаў амаль усю зiму 1942 году. Калгас выдзяляў проса — па кiляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’i, дзе я жыў, былi гаспадар-камбайнёр, якi меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка i бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, i варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я — пшоннаю кашай, што па тым часе зусiм няблага. У нас да вайны пшано было далiкатэсам. Памятаю, у Вiцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьцi… Малады ж быў.

Трудная была тая зiма, сьцюдзёная, а галоўнае — даймала адзiнота, адарванасьць ад звыклых мясьцiнаў, ад радзiмы, што апынулiся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, i нашаю зь iм задачай было забясьпечыць гаспадароў палiвам. Палiвам служыла будыльлё сланечнiку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскiх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыднi) едзеш з санкамi ў стэп, пералазiш яр i наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкiм возам перабрацца цераз крутыя схiлы было няпроста, добра нарвеш кiшкi. А як вылезеш мокры ад поту, успомнiш свой роў ля роднае вёскi, паглядзiш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзiмая старонка, i ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхiнуўся марозны стэп, нiхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзiнота, закiнутасьць, адчуваньне поўнага сiроцтва — балючыя самотныя пачуцьцi, якiх да таго перажываць не даводзiлася. Першы, але не апошнi раз было тое…

Не сказаць, што да нас там адносiлiся кепска, — як i да ўсiх. Але на нейкiм часе стала нам нязмогла, i мы з Лёшкам вырашылi рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былi партызаны. Зноў жа фронт, жахi якога памалу сталi забывацца, i нам захацелася туды. Аднойчы i рванулi. Ды недалёка. Наiўных уцекачоў на захад затрымалi на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулi ў раённы НКВД у Рцiшчаве. Там зноў пачалося тое, што некалi са мной у Белгарадзе. Дапытвалi, хто нас паслаў на мост i зь якiм заданьнем? Тое, што мы прабiралiся на захад, у бок фронту, выклiкала ў начальнiкаў недавер, нават абурэньне. I м трэба было пераканаць нас i сябе, што мы iшлi ў тыл i зь нейкаю мэтай. Зь якой?

Выбавiў нас адтуль выпадак iншага кшталту. Уначы прывялi нейкага крымiнальнага вепрука, якi тут жа, у пакоi дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакулiў усю мэблю, пачаў душыць начальнiка, i да яго кiнулiся ўсе мiлiцыянты, якiя там былi. А мы зь Лёшкам тым часам цiхенька высьлiзнулi празь дзьверы. Зноў вярнулiся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якiм штось ня дужа складна схлусiлi. Ня ведаю, цi паверылi.

Дажылi там да вясны, а затым, здаецца, у красавiку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваiх шкада, прызначылi нас, а нам толькi таго i трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынулiся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялiшне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзi тыя ФЗО-ФЗН далi часовы, але неабходны хлеб i прытулак, сталiся, так бы мовiць, прафэсыйнай акадэмiяй, нярэдка апошняй у iхнiм кароткiм жыцьцi. Бо хутка затым — прызыў, фронт i канец усяму. Толькi i ўспамiнаў з цывiльнага жыцьця — невялiчкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнiкаў…

У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуцi, падбiўка шпалаў, разводка… I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачынi не бывала. Было трудна, мазалi на далонях ад кувалды i рыдлёўкi. Затое кармiлi, што тады было важна.

У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль — на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустам і чуўся піск марзянкі — то трэніраваліся дзяўчатысувяз істкі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі — афіцэры.

У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» — з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?