Выбрать главу

— Кіра, я не магу знайсьці рукавіцаў, — ён, мокрыя ці сухія, засоўваў іх у кішэні паліто.

— Сохнуць у ванным, — яна, пераважна, тады пачынала злавацца.

— Ага, — палохаўся ён падсьвядомым, ранішнім страхам: "Праз халерныя рукавіцы ў нас можа дайсьці да разводу!"

Кіра бралася мыць пасуду. Сьцяпан цалаваў яе ў вушка й выходзіў з кватэры. Ад яго пацалунку яна як бы прысядала... У закутку, паміж абагравальнікам i акном, павук снаваў сваё накшталт мініяцюрнай антэны. Дзіўны павук, якога хацелася клікаць "Васькам".

— Зь мяне, Сьцёпанька, нядобрая жонка i благая гаспадыня, — аднойчы сказала яна.

— Табою, як жонкай, я цалкам задаволены; ну, а як гаспадыняй — скажу табе — я да непрыстойнасьці захоплены! — адказаў ён, прыжмурыўшыся ва ўсьмешцы. Такую горбу аладак, i так смакавітых, магла напячы толькі мая Кіра. Толькі яна!

— Знайдзі мне працу, — Кіра ні трохі не жартавала. — Хоць абы-якую й абы-дзе...

— Мала табе, Кірачка, працы дома? — ён штосьці прадчуваў. — Ого, зажадалася падвойную плату мець...

— Я, Сьцёпа, не жартую.

— Бачу, Кіра. Бачу...

Нешта сарвалася ў ім; не стрымаў ён нагрузкі дня, вельмі нэрвовага дня, i сказаў ёй, праўда, залішне па-грубіянску, многае, чаго, зрэшты, не шкадуе й па сёньня. Добра, Кіранька, я пашукаю табе працу. Не, не ў сваёй установе, бо гэта зашкодзіла-б табе, ты не магла-б узвышацца на службе: муж i жонка ня могуць быць адначасова важнымі. Ведаеш, Кірушка, знайду табе я месьцейка ў фірме з разумным дырэктарам. Думаю, ты не супраць таго, каб працаваць пад кіраўніцтвам разумных... Але няхай табе, мая ты Кірулька, не здаецца, што інтэлігентнасьць у чалавеку зьяўляецца нечым пажыцьцёвым. Асабліва — у дырэктароў! Твой першы пэрыяд штатнай працы праміне, ну, быццам мядовы месяц: у цябе, напэўна, знойдзецца шмат жаданьня выконваць свае абавязкі выключна добра, а ў дырэктара-ж — разумець цябе й дапамагаць. I так яно, фактычна, будзе. Неўзабаве ты, Кіраня маё, пойдзеш далей i тады сутыкнесься зь незразумелым: удасканальваньне працы, значыць, i фірмы, акажацца шкодным ёй... Дырэктар растлумачыць гэта па— свойму. Не паслухаесься яго — пазвоніць табе аднаго дня, па ўнутраным тэлефоне (ты пазнаеш яго па голасе!), i скажа прыблізна наступнае: "Вы перастаньце пісаць i вазьміцеся за працу!" Ён выключыцца, пакуль ты, Кірушка, пасьпееш разявіць роцік, а прытым падумаць: "Што здарылася? Заўсёды гаварыў ён да мяне: пані Кіра! Гэта жарт. Хтосьці, у каго голас падобны да дырэктаравага, пажартаваў i рагоча сабе ў каторымсьці пакоі дырэкцыі..." Як-жа бяз дурняў жыць на сьвеце? Бяз дурняў — панура, сказала-б пабочная асоба наконт твайго канфлікту з шэфам. Ты, вядома, дурнем палічыш дырэктара; нейкая рацыя ў гэтым будзе. Ды ўся справа ў тым, Кірушачка, што кіраваньне даверанымі інтарэсамі, як кожная штатная праца, мае абмежаваны характар. Таму, пані Кіра, у нашых умовах, нашай фірмы й суседняй, той, хто перарос даручаныя яму заданьні, можа зрабіць, па праўдзе кажучы, адзін крок: альбо пашукаць сабе іншую, болей адпаведную, працу, альбо заняцца бурлівай грамадзкай дзейнасьцю (найлепш — далёка ад радзімага асяродзьдзя). Заўваж, дарагая, што, застаючыся хатняй гаспадыняй, ты не прымушаная ступіць таго кроку. Усякая твая ініцыятыва, накіраваная на ўмацаваньне хатняй фірмы й яе ўдасканальваньне, будзе вітацца доўгімі, працяглымі, нямоўкнымі н авацыйнымі воплескамі з боку інтарэсаў, якія ты бароніш, гэта значыць, з майго боку. Ясная справа, да таго часу, пакуль не павырастаюць нашы дзеці, якіх ня маем, але яны — я ўпэўнены ў тым! — будуць; дарослыя дзеці, як слушна здагадваесься, рашучым чынам абмяжуюць тваю барацьбу за разьвіцьцё інтарэсаў, натуральна, усё больш супярэчных зь іхнімі, нам дзіўнымі...

Кіра маўчала.

Яна ў той вечар наогул не азвалася словам. Выйшла з кухні ў пакой гаворка адбывалася ў кухні, за абедам — напахнёны сьвежымі кветкамі, і там глядзела тэлевізійную праграму. Сьцяпан прыхінуўся да акна, таго самага, ля якога ў зімовую пору ажыў павук, і прыглядаўся да вулічнага руху. Ён любіў наглядаць за паводзінамі пешаходаў і машынаў, знаходзячы ў гэтым яснасьць сваім думкам. Кіра, калісьці застаўшы яго пад час такіх назіраньняў, спужалася. Здарылася што? Га? Кажаш, нічога... Дык чаго глядзіш туды, што? Нехта сочыць за нашай кватэрай? Ніхто, кажаш, ня сочыць... Ну, што цікавага ты ўгледзеў там? Адыйдзі ад акна, бо суседзі падумаюць, што мы — пляткары, цікуны языкія, гультаі! Што? Так могуць думаць у вёсцы? А Беласток — горад?