Выбрать главу

З баямi мы займалi вялiкiя i малыя сёлы, iшлi далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналi дзейнiчаць тылавыя службы, штабы i палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбiралi ўсiх, хто там сядзеў з 41-га. Такiх набiралася нават зашмат, — партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вiнтоўкi, што засталiся каля забiтых-параненых.

Забiтых яшчэ не пахавалi, а iхнiмi вiнтоўкамi ўжо ўзбройваюць прызыўнiкоў. Абмундзiроўкi няма, i яны так, у хатняй апратцы, зь «сiдарамi» за сьпiнай iдуць у ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзiць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.

З камандзiрамi тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькi два афiцэры — я i камандзiр роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялiлi, не было каго. Добра, калi пiсар пасьпее перапiсаць прозьвiшчы, а то iдуць безыменнымi. I гiнуць. Таму столькi ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такi быў улiк. У пяхоце не было нiякага ўлiку. Во кулямёты ўлiчвалi, гарматы, танкi. Нават снарады начальства лiчыла, бо за iх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзiн Гасподзь Бог…

Новы, 1944 год сустрэў пад сьцiртай у засьнежаным полi. Як пацямнела, бой стаў сьцiхаць, — немцы таксама хацелi сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру — пярловы суп. Той, хоць i пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў i быў сьцюдзёны. Хлеб дык i наогул зьмерзлы — секлi нямецкiм штыхом. Але нам, тром афiцэрам, менавiта пад новы год выдалi доппаёк — па жменi сухога пячэньня i баначку шпротаў на трох. Жуючы з кiшаня тое пячэньне, я i задрамаў пад сьцiртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.

А недзе на золку паднялi — батальён рушыў у наступ. Немцы джгалi трасiруючымi зь недалёкага сяла, адкуль iх належала выбiць. На той раз ня выбiлi — залеглi ў голым полi.

Звычайна немцы не любiлi блiжняга, як ён называецца, бою i нiшчылi агнём здаля. Наконт агню яны былi майстры, нiчога ня скажаш. Гэта ў нас вучылi салдатаў зь iхнiх састарэлых «драгунак», якiмi нас угаворвалi ганарыцца, рабiць 6–8 стрэлаў у хвiлiну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялi з аўтаматаў колькi маглi, а iхнi кулямёт МГ-42 рабiў 1000 стрэлаў у хвiлiну. Iхнiя мiнамётчыкi ўмелi навесiць па 12 мiнаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такiм шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другi — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалi салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калi ён страляў у баi. Тое, што было з сабой (у падсумках цi магазынах), можна было расстраляць за некалькi хвiлiнаў.

Зноў жа [ — ] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хiба за пазуху, у кiшанi. Немцы для тае мэты скарыстоўвалi боты з шырокiмi халявамi, у якiя напiхвалi магазынаў. Нашыя ж дыскi ў боты не запiхнеш. Ды й боты не такiя, з вузкiмi халявамi, а ў байцоў спрэс абмоткi. Таму на полi, у ланцугу, пяхота не страляла, эканомiла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымянiць штыхмаладзец, бо куля — дура, як вучыў «вялiкi Сувораў». Але немцы не падпушчалi блiзка, яны нiшчылi нас у полi градам куль i асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылi салдатаў i афiцэраў, практычна ў вайну не прымяняў ся. (Таксама, дарэчы, як i процiгазавыя сумкi, якiя марна цягалi да самай перамогi.) Славутыя «кацюшы» ўжывалiся рэдка, для транспарцiроўкi iхняга боезапасу патрэбны былi дзясяткi аўтамабiляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлiвала толькi малакалiберная артылерыя — саракапяткi ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але конi на полi бою жылi меней, чым жылi салдаты.

Аднойчы на пачатку зiмы я зрабiў першую спробу асвоiць артылерыю. На полi бою каля сьцiрты саломы наткнуўся на кiнутую саракапятку. Перад тым тут стралялi танкi, i гэтыя артылерысты цi, можа, уцяклi, цi iх пабiла — за сьцiртай ляжала некалькi трупаў. А снарады былi — некалькi скрынак. Як страляць з такiх гарматаў, нас у вучылiшчы трохi вучылi. I я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце ў недалёкiм сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацiк мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглi ўзяць з сабой, пакiнулi ля сьцiрты.

Пасьля невялiкага перадыху пачалася Кiраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Ленiна, як ён пiсаў, палемiзуючы з аўтарам «Мёртвым не балiць». На ягоную думку i думку Сталiна, то была вельмi пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзiшча Крамля так яно i было. Але было iншае гледзiшча — салдата з засьнежанага поля, залiтага крывёй i здратаванага гусенiцамi танкаў, на якiм быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загiнуў камандзiр маёй роты лейтэнант Мiргарад, камандзiр батальёну капiтан Сьмiрноў, камандзiр палку маёр Казар’ян, дзясяткi салдатаў ды iншых афiцэраў.