— Грошы ўводзяць гармонію ў жыцьцё.
— Што ты хочаш гэтым сказаць?
— Табе няясна?
— Гарманізацыяй жыцьця займалася дзевятнаццатае стагодзьдзе, ствараючы закончаныя тэорыі й... раманы, якія ты, Кірачка, з захапленьнем чытаеш. Мы, сто гадоў пасьля, ведаем, што гэта была ілюзія. Табе ясна?
— Пачастую цябе, Сьцяпулёк, чорнай кавай. Яна праясьняе розум, — Кіра выйшла ў кухню, уключыла газавую пліту й паставіла чайнік.
— Дзякую, Кіра. З прыемнасьцю пап'ю.
— Міла пачуць, калі мужчына праяўляе ўдзячнасьць жанчыне, якая, гэта слушна заўважыў ты, — яшчэ не абтрэсла зь сябе шалупіньне мінулай...
— Кіра, — ён перабіў ёй, — я не хацеў абражаць цябе.
— Я, хіба, абразілася?
— А ці не?
— Сьцёпа, — са знарочнай упартасьцю. — Паміж намі адбыўся паядынак.
— Спадзяюся, ніхто ня выйграў...
— Так яно, сапраўды, і ёсць.
— То-ж... — паступова ён абціхаў. Учытваўся ў забыты тыднёвік, знаходзячы ў ім блізкія да праўды здагадкі. Сёе-тое цытаваў. Другі дзень запар крапаў дождж, цубаніў па блясе. Як напамінак часу.
Перамова з Кірай не спадабалася яму: хутчэй за ўсё іншасказальнасьцю, чымсьці начытаным. Адкуль і ўзялося ў яе такое? Паміж імі даўно, тады, мела месца нядобрае; яно непапраўна разьдзяляе іх. Як струменьчык вады, які размывае гару, утвараючы спачатку раўчук, што разьдзяляе нешта напалову. У іх жыцьці ўзьнікала западзіна й адчуваліся павевы чужога. Сьцяпан зьбіраўся прадумаць тое здарэньне, так і не дабіўшыся ад сябе неабходнай настойлівасьці.
Яго займалі справы. Пастаянна ўзьнікалі цяжкасьці на працы; быў нават выпадак, калі ён пазваніў у высокапастаўленцкі габінэт з просьбай аб гутарцы. Сіплы голас у тэлефоннай трубцы пазнаў Сумленевіча, і гэта зьбянтэжыла яго; відавочна, размаўляў з колішнім знаёмым, ад якога, вядома, ня мог чакаць нічога добрага. Сумленевічу запрапанаваў ён пазваніць яму праз тыдзень, у аўторак а дзевятай гадзіне. Не, няма сэнсу, ціха вырашыў Сьцяпан. Сутыкненьне ягонае са старшынёй прыгасла, угладзілася, і тая тэлефонная размова асела ў Сьцяпане прыкладной прымаўкай: "Сем разоў адмерай, пакуль раз адрэжаш". Ён не захапляўся народнай мудрасьцю; ведаў зь яе сёе-тое, пераважна — бяз сувязі.
5.
Да сутыкненьня Сьцяпана са старшынёю, гэта так, дайшло неяк нечакана й — з далечыні лепей відаць — цалкам беспатрэбна. Паспрачаліся яны паміж сабою за дробязь, пра якую абодва ўжо даўно забыліся. Не ў ёй, аднак-жа, сутнасьць падзеі. (Няма дыму без агню.) Старшыня, заслужаны й стары чалавек, доўга сядзеў на адной пасадзе. Хтосьці першым сказаў гэта; той кучаравы член управы, які надарэмна намагаўся ўзначаліць аддзел — дзесьці пад Беластокам, блізка. Ён выказаў тое, маючы на ўвазе канкрэтнае. Атрымалася з таго праўда агульнага значэньня — іначай, Сьцяпан не запамятаў-бы яе. Зрэшты, памятаецца важнае сабе. Верыцца або ня верыцца. Чытаць або слухаць пра кагосьці, як пра доўгагадовага ды знакамітага — што й казаць — дзіўна! Хоць — усё адноснае, падпарадкаванае адзінкаваму, і нды відуалі з ацы і.
