Выбрать главу

Пасьля таго, ходзячы ў поле, я абыходзіў гэтую мясьцінку, хоць было тут хораша.

...Стаяць аднаму ў крынічнай рэчаньцы ды пад высокім небам канца лета. Яшчэ не адлятаюць журавы й дзікія гусі, а ўжо перацьвітае поплаў і пусьцее поле. Босыя ногі заносіць пяском быстрая вада, яна жывым срэбрам паблісквае пад стромаю з гняздоўем плісак. На бяскрай пожні выгналі авечак і кароваў без пастуха, а ў пыльных прыгуменьнях буяць малатарні. І чуваць гвалт торгу ў мястэчку, за хатамі з садкамі, у якіх залацеюць грушы, усё роўна бы абсыпаныя медзякамі дзеля незвынайнасьці якое, ды трохі па-дзіцячаму румяняцца зімовыя яблыкі. На загонах у нізках клапоцяцца гаспадыні, відаць і дзяўчат (іхнюю паненчынасьць пазнаюць па нецярплівасьці).

Стаяць самому сабе перад усім і ўсімі, у гаснучае лета, але перад сытай восеньню. Селяніну гэта зразумець! Калі гэта праўда, што без задаволенасьці няма прыгажосьці, дык і я ведаю, чаму падабаліся мне кастрычніцкія імжа й сутоньне, апалая лістота й завугольны вецер, дождж на шыбах і рыпат весьнічак... Таемнасьць поначнага падворышча. Цяплынь пасьцелі ў дажджоўе, сон пра сьвежаваньне (запах ад смаленага саламяным агнём кормніка, якога калолі пад Каляду).

...Завялася ідэя: закончыць школу ў горадзе й убіцца на работу ў фабрыцы. Ад яе мы ў выпускной клясе пачатковай школы чуліся, як у застуднай гарачцы. Тое й тое далося нам потым, ой, нялёгка: першае — ад вясковай недавучанасьці, а другое — ад дзярлівасьці новага сьвету. У свае прыезды на вакацыі прыбілася да мяне (і не да аднаго мяне) нейкае парабкоўскае крыўдаваньне на матку-бацьку, злосьць на гаспадарку й зямлю, на цэлае гэтае запацелае ад натруджанасьці йснаваньне; ад натужлівай працы гнаіліся маладому скулы.

На Пятра й Паўла адбываліся музыкі; былі гармоня, скрыпка, бубен. Чакалася таго, каб хоць на каротка адлучыцца ад паспалітасьці, узвысіць сябе слоўцамі й манерамі сярод тых, каму не наканавана завідлівая будучыня ў занебакрайных далячынях. «Мой пан ідзе», — пачуў я пра сябе ад маці ў замгнёную рань, сам ледзь на нагах ад танцаў. Яна таўкла ў цэбры бульбу кормніку й з прыхільнасьцю зірнула на мой франтаваты стан (мне было ўжо блізка да праўдаў жаночае долі, менавіта да чарнабрывай загледжанасьці ў павярхоўную гожасьць).

...Здарылася са мною й такое, у даросласьць, калі, упіўшыся, пакінуў я без дай прычыны кампанію ды пасунуўся ў глыб ночы. Цьвілі ліпы, пахацелі паненскія агародчыкі, устаялася была паркая ціш. Я, даўно ня быўшы ў сваім мястэчку, маячыў у ягоных вулачках. Уразіла мяне бязьлюдзьдзе ў ім, усё роўна што ў паморак або ў — не забытую — апошневаенную акупацыю. Гэта-ж тады, у тую перадпоўнач, я зразумеў, што йдуць часы, у якія чалавек ня будзе рады чалавеку. І ўсё думаў, адкуль яны такія набліжаюцца й дзе іх пачатак (?)... Зьяўляліся зь дзяцінства тлумныя пагулянкі, кавалераватыя хлапчыскі, дурэючыя ў вечаровых залётах ля вяргіневых платоў, попіскі дзяўчынят з брыняючымі грудзьмі, выглядкі з расчыненых вокан цікаўлівых цётак і мацярок, увесь той вэрхал задаволенасьці. А кожны выяўлены твар наводзіў думку пра зьменлівы лёс. У сьвітаньне прычапіўся да мяне, бы сабачук, якісьці п'яны, па яго балбатні — прывалочаны сюды: яму трэба было грошай пазычыць у каго.

...Ніхто ня ведае, ці калі было добра ў вёсцы. Мяркуючы па тым, як ад самое старажытнасьці людзі імкнуцца ў гарады, трэба лічыць, што гэта й ёсьць адказ.

Я ўсьведамляю сабе, што чароўныя вершы пісаць пра сенаваньне можа той, хто не цягае касы, ня ходзіць за плугам. Паэзія заглядвала пад страху здавён-даўна разам з валакітамі з доўгімі торбамі, потым навейваў яе ветрык ад цыганскіх вогнішчаў ля рэчак, а яшчэ пасьля папахвала ёю ад асьвечаных паняў і панятаў, і, урэшце, улятала яна бясшумным анёлам за белатварым кніхнікам манастырскім або, усё часьцей, з боку гораду. Ад валакітаў браліся вясковыя мудрацы без свайго хлеба; ад цыганоў песьні павяліся пра каханьне няшчаснае, вычварнае ўсё-такі ў несьціханы тады холад, голад і паморак; паняты напусьцілі ў хату бабам моды квяты тыя сеяць замест радка буракоў ці морквы; кніжнікі ў касьцюмах плялі дзецярні ў школках пра хараство поля, а на ім гэта цівун надаваў бізуноў ратаю, і пра лугоў хараство вярэдзілі, ад касьбы-ж на якіх горкі пот заліваў вочы, і пра неба гэтак-жа, зь якога, калі не навальніца зь перунамі, дык суша пякла або Бог сварыўся. Хвалілі яны вёску, бы на сьмех які! І нашто ім тое было патрэбнае? Колькі-ж год і вякоў мужык толькі й ведаў чакаць таго, каб перастаць быць мужыком (у казакі падаваўся). І прычакаў, дзякуй Табе, Божа Ўсямоцны!