Выбрать главу

Зiма на Украiне, можа, i не такая лютая, як у Расеi, але таксама сьцюдзёная — са сьнегам i вятрамi, асаблiва ў раўнiнным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалi ў вучылiшчы — шынэлак, кiрзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькi трохпалыя рукавiцы i аўчынную камiзэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямi днявалi i начавалi ў полi. Каскi я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, i мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьцi зь яе! Кiдай к чортавай матары…» Перад тым на краi кукурузнага поля забiла нашага самага маладога ва ўзводзе байца — куля трапiла ў каску, калi той ляжаў у ланцугу, i прабiла яе наскрозь. Як увайшлi ў сяло, дзе пад вербамi ляжала некалькi забiтых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэлiў кожнаму ў голаў, i ўсе каскi аказалiся прабiтыя. Дык я i кiнуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, i я не пашкадаваў нi разу. З салдатаў таксама мала хто насiў каску — хiба самыя абачлiвыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асаблiва ў наступу.

Там у першым баi загiнуў мой сябра Коля Перажны, зь якiм мы ў адным узводзе вучылiся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалi па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далi пiсталетаў, якiя належалi камандзiрам узводаў. Тады сказалi — там атрымаеце. Коля так i не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньцiла болей — ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапiў, жыцьцё дажываў кульгавым iнвалiдам-франтавiком.

Мяне ж пакуль што кулi i снарады мiналi, толькi аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубiў рукавiцы i добра прымарозiў рукi. Але ў тым сам вiнаваты. З абмаражэньнямi да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок i суседзiла з трыбуналам.

Мой першы бой у якасьцi камандзiра ўзвода ня надта запомнiўся. Помню толькi, як ротны, нейкi камлюкаваты, цывiльнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў i мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапiлi пад агонь.

Залеглi. Пасьля iшлi зноў. Ноччу iшлi ў батальённай калёне. Зранку i ўвесь дзень нас жахлiва бамбiлi нямецкiя самалёты, i мы то разьбягалiся па стэпе, то зноў зьбiралiся на дарозе. Неяк спынiлiся на краi сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохi адпачнем i будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькi я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп — пад агонь з-за дарогi. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго i забiла пры другiм налёце «юнкерсаў». З камандзiраў у роце я застаў ся апошнi, таму да мяне i прыбег намесьнiк камандзiра палку — наступаць, такую тваю маць! Пайшлi наступаць — ланцугом па полi да кашары. На гэты раз нам пашэнцiла, агню не было, мы дабрылi да развалюхi-кашары, дзе не знайшлi нiкога, немцы вымелiся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлiлася пасьля, таго няварта было рабiць. Сяржант вярнуўся i сказаў, што камандзiр палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглi за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохi пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылi тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.

Пагрэцца, аднак, не пасьпелi, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлi тры бронетранспарцёры i адкрылi па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалi i без усялякай на тое каманды сыпанулi назад, да дарогi. За iмi дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў i iх няхуцавы камандзiр. Там пад абстрэлам даседзелi да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнiк камандзiра палку, якi тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калi я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывiзiю, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становiшча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якiх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?

Аднак мусiў браць. Уначы пры блiскучай поўнi пайшлi, ды хутка вярнулiся зноў: немцы не падпусьцiлi i да паловы поля. Стаў чакаць ранку i свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе — стралянiна, крыкi. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, — на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы — неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглi на дапамогу, ды спазьнiлiся.

Немцы ўжо вымелiся, а намкампалку забiты. Уранку ля школы два маiх салдаты капалi яму магiлу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзiр лейтэнант Мiргарад, зь якiм я праваяваў да калядаў. Нейкiм чынам той выпадак адбiўся ў напiсаным праз дваццаць гадоў апавяданьнi «Ранак-сьвiтанак». На стэпавай роўнядзi ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мiнамётнага таксама. Адзiным укрыцьцём служылi няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткi ды адзiнокiя сьцiрты ў стэпе. Але апошнiя часьцей за ўсё былi здраднiцкiм зманам, бо немцы здалёк бачылi, а болей ведалi, што за iмi заўсёды хавалiся, i старанна абстрэльвалi iх. А iх выбiралi для схову ад агню i ветру тыя, што былi трохi ў тыле: санiтары з параненымi, абозьнiкi, камандзiры. Там яны часьцей за ўсё i гiнулi — у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.