Выбрать главу

Мардацік пагаліўся, бы на сьмерць; прыстрыг сабе кучму, дастаў з куфра шлюбны касьцюм і, пакінуўшы старую хварэць у пасьцелі, падаўся ў дарогу: да сына, а потым і да дачкі. Яны, усё роўна як чакалі яго, загаварылі ў вадзін голас:

— Прадавайце, тагу!

— Не адразу, можа...

— Каму потым спатрэбіцца тое?! — заенчылі.

— А дзе-ж жыцьму з маткаю?

— Да нас перабірайцеся!

Мардацік пахаладзеў. Так і падумаў: узяць за купчую, то яны возьмуць, нават і пасварацца, а сам ён з бабкаю служкамі ў іх прымосьцяцца. Унукаў гушкаць, па-польску «пшэкаць» ня ўмеючы (бо-ж не зь беларускай мовы хлеб есьць Беласток).

Варочаўся Мардацік у вёску, як на суд рыхтуючыся, які не адбываўся. Ня выйграе яго. Дзеці не спрыяюць бацьком? А ці павінны яны, маючы перад сабою ўсё доўгае жыцьцё? Ідучы ад аўтобусавага прыстанку сьцежкаю ў жаваранкавых жытох, біўся ён зь недарэчным успамінам пра квактуху, якая, выседзеўшы качанятаў, утапілася ў лужку за выганам, калі тыя падрасьлі й палезьлі плаваць...

Мардацік запыніўся як укопаны.

Несур'ёзны лёс Пятра

У надзвычайна гарачае лета Пятро купіў дарагую кватэру ў месцы аддаленым ад магістральнай артэрыі; у квартале, што на ўзвышшы з агародчыкамі. За трыста мільёнаў.

Паназапрошваў у госьці новых знаёмых, паказваючы ім усе пяць пакояў. Бабы смакавалі французскія каньякі, а мужыкі пілі шатляндзкую віскі зь лёдам. Тэлевізараў стаяла тры: у гасьцёўні, у дзіцячым, у бібліятэцы (там яшчэ й падручны камп'ютэр). Для кока-колі, фруктавых сокаў і мінэральных водаў быў асобны халадзільнік накшталт шафы на двое дзьвярэй з дубападобным фарнірам. Кліматызацыя навейвала пахі акацыі (варыянт з ружамі чамусьці блякіраваўся час ад часу).

Напіўшыся, Пятро цягаў мужчынаў — менавіта — у бібліятэку, у якой, замкнуўшыся, глядзелі яны відэакасэты з Капэнгагэну, з рогатам запыняючы кадры з жарабцоўскімі сцэнамі. Ягоная Ліда — тым часам — хвалілася перад знаёмкамі аўтаматызаванай кухняю, ванным пакоем з херувімкамі на кахліках і, урэшце, моднымі фасонамі.

Пятра трымаліся грошы. Будучы сялянскай натуры, ён імі не раскідаўся. З пасадамі ўпачатку ня надта яму шанцавала, як ні круціўся. Думаў быў нават прыжаніцца з дырэкцыйнай харашухаю з сакратарыяту, з гэтай вечнай паненкаю з разбэшчаным падросткам. Але, разьвязка сама зьявілася: у вярхох былі заклубавалі, каб зьняць старога шэфа, і Пятро — баржджэй ад перапуду — узяў ягоны бок. Досыць трапна, аднак, прадчуўшы, што няпроста выкарчоўваецца гадамі ўрослае... І што пакуль тое будзе, ён прасунецца за час блаславёны дастаткова высока, каб не памачыцца ў наступны водаварот.

Брыняў задаволенасьцю, што спрытна ўхапіўся такі за нагоду.

Пятро, аднак, прайграў горш, чым выйграў. У вадзін месяц паабсыпаліся дабрадзеі, усе да апошняга, а прышлыя ўзялі й турнулі яго дакладна назад. Ня быў яшчэ стары, каб зноў ня выбрацца наверх. Але, на сваю бяду, нарадзіўся ён у несур'ёзным месцы Эўропы. Каб так у Швэцыі, быў-бы сёньня генэральным дырэктарам...

Кватэру давялося збыць ды перабрацца ў слабенькую; маладая жонка пасучыла за лепшым фраерам...

У самае благое папаўся Пятро на тыдзень да Новага году: за даўгі ў сьвежым бізнэсе супражнік нацкаваў на яго бандытаў, якія адбілі яму ныркі, аглушылі на правае вуха!

Стаў інвалідам.

Цяпер шмат ён разумее, а яшчэ больш чытае. Калі пойдзе на шпацыр, не бывае так, каб не пастаяў на ўзгорку й не паглядзеў адтуль у шырокія вокны тае кватэры... Зьдзіўляецца самому сабе: калі няма чаго жыць, тады наймацней і хочацца!

Бавантур

Мой чытач, усё яшчэ сярэдневяковы, зразумее, чаму Бавантур — гэта ня прозьвішча, а празыўка.

Быў-жа ён страшны нават бандытам у ваколіцы: біцца ня ўмеў і не любіў, але рэзаць (нажом у скабы або швайкаю ў жывот). Дзяўчатаў, праўда праўдаю, не чапаў, маючы да іх свой гонар. Бацькі пры ім — не скажу, каб мелі добра, але й ня бэсьціў іх занадта; матку то й зусім толькі лаяў.

Вясельле Бавашура, як аніякае іншае, памяталі мы. Узяў ён брыдкую, як ноч, азярышчанскую хутаранку зь неблагім пасагам. Згадзіў за яе дзесяціну сенакосу пад Туркавым крыжам і чацьвяртушку пшанічнай зямлі за Доўгім выганам; карову, пяць авец, чатыры калоды пчолаў. Цесьць, да канца ня ведаючы, з кім завёў сваяцтва, здумаў быў круціць перад самюткім шлюбам маладых, чаго й пашкадаваў назаўсёды. Пасадзіў яго Бавантур на лаву, сказаўшы: буду вашым зяцем, то не згарыць вам стадола ані, крый Божа, хлеў. Усенькая басота на вярсту абыходзіцьмець агарод з садам... Я вам, татку, гэта прысягаю, як Бавантур Бавантуру! — і дакінуў старому, каб музыкаў наняў, ня кажучы пра гарэлісты стол. Стагні, не стагні, багатыр, а мае быць, як гавару, во, чорт вашу радзіну ня браў, з постам ня есьць...