Выбрать главу

Хліснуў пярэпалаху і я. Фронт стаяў і стаяў, бахаючы ў вагародах і ў полі, а мяне ціснуў той мус у прыбіральню, даволі далёкую, — каб яна згарэла! — у купе чорнага бэзу ў закуцьці. Бацька, паваяваўшы ў свае гады, набыў практыкі, і ў гэтым, аднак, я пасаромеўся яго, мог яшчэ трываць... Выбухі, раз-пораз, прыпыніліся, і бацька штурхнуў: паўзі, во, туды! Толькі я гэта высалапіўся з тае ямы — як грымнула ды бліскатнула блізкім перуном у месцы, куды мне трэба было! І доўга крапацела на нас, усё роўна як бы нехта на хмару залезшы зьдзекваўся над намі й апаганьваў...

Так разарваўся апошні снарад у фронт.

Немцы змыліся.

Галячыха

Сорамна мне, што не магу ўспомніць імя Галячыхі... Была ўся з дабрыні. Памерла, й забылі пра яе. Гаварылі пра ейнага чалавека, пра сыноў. Па бацьку ўдаліся яны, не скажу, каб бандытамі, але хлопцамі жулікаватымі ад малога. Кожны з трох набраўся ад старога чагосьці аднаго. Большы падаўся ў сьвет разбойнікам ды прапаў дзесьці ў Польшчы (казалі: пазнанцы ўтапілі яго ў рэчцы). Сярэдняга згубілі бабы; шаферыў на далёкіх маршрутах і назаводзіў каханак, чаго не стрывала ягоная мазурская жонка (зарэзала кухонным нажом, падлу). Меншы піў, ці не ад самюткага дзяцінства. Пачынаў з бацькам. Калі той пайшоў за савецкую граніцу невядома чаго й больш не вярнуўся, сеў Віценька на матчын грош.

Скакаў біцца да яе, як толькі ня меў за што схадзіць да патаемкі. Яна ўцякала тады з хаты да нас. Рабіла гэта так, што мы пра нішто не здагадваліся. Прыходзіла, бывала, што ні дзень зь вечарам. Прасілася чамусьці ў ванны пакой, усенька разглядаючы ў ім зь нейкім барбарскім прыстрахам... Ажно ўгледзелі, як заходзілася яна там нямым плачам па Віценьку, які адпіў здароўе й забралі яго ў павятовы шпіталь.

Пакуль жыў дажываючы ён, чыпела й яна. Пахавала яго перад Калядамі, у белавокую, адліжную, сьнегавіцу. Зіму перазімавала, каб легчы ў зямлю ў цёплы й зялёны поўдзень, неяк пасьля Юр'я. А калі варочаліся ўсе з могілак, зьнецярплівелыя пакрысе жалобнасьцю ў такую ясноту палёў, нехта сказаў пра нябожчыцу: не сьцярпела харошасьці бязь Віценькі...

Бацькаў дом

Новы дом бацькі, хоць і гмахам здаваўся тады, галеў беднасьцю. Пабудаваны быў, як і ўсё ў нас, майстраватай бесталаччу. Асядаў гадоў дзесяць, з поскрыпамі бэлек і тарарахам у вуглох; чарапіцу на яго рабіў зусім прыдурак, затое танна. У пакоях, з панскімі — для завідлівых — вокнамі й з вышынёй як бы палацавай патыхала запушчанасьцю: шпалеры, наклееныя ў самым вялікім зь іх, трэскаліся ды маршчыніліся накшталт дыдактычнай мініяцюры альпійскіх гор — бачаных бацькам у нямецкую няволю, зь якой гэта ён прынёс заядласьць у сабе зажыць не па-тутэйшаму, прасторна і ў паўгарадзкой выгодзе.

Такой будовы людзі нам не даравалі. Бацька так нічога й не закончыў у ёй.

Ён старэў, як сьвечка гасьне (трохі й расьпіўся быў). А я, шчабятлівы характарам, па-ластаўчынаму выпырхнуў у бясьпечны Беласток. Там сваіх ужо дзяцей гадаваў, і мора мне было па калені. І пасьля сьмерці бацькі спатрэбілася гадоў і гадоў, і глыбокай старасьці маці трэба было, каб уцяміць, што няскончаным домам нашым я павінен заняцца.

Магчыма, і таму таксама, што ў мяне завяліся большыя грошы ды й сыном маім выраслым ніадкуль мець кватэру ў трэці польскі крызыс...

Насамперад аплянаваў я зграбны плот. Гаварылася мне з майстрам, маладым, лёгка й прыемна (як з кожным, хто пабываў далёка і ў чужых). У прызабытай глушы бацькаўшчыны я мілаваў яго, бы героя нашага часу: малайчына, ён першы вярнуўся да сваіх! Мы прыгожа сказалі й пра беларускі патрыятызм, наастатак адзін аднаму. А плот ставіў ён потым, рыхтык як той Бязбожнікавы Франак калісьці ксяндзу, аж пробашч пачаў дурыць галаву самому Богу малітвамі аб канцы гэтай работы.

Дубападобную панэль і мэблю я абачліва заказаў у былым павятовым горадзе ў хвацкага столяра. «Будзе, проша пана», — адказаў ён мне праз цэлы Божы год і ў другую вясну. Усякае наадбывалася паміж намі, і я — бяссоньня нажыўшы — прызнаў: з плотам як-ніяк пашанцавала. Я дапамагаў столярыся дзяцей ёй няньчыць і агарод праполваць, каб толькі не было яму чым выкручвацца перада мною, бракам спакою ад бяздарнасьці бабы (знаёмцы не ўпаткалі мяне тут, то й ганьбы мне, лічы, няма). Столяр — ён дбайна не выдаваў сябе халопам — кінуў усенька й зрабіў нават больш усяго таго, за чым я заходзіў, але тады, калі западозрыў мяне, што я дабіраюся да ягонай жонкі, зіркастай і рагатлівай гультайкі; гэтым ён як бы падказаў спосаб, якога я й спрабаваў у гэшэфтах сваіх пасьлейшых з гыдраўлікам ды дастаў у морду. Я мацней і мацней зьдзіўляўся мноству тае мэблі ўсюды, шыкоўнай не па-фабрычнаму! Хто-ж гэта яе тады вырабляе?