Выбрать главу

Ну а ў жнiўнi 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, i адразу — у запасны полк пад Тацiшчавам. Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры — яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы — ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, — каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі — учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся. Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.

Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучыл і: мяне — у Саратаў, Лёшку — у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму — усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску — наўрад.

Тое паселiшча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многiя там спасьцiгалi сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнiчаў, вiдаць, цi не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкiя i сяржанцкiя, — для перамогi.

Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накiравалi ў Саратаўскае пяхотнае вучылiшча. Пачалiся вучэбныя буднi. Ужо там дасталося, як не даставалася нiдзе i нiколi. Кожны дзень па 10 гадзiн заняткаў — рэдка ў клясах, болей на пляцы i ў полi, — у сьпёку, дождж i мароз, у нашых клясычных, на «рыбiным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам — немцы падышлi ўжо да Саратава i бамбавалi яго кожную ноч. У асноўным цалялi ў камбайнавы завод, якi на той час рабiў самалёты, i ў нафтаперагонныя крэкiнгi. Нас на ноч кiдалi на дзяжурства — лiквiдоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыi працягваўся i пад бомбамi. Гэта выглядала так: як толькi сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлi ад iх — бы ад сонца, а ў небе не вiдаць нiчога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзiць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзiм у шчылiнах, калi загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былi i ў нас ахвяры. Але гэта нiшто ў параўнаньнi з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкiнгах зь iх вялiзнымi ёмкасьцямi нафты. Там усё палыхае, не сьцiхаючы нi ўдзень, нi ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго i хаваць. Цэлыя аддзяленьнi, узводы не вярталiся з гэтага мора агню. I так амаль да зiмы. Зiмой тое спынiлася, як немцаў акружылi пад Сталiнградам.

Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кiнулi пад Сталiнград. Пешым маршам дайшлi да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлi: палову з кожнае роты пакiнулi, а палову паслалi на падмацаваньне Сталiнграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым лiку i я. А мой таварыш зь Беларусi Коля Iваноў пайшоў у Сталiнград i, вядома ж, загiнуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьцi ягоных родзiчаў. Але ж… Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калi ноччу па трывозе паднiмаюць роту, выстрайваюць i зачытваюць сьпiсы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт. Цяпер з вышынi ваеннага вопыту i перажытых гадоў нельга не зьдзiўляцца, чаму i як там нас вучылi. Галоўнай, мабыць, як i здаўна ў расейскiм войску, была страявая — пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымi парамэтрамi ў абароне i ў наступленьнi. На вайне нiхто iх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзiр мае найбольшы посьпех, якi хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку i творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзiць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабiлi дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалi ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такiя былi зялёныя…

Пра камандзiраў можна б расказаць шмат — розныя былi. Камандзiрам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавiта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылiшча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я i вучылiшча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалi, — з чырвоным дыплёмам. Але тады толькi павесiлi маё фота на ганаровую дошку выпускнiкоў… А там — запомнiўся iнтэлiгентны выкладчык тапаграфii, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамественскi, на той час ужо iнвалiд вайны. Камандзiрам батальёна быў маёр Анцiпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалi, скарыстоўвалi ў тыле, але гэта быў ладны камандзiр, з традыцыямi старога царскага афiцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава i Цiмашэнкi. (Ды Бог iм судзьдзя.) Гэтыя муштравалi пераважна васемнаццацiгадовых бязглузда i жорстка, найперш каб самiм ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсiм. У свой час iх таксама паслалi пад зьнiшчальны агонь, i шмат хто зь iх там пагiнуў. Што трохi iх выбачае…