У Сьцяпана Сумленевіча нараджалася крыўдаваньне на жонку. Гэтае пачуцьцё яшчэ ў ім не ўстаялася, і можна было-б пазбыцца яго. Але ён ня вельмі хацеў таго.
Сам аб тым ня ведаючы, ён імкнуўся пакрыўдзіць Кіру. Ня раз будучы сам пакрыўджаным, ён знаходзіў палёгку ў сварлівай гутарцы зь ёю, у тым, каб давесьці яе да разгубленасьці, пужлівай няўпэўненасьці. Такое й было ягонае крыўдаваньне: пакрыўдзіць таго, хто адчуваў гэтаксама, як ён.
3.
Сумленевіч быў блізкі зразумець тое, менавіта, у час водпуску, сонечнага, праведзенага ў кэмпінгу каля возера. Кіра, высьвежаная бесклапоцьцем, з аднолькавай сымпатыяй адносілася да жанчынаў і мужчынаў. Яна нават папрасіла ў Сьцяпана прабачэньня за некалі ўчыненую яму вымову: "Я, Сьцёпачка, думала, што ты заляцаесься да чужых... Разумею, дурная, што быць да кагосьці мілым не заўсёды зьяўляецца пазнакаю чагосьці іншага... Прабач, Сьцяпулёк!" Пацалавала яго: спачатку ў шчаку. Перажылі яны тады цудоўную ноч каханьня, пасьля якой ледзь пасьпелі на абед у прыазёрнай сталоўцы. "Ты абдымаў мяне ў сьне", шаптала Кіра, каштуючы гарачы суп. I ад гэтых яе словаў успомнілася яму, што меў страшэнны сон. Кіра, адна, сядзела ў палатняным крэселцы на ганачку доміку й — гэта зьдзівіла Сьцяпана найбольш — курыла зьверабойныя папяросіны даўняга вырабу; яна заклала нагу на нагу, чаго, таксама, ніколі не рабіла. Навокал трымцела гарачыня й пахлі смалою сосны. З суседняга доміку выйшаў франт з вусікамі, зграбны ды загарэлы, у штоніках каліфарнійскай кройкі. Кіра павабіла яго пальцам, сказала: хадзі. Расьсьмяялася поўным зубоў ротам, агледзелася, устала, падняла рукі й працягнулася, быццам кошка, гідліва адкінуўшы ў бок папяросу. Вусік — так назваў франта Сьцяпан — выпнуў грудзі, паказваючы мускулы, ад якіх блішчэла сілаю. Ну, хадзі хутчэй, няма часу, панукала яго Кіра, узяўшыся расшчэмленымі пальцамі за свае набрынялыя грудзі. Той прагна глядзеў на Кіру й не разумеў яе або баяўся. У цябе муж, прамармытаў ён, i Сьцяпану гэта спадабалася. Таму нам трэба хуценька, яна клікала яго ў домік, у якім яны абое неўзабаве зачыніліся; цераз ваконца вылецеў пакамечаны Кірын купальнік. Сьцяпан бегаў вакол, i не ўдавалася яму закрычаць... Дзьверы, тонкія й скрыплівыя, расчыніліся, i зь іх выбег, голы, той-жа Вусік, а за ім Кіра, пра якую цяжка было сказаць, што яна выгледзела засаромленай, хоць яе твар аказаўся заслонены вялізным саламяным капялюхам, процісонечным, мэксыканскай формы, з бруднай стужкай сіняга колеру. Ляпаючы далонямі па сваіх незагарэлых азадках, яна прасіла Вусіка, які на хвілю прыпыніўся: скажы суседу, каб i ён хуценька йшоў да мяне. Павярнулася, засьмяялася да Сьцяпана, хіба каб прыхаваць гэтым сваю зьбянтэжанасьць, i далікатненька скокнула ў домік. Сьцяпану, урэшце, удалося схапіць рукою за клямку...
"Ты абдымаў мяне..."
Абедалі паволі й дакладна; яны папрасілі дабаўку (хлеба Сьцяпан прынёс зь нікім не занятага стаяла). Пахла воднай прасторай i селядцамі... Сьцяпан успомніў, што ў фізычнае каханьне з жонкай ён уяўляе сабе іншых жаданых... Гэта так! Кіра, вядома, не павінна ведаць аб гэтым зусім не таму, што ўсё закончылася-б непрыемнасьцю; ён ня здолеў-бы вытлумачыць, што, магчыма, у ёй, мілай Кіры, знаходзіць тое лепшае, чым надзеленыя знаёмыя яму жанчыны. Больш таго — ён не супроць падобнага i ў яе... Не, нельга расказаць ёй сну зразумее яго проста.
4.
"Адносіны паміж мужчынам i жанчынаю — самае галоўнае, самае элемэнтарнае..." — новая сакратарка адносілася да Сьцяпана Сумленевіча зь беспамылковай ветлівасьцю й гэта падалося яму крыху ненармальным. Ён дыктаваў ёй у пратакол формулы пастановаў управы; старшыня, перад выездам у міністэрства, папрасіў менавіта яго пакіраваць пасяджэньнем, зрэшты, чарговым i малаважным. Я вас вельмі прашу, гаварыў старшыня... Я, ведаеце, ня быў падрыхтаваны на такую просьбу, адказваў яму Сумленевіч, маючы на ўвазе тое, што ва ўправе не займаў ён ніякага становішча, зьяўляўся бесфункцыянерным членам. Вы самі дасканала разумееце, чаго варты мой намесьнік, наракаў старшыня. Прыкра будзе, пане старшыня. Няхай гэта ім будзе прыкра, пане Сумленевіч. Усё-такі, пане старшыня... Я ўсё бяру на сябе. Старшыня дадаў: дзейнічаць — гэта тое-ж, што ўчыняць людзей разумнейшымі. (Запрапанаваў выпіць па чарцы каньяку.)