Ключ узяў я ды павесіў у нашай адрынцы, высока й за дзьвярыма.
Было потым работы, і мы не дурылі сабе галавы Самасеем, да таго часу, калі пайшлі чуткі, што ўночы абакралі яму гумно: зладзеі вынесьлі — казалі людзі: браты Фэлькі, — дзесяць мэтраў першага намалоту пшаніцы й добры пуд насеньня канюшыны. Мы здагадаліся, што цэлы гэты ключ можа наклікаць на нас бяду. Зайшоўшы нарэзаць сечкі, я зьняў яго зь цьвіка й, счакаўшы змроку, прабраўся ў поле, да крыніцы, у якую кінуў пад хваробу знаходку. Жалезка булькнула ў аблямаваную лядком ваду, бліснуўшы ў месячным сьвятле, быццам рыбка на глыбіні. Навакольле ўкрыў іней ад раньніх прымаразкаў, і я, каб не нарабіць сьлядоў за сабою, адыходзіўся па падмерзлым ворыве, абмінаючы ўтравелыя мясьцінкі.
Мы трохі падумвалі яшчэ аб тым, ці гэта ключ быў Самасея...
Даў Бог, усё шчасьліва нам адбылося.
Як жыць без ката й сабакі? Але, на гаспадарцы. Тым больш — пастарэламу мужчыне ды яшчэ бязьдзетнаму ўдаўцу, гэтаму Антону!
Кот у яго называйся Баньдзіт, а сабака — Малюта.
Баньдзіт жыхараваў на гарышчы, Малюта-ж — у сенях. На разбоі свае кот вылазіў празь дзіру над апухаю, а сабака старажыў сядзібу, цікуючы з-пад падрубы (пад якою выграб сабе ямку). Сам-жа Антон выседжваў вечары ў кухні, у тым яе месцы, дзе стаяла ўчарнелая печ з выкаўзанай ляжайкаю. У колішні пакой ён наваліў быў каменнага вугалю, ажно праламалася пад ім падлога. Уставіў туды й разьбіты ўлетку матапэд, а таксама даваенны ровар, на якім, у маладосьць, падвозіў у нядзелі дзяўчатаў, што кветкамі йшлі ў царкву; пыліла лахмоцьце й пабрэнь— квала запавуцінелае ламарэньдзе.
Жылі тут чалавек з катом i сабакаю, як быццам на трое душ.
Антон цягавіта гаспадарыў ва ўсе чатыры поры году. I нават падзарабляў ён у лесе як дрывасек, ня столькі з прычыны жыцьцёвае нявыкруткі, колькі, менавіта, дзеля нагоды прыдбаць лішні грош у кішэню.
Баньдзіту дык зусім не было галадухі.
Часам, праўда, шпарыла яго па хвасьце тая кабета, што наведвалася ў гэты бесталачын хутарок ды наводзіла ў ім усё тыя-ж парадкі (пасьля вячэры, Антон дубасіў яе чамусьці на мяшкох з мукою ў каморы). Даставалася тады й Малюце, які, замест даць драпака ў зарасьлі чарносьліву, скавытаў i падлізваўся бабе. Яна адыходзіла адсюль пасьля трэціх або й пятых пеўняў, не пазьней як на сьвітаньні, нарагатаўшыся з гаспадаром.
Вярталіся сюды спакой ды бесклапоцьце. Баньдзіт, іншы раз уранак, неяк спачувальна пазіраў са свае вышыні на таго Малюту ўнізе, які дрымотна лыпаў на яго бельмакамі, i здавалася, што ў такую хвілю яны думаюць пра адно й тое-ж: чаму гэта кот з сабакаю не зжывуцца?
Антон тым часам утомна храпацеў, як пшаніцу прадаўшы, пакуль не будзіў яго піск галоднае сьвіньні з парасятамі (авечак ён не трымаў, а карова-ж, ад старасьці, рыкала мала й глуха). Яму сьнілася пагода. Ягоную ўціхлую здаволенасьць можна было параўнаць зь ліпаю, калі яна цьвіце ў касавіцу, у закуцьці прыгуменьня, за якім беляхціць палоска грэчкі, запахацеўшы асельле ажно па ельнік з Барсуковаю гарою.
Баньдзіт па-свойму пачуваўся гаспадаром на хутарку: пацукоў біў з разважанай заўзятасьцю, наскокваючы на ix з агароджы ў сьвінятніку, дзе любілі яны матлашыць; затое-ж мышэй ён як бы пашкадоўваў, каб не зьвяліся яны, ці што. Малюта ня меў столькі занятку, зладзюгі паітрападалі, пужаў толькі зайцоў, што панаджваліся ў капусту; абачліва пабрэхваў на дзікоў, дратуючых бульбоўнік за садком з гушчэчаю смуродзінаў. Антон упаляваў быў з абрэза ўгадованага адзінца, якога ледзь адшукалі назаўтра, у сырадэлі каля Сьмяцюховае сасны (куля разьвярэдзіла яму вантробу).
Сабацы даводзілася набрацца жуду, калі ў маразечу прыбіўся сюды воўк ад Верхрадулінскае дарогі. I кату тады рабілася сьцішна.
Але Баньдзіт не застаўся-б сабою, калі-б утрываў без чаўпасы (ён будзе век зьдзіўлянца сваёй дурноце!). Здарылася зь ім такое: неяк дабраўся да бутэлечкі з валерыянам, выкаціў яе са шкапчыка, разьбіў i налізаўся таго дуру як трэба. Антон-жа, нічога ня скеміўшы, спалохаўся ня ў жарт тым, што Баньдзітка ашалеў, недзе скусаны пацамі або развалацужанымі дварнякамі... Хітра займеў ён прыяцеля ў салявы мяшок і, быццам у падзяку яму за службу, панёс у поле цкаваць сабакаю.