Выбрать главу

Паабедалі абое са смакам.

Увечары яны разьлівалі ў бутэлькі віно зь яблыкаў, клейкае, маладое. Налічылі дваццаць паўлітровак рознага фасону, у тым i пузатую, пасьля шампанскага.

Віно віном, але... Што гэта значыць: шматгадовы працаўнік кіраўніцтва?

...Пра справы ва ўправе Сьцяпан адкрыта размаўляў з Кірай, сам не агледзеўшыся, як i калі гэта сталася! Абдуманае выносіў дамоў...

Уніз, да скрыжаваньня вуліцаў, ён даходзіў шпаркім крокам, адказваючы на прывітаньні тым людзям, якім немагчыма было не адказаць, быццам сустрэчным перадумовам якогасьці посьпеху. (Мокры сьнег зь ветрам, які часам дзьмуў з артэрыі ў даліне, даваў яму права моўчкі прайсьці побач сардэчнага "добры дзень"; усенька, што ты скажаш, можа быць скарыстанае супроць цябе.) "Мой муж прайшоў праз жыцьцё, як ненармальна добры чалавек, — перасьцярожліва пісала Сьцяпану знаёмая ўдава. — Дачакаўся ён горбы ананімак, інфаркту, гратэскнага пахаваньня й нягоднічыны, якая спрабоўвае зьнішчыць памяць аб ім — і мяне". Ох, яго магіла, над якой Сьцяпан Сумленевіч амаль галасіў, як па некім блізкім! Як па бацьку, што памёр на год раней, у Вялікдзень, калі вербы выпусьцілі лісьце, а зямля пахла жыцьцём. Стораж, здаровы й дурны, неяк расказваў — стаялі паміж соснамі — аб тым, што, вось, два гады будзе, як падлюгі зь Мяшчанскай вуліцы, вось, з той, назьдзекаваліся, вось, тут над маладой удавою, чарнявай ды лындастай, у карацюленькай, але чорнай спаднічцы, доўгавалосай, буйнай, і ад таго часу не відаць яе, ага, бо, чуў, выйшла яна замуж, дзіва, узяў яе нехта, не зважаючы на трое дзяцей, праўда, ціхую драбноту, дай ёй, Божа, шчасьце, памятае, увечары надыйшоў на яе, бессаромна абадраную з адзеньня, ішоў, вось, адтуль, з таго закутка, дзе ўпаў высокі крыж, даваенны, быццам зуб... Могілкі старэюць.

Заслужаны працаўнік кіраўніцтва — гэта нягоднік, якога не ўдалося выгнаць. У такога хапае сумленьня ганарыцца, бачыць у іншых дурняў або палахліўцаў, што, дарэчы, адно й тое-ж. Ён, адзін, зашкодзіць агульнай справе больш, чымсьці банда камбінатараў, таму што яго нельга пасадзіць, няма сілы завесьці на лаву падсудных, выкрыць. Арганізацыя, як багіня штучнасьці, натхняльніца цывілізацыі, стварыла й ардэнаносцаў.

Што рабіць? Выйсьці ў парк ды падумаць аб тым, што Рымская !мпэрыя ляжыць пад двух-трохмэтровым слоем зямлі, напыленай тысячагодзьдзем; аб тым, што менавіта дзякуючы зьнішчальнаму Вэзувію сёньня маем дакладны вобраз старажытнага побыту; і аб тым, што для навукі пакаленьням патрэбна хоць час ад часу прайграць, пагадзіцца з гэтым, каб у закучмелых нашчадкаў, аднак, варушыліся шарыкі... Калі падае белавокі сьнег, ёлачкі на далёкай ускраіне дбайна дагледжанