Выбрать главу

З гыдраўлікам-жа зьвязаўся, бы вады напіўшыся, хітра й вопытна: рамясьнюга, ведай, думае ня столькі пра тое, што табе парабіць, але чаго й як не зрабіць, а грошай зь цябе настрыгчы. Мы гарласта пілі барыш ашуканцаў, ход з майго боку быў просты: глядзі, во, жывая зь мяне аказія табе дзеля дарэмшчыны! Ён і дзюбнуў гэтую прынаду, яшчэ й матэрыял уласны дэкляраваў мне, за які я яму тут-жа задатак жменяй на стол паклаў. Прайграе той, хто ўзрадуецца, і хоць я ўжо сьпяваў за чаркаю, але шчыраваў ён, і таму верх потайны мой пакуль што быў.

Мантаж ваннага я ўпільнаваў да апошняе шрубкі (гікаўка ўрэшце зьнясіліла мяне ад перапою зь ім). Ён адбіваўся, калі я сьцягваў яму з ног у пасьцелі боты; начаваў, зараза, тыдні тры. Уставіўшы радыятары ў пакоях, у перадпакоі й на кухні, і жалезную печку цэнтральнага, некуды сплыў ён мне з вачэй (яму не хапала дэталяў, і ён казаў: пашукаю добрага й недарагога злодзея). Я ня браў гэтага ў галаву, напытваючы тым часам, дзе-б мне бэтоншчыка наняць, каб пазбыцца гразьзя вакол дому й каб-жа цымантавым тынкам ардынарны фундамант прыхарашыць. Згадзіў я такога ў самім Беластоку, трохі сьледам за падбеластоцкім гыдраўлікам. І ў гэтым выпадку не абыйшлося без сакрэту — майстар еў хлеб свой з венгерскай кантрабанды, бэтонамі займаўся для камуфляжу, работу ён мэнчыў. Ён зьявіўся ў нашым доме як чацьвёрты, і маці ня вытрывала са сваімі благімі прадчуваньнямі.

— Яны зарэжуць цябе, сынок!

Сказала яна, бы ў крыніцу гледзячы.

За ім, за гэтым варацілам, папрыбягалі, усё роўна што сабакі на спажыву, і той-жа малады, каб яму я за плот даплаціў, бо грошы ўпалі й слаба са спэкуляцыяй далярамі, і столяр (папраўдзе: скупшчык золата цыганом) тую бабу сваю прыслаў, бо агледзеўся, што замала ўзяў зь мяне, і гыдраўлік знайшоўся. Гыдраўліку нешта яўна не ўдаваўся продаж заежджаных «фіяцікаў», якія набываў за бесцань і аднаўляў.

— Маразы йдуць, — загаварыў, ледзь пасьпеў я разявіцца на яго. — Вада як вада, замерзьне возьме ў цэнтральным, калярыфэры патрэскаюць і руры, а каштуюць яны, ой, каштуюць...

— Ты-ты, — ускіпеў я ад раптоўнага здогаду: ён чагосьці не дарабіў назнарок!

— Лічыся, пан, са словамі, абразіш, дык гонар мой цану зацэніць, прыкінуўшы збольшага, падвойную, калі што, — супыніў мяне гыдраўлік.

Я аддаў ім усё, што меў і чаго ня меў грашыма, і страшэнна запазычыўся. Я пахаладзеў, я ня думаў, я чагосьці не разумею, я папаўся...

Прысьніўся мне бацька, дзіўна прысьніўся: ён маўчаў і я маўчаў.

Доўгая сьмерць Крынак

У заімшэлыя Крынкі, куды зьнікае правінцыяльны шлях, прыяжджаюць рэйсавыя аўтобусы. Яшчэ з пасажырамі. Зьяўляюцца й аўты, абнюхваючы ўпатканыя завулкі, каб упаўзьці ў нечыя вароты (пад брэх сабарна). Часам ламарэньдзіць паміж платамі грузавік з брызэнтавым гарбом, сунучыся ў шорганьні галіноўя запушчаных прысадаў (нешта вывозіць). Прашляпае забарадзелы абадранец; дзесьці кідае ябукамі, бы каменьні на крушню, малады п'яніца.

Тут чамусьці ўсё восень, ці лета а ці зіма. Не зразумець мне, дзеля чаго жывуць у Крынках людзі. Даўным-даўно павінна іх ня быць; урослыя ў зямлю будынкі й размытыя вуліцы тут будуць укрытыя сьвяжуткімі бярэзьнічкамі, грыбнымі пералескамі. Пушча атуліць непатрэбную ў капіталізм ваколіцу: на колішніх загонах забуяюць мядзьведжыя маліньнікі, завядуцца дзікі пад дубовымі падрубамі й пачнуць пасьціся казюлі на ўтравелых прыгуменьнях... Позьніцца прыход сюды новай цывілізацыі гораду й лесу. Вінаватыя ў гэтым, вядома, палякі, перабіраючыся ў пакінутае беларусамі фэадальнае староньне. Бессэнсоўна яны мяркуюць, што хоць у Крынках, гэтым пасьляхалопскім цені гораду, можна выжыць... А ў іх-жа магчыма толькі ціха памерці.

Выезд у смутак

У ноч з суботы на нядзелю даязджалі мы да першага на ўсход ад Польшчы мільённага гораду. Не было гэтага відаць па зубарэдкіх агнёх у захмараным даляглядзе, але мелася намі добрая, амэрыканская, мапа. Наш «форд» нарэшце выскачыў зь беларускае дарогі на нешта даволі шырокае й гладкае; на аўтастрадку... Джэк Іванюк падціснуў газ да ста васьмідзесяці; вялізнымі пацеркамі замільгацелі за шыбінамі слабамоцныя машыны тубыльцаў. Джордж Анісімовіч заўзіраўся ўзад, ці ня села нам на хвост нейкая раўня; яго не пакідала шпіёнаманія.