Увосень 43-га прысвоiлi званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалi залатыя, на якiя кожны з выпускнiкоў прышпiлiў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволi прыгожа, пайшлi сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелi — ноччу ўсiх паднялi для адпраўкi на станцыю, дзе ў тупiку стаялi пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымi печкамi, i то добра.
Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалi самi — цягалi на станцыях дошкi для нараў. Прадукты атрымалi мукой, па кiляграму на чалавека, з тае мукi пяклi на печках ляпёшкi, якiмi i харчавалiся ўсю дарогу.
А тыя прыгожыя пагоны нiяк нам не паслужылi. У дывiзii, куды ўрэшце прыйшлi, начальнiк штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялi, але палявых не атрымалi i пайшлi ў бой беспагоннымi. Я да зiмы хадзiў-бегаў у шынялi без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забiтага артылерыста зял ёныя, якiя цi не паўгоду давялося насiць на сваiх юначых плячох.
Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбiтых пад той час пляцдармах. Так што пашэньцiла — фарсiраваць Дняпро не давялося. Але i за Дняпром хапiла пекла, у якое мы трапiлi. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулi немцы. Кiлямэтраў 60 нашая пяхота i танкi адступалi на поўнач. Пасьля, трохi перадыхнуўшы, завязалi баi за Александрыю i Знаменку… Я быў у звычайным стралковым палку камандзiрам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбiтыя, баi за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбiвалi спрэс. Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставал і параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі — паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі.
Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі…
Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзел і на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, — казалі. — А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»… Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах.
Звычайна ўдзень вялi бой за сяло (а сёлы ж на Украiне вялiкiя), пад вечар выбiлi, немцы пайшлi. Але ж мы ў сяле ня спынiмся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хiба забяжыш, схопiш дзе кавалак хлеба, калi ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, i — зноў у поле. Зноў бой i агонь — выбухi мiн, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкi начальства, мат-перамат — асабiста i па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнiм сяле. Тады i мы спыняемся ў полi.
Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е — ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, — мароз змушаў калац іцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым — зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.