Вось, памятаю, цi ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краiне iшла калектывiзацыя, па сутнасьцi гвалтоўная лiквiдацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краiне лiквiдоў валася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хiба што паводле клясавай прыналежнасьцi. Сялян агiтавалi, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурнi», ня верылi i тым стваралi канфлiкт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палiтыкi, а як было ў жыцьцi? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы iшоў сход — некалькi дзён запар, сялянаў усё ўламвалi ўступаць у калгас. Тыя ўпiралiся — думалi, нешта залежыць ад iхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача мацi. У дзяцiнстве я дужа адчуваў мамiн настрой i звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я нiколi ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосiць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзiць бацька. Я падскочыў да мацi i пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганiзаваўся калгас». Ну, хай бы арганiзоўваўся, але чаму плача мацi? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада i выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў i засекаў. Во i кармi дзяцей! Дык мацi i плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары i пачалося. Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсii… Жалезнай хадой iшло раскулачваньне. Раскулачылi селянiна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсiх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылi за тое, што ўлетку пляменьнiца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сiла. I трэцяга — як сабатажнiка. Не хацеў уступаць у калгас, упiраўся. Вывозiлi сем’ямi. Памятаю хлопца, зь якiм вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, цi да арганiзацыi калгаса, цi пасьля… I вось ён не пайшоў у школу, i я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкi, а мой сябра хвалiцца: «Мы цягнiком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылi, i я б таксама цягнiком паехаў. А так цягнiка i ня бачыў… Арганiзавалi калгас, прыйшла вясна, даелi бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьцi ня стала чаго. Елi мякiну з травой, крапiву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нiчога не давалi. Ураджаi кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, iшло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такiя моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне i прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось i ўсё, што мы зарабiлi за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такi заробак. Але ж яшчэ з нас i пастаўкi: мяса, воўну, яйкi, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка i рознае iншае, не пералiчыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплацiць? Не кажучы ўжо, каб нешта купiць. Хоць бы штаны хлопцам хадзiць у школу. Пры аднаасобнiцтве ратаваў лён, якi сеялi, апрацоўвалi i апраналiся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалi падатак. Спаганялi страшэнна.
Той час запомнiўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькi. Звычайна ён прыходзiў з калгаснае працы, моўчкi сёрбаў штось зь мiскi, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотнi. Моўчкi курыў. Мацi яго тады не чапала, мы маўчалi таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохi крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьцi — яму, як i сялянам наогул, ня стала як жыць.
Памятаю (гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары разьвiвае конскiя путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкiя актывiсты, робяць вобыскi, каб знайсьцi, калi хто схаваў якую-небудзь кудзелю. У вёсны ва ўсiх рабiлi суцэльны вобыск, прыйшлi i да нас. А ў нас была iстопка старая, з прадранай стольлю, трохi затуленай саломай. Шукалi, шукалi, нiчога не знайшлi, i ў мяне пытаюцца: «Мальчик, где отец прячет лён?» А я кажу: «На iстопцы». Ну гэтыя: «Иваноў, давай туда!» А я… Ну чаму я гэтак сказаў? Мабыць, з непрыязьнi. У мяне папыталiся, ну я i сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзiрку ў столi. I праўда, гэты Iваноў увалiўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасьля бацька лаяў мяне: «Ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другiм месцы схаваны, век ня знойдуць…» Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць i збожжа. Каб збожжа не малолi на муку, а везьлi на млын, дзе яго маглi спалавiнiць, зрэквiзаваць, а то i проста абрабаваць. Але ж у сялян былi свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялi ў сенцах цi ў варыўнi-iстопцы гэтыя несамавiтыя прылады з двух плоскiх камянёў. Ды i што там было куды везьцi, якiх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлi гэтыя камбедаўцы, сельсавецкiя актывiсты, i зьнялi верхнi камень. На рагу з падмурку вытыркаўся вялiкi валун, дык яны кокнулi аб яго жорнавам i разьбiлi на тры кавалкi. Ну i вось жывём са збожжам, але бяз хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, цi ляжаць у крапiве аскялёпкi. Тады бацька ўначы неяк узяў iх i змацаваў у адно драўляным абручом. Набiў, падраўняў i пацiху малоў. Ноччу зьмеле, а потым абруч зьнiме i зноў гэтыя камянi — у крапiву, бы i не чапаў.