Тым ня менш, у выпадку старшыні няма падставаў для гэткіх ваганьняў. Няма за што... Ён старанна ходзіць на працу, іншы раз на гадзіну раней можна пабачыць яго ў габінэце, пахіленага над падшыўкамі папераў, са стомленым тварам (у яго, магчыма, хворы страўнік). Наведнікаў прыймае — а іх шмат — зь ветлівасьцю; на прывітаньне выходзіць ён з-за пісьмовага стала, абкружанага падковай кніжных паліцаў, і запрашае сесьці ў вадзін з фатэляў пад пальмай "фэнікс". Нярэдка загадвае ён сакратарцы нарыхтаваць дзеля гэтага па шклянцы гарбаты; паводзіць сябе непрымушона, выклікаючы настрой шчырасьці ды заклапочанасьці, і гатовы выслухаць найгоршае — ня йдзе на папулярнасьць, не абяцае. Строгі, стрымлівае слова.
Найлепшы ў горадзе кіраўнік, кажуць пра яго. Асобы праінфармаваныя дадаюць: цэнтральныя ўстановы маюць дачыненьне са скаргамі на яго, галаслоўнымі й ананімнымі, што дапаўняе дадатную ацэнку. "Сам ён піша на сябе ананімкі?" — аднаго разу не ўтрываў кучаравы. Абсьмяялі, дружна, ягонае дапушчэньне, палічылі зайздросьлівасьцю, несумненна справядліва. Помсьлівасьць насьцярожвае.
Адносіны са старшынёй разладзіліся ў Сумленевіча пры выпадку высылкі адказу каапэранту, малаважнага?.. Так, Сьцяпана зьнецярплівіла тое, што можна назваць адсутнасьцю навіны ў чалавеку. Таясамасьць, высыханьне зацікаўленасьці ім, нуда.
— Так, так, так, так... — Сьцяпану сьпяшалася, было яму вядома ўсё наперад.
— Э-э, ведаеце, колькі мне гаварыць вам, што...
Сьцяпан не стрымаўся, чаго потым пашкадаваў, пасьля таго тэлефону, заіклівай перагаворкі зь сіплым голасам. Ён адчуў, як адлягае гнеў, колкай крыгаю перасоўваецца ў іншае месца, пра якое ведаў усяго столькі, што яно, мабыць, як завадзі на рэчцы. Міжволі зайшоў сабе ў буфэт, дзе купіў каўбасы, дасканала павэнджанай, у натуральных кішках, са смакавітым дымным пахам. Дома, пакуль Кіра згатавала бульбу, Сьцяпан нарэзаў паўталеркі гэтай вяндліны, прадаўгаватымі, памяркоўна тонкімі скрыгелікамі й аблупіў дзьве цыбуліны, малыя, пякучыя. Адчыніў слоік марынаванага турэцкага перцу. Калі абедалі бульба без заскваркі, каўбаса зь ядлаўцовым пахам, цыбуля з турэцкім перцам ён скрывіўся ад жончыных словаў захапленьня, дзівосна грубіянскіх, такіх, якімі хамы абсьмейваюць патрэбнае мужчыну й жанчыне, калі яны распранаюцца й лягаюць у пасьцель. (Некаторыя памылкова атоесамліваюць гэта з каханьнем.) I, дзіва, застаўся безуражлівым; прынамсі, не адразу... Узважваў сутычку са старшынёю, значыць, бачыў яе, як штосьці даволі далёкае ад неспадзявана цьвёрдага, каменнага, не разгледжанага як сьлед. Што непасрэдна яго дакранае.