Заставаліся квадрансы, каб дабрацца да базы, што на адной з пэрыфэрыяў, дзе начэквалі нас з начлегам. Нельга заблудзіцца ў гэтай заходнярускай сталіцы нерасейскай дзяржавы, валодаючы ненавіснай у ёй беларускай ды экзатычнай ангельскай мовамі; напытваючы адрас, маглі-ж напароцца на шавіняка кантынэнтальнай імпэрыі. Арыенцірам паслужыць пляц з помнікам Чорнаму Чалавеку; за ім — сказалі нам яшчэ перад выездам сюды — узвышаецца мадэрны комплекс, не пабудаваны якраз на Манхэтэне.
Мяне праймаў мінорны настрой. Выгледжваў я цёмныя вёсачкі ў сяк— так асьветленай — ужо ў прыгарадзе — паласе таго магістральнага шляху, ціха зьдзіўлены, што ў іх усё нехта жыве; млява сьвяцілася ў просьценькіх вокнах. Не хацелася ехаць у гэтую мацярынскую мне краіну, якой напляваць на дзеці. Падкусіў-жа ліхі пакінуць свой дом пад вішняю ў яблыневым садзе, у даліне са старадаўняй мясьцінаю, і выперціся з Джэкам ды Джорджам; замануўся ім, вось, рызыкоўны бізнэс. У такую понач я-ж цёпла кладавіўся-б спаць у рагавым, блакітным, пакоі, пачытаўшы ў фатэлі, што пад фікусам, кавалак «У палескай глушы» або кніжыцу «Жменя сонечных промняў». Назаўтра-ж, для пярэдыху пасьля працяглага пісаньня, заграбаў-бы высахлае ў палацьцё бабамі пустазельле й паліў-бы яго з бульбоўнікам ад скарасьпейкі (дым малочнага адценку валіў-бы ў разбуялы маліньнік, што ў нізку).
Разьмясьцілі нас на высокім паверсе жыльлёвага корпусу, у акуратнай на першы выгляд кватэры, адкупленай фірмаю на гасьцёўню. Я к быццам усенька было ў ёй, нават душ. Зусім ня горш, чымсьці ў чыкагаўскім Джэкстаўне, дзе эмігранты дабра нажылі ды ўнукаў, прыемна распанелых, прычакалі (на славу Амэрыцы, вядома). Ранкамі наведваліся двух у капелюшох, трохі як блізьнюкі, і прыносілі ежу, каб ніхто ад нас ня бегаў у пустыя крамы з бурклівымі прадаўшчыцамі (мы не дадумаліся, што тут мець грошы — гэта яшчэ далёка не ўсё). Сытна пасьнедаўшы на кавалерскі манер — хлеб, кілбаса, масла, сыр, — усядаліся ў сваю сэнсацыйна доўгую й бліскотную аўтамашыну ды кіравалі пад казённыя палацы, праводзіць там перамовы настолькі нялішнія, як візіт жаніха да бацькоў цяжарнае нарачонай... Пасьля чаго — балаганна, але смачна, абедалі ўсё ў тым рэстаране для замежнікаў (рублі даставаліся за бесцань). Прыцемкам заходзілі невялікімі шайкамі да нас прыветныя тыпы, ставілі гарэлку (з попахам нафты), і мы заводзіліся зь імі на мэтысізаванай мове. Калі на пяты дзень будаваньня гешэфтаў у гэтым безнадзейным староньні ў мяне пачаліся прыступы мэлянхоліі, мы, бы на крылах, павярнулі дамоў.
Вятрыскі ў нас ад выгану з багоньнікам; гудзяць у коміне ды пасьвістваюць у лапухах, цубаняць дажджамі па высокай адгэтуль сьцяне дому, а ўзімку накурганьваючы каля яе сьнегу. У жніво налятаюць яны ад паўднёвых палёў з пахамі сьпелага збожжа й ссохлага палыну. Буры з грымотамі наводзяць паганскі пярэпалах. Як-жа па-райску пасьля таго бярэцца зелянець агарод: кучаравіцца моркаўка, выструньваецца буракоўе, агурэчнік у квецені нагадвае сабой аселы зь неба дзівосны дыван, акурат побач расьцьвілага маку, а лісьці гарбуза, што ў бульбянішчы, сьмешна падобныя на чуйныя вушы сьвіней, затоеных у шкодзе... Тады нават сваркі вераб'ёў са шпакамі за будку на шчытовішчы здаюцца весялосьцю.
Пад старою яблыняй з павіслым ад пладоў галіноўем знаходжу я апалыя папяроўкі, празрыстыя ад высьпеласьці, у якіх, калі глядзець на іх пад сонца, відаць зярняткі. Ем з лакомлівасьцю падлетка, што залез у чужы сад. Вачыма ўявы бачу я нябожчыка бацьку й тое, як ён крывіцца на маё гэтае смакаваньне: «Яблычкі табе ў галаве, а не работа!»
...Дзяцеліна пад Глінішчам уся ў ранішняй расе. За паласою яе й за дзічкаю ружавее палетак канюшыны, якую косяць ад другога канца. Адтуль, угледзеў я, сігае заяц, імчыць ён — здаецца, — проста на мяне, ад чаго я аж разгубіўся, мала не ўпусьціўшы з рук сьняданак, што прынёс тым дзядзькам. «Ла-ві-і-ііі, ла-а-ві-ііі яго! — лямантуе нехта зусім побач, і я баюся азірнуцца на гэты крык, і ўшчэмліва трымаю пацяжэлы вузялок. — Эх, недарэка ты...» — гэта ізноў да мяне, і робіцца мне страшна, быццам той нехта зараз сьцебане мяне пугаю. «Нашто ён мне, гэты заяц? Не хачу я яго!» — калачуея, як перад якім апраўданьнем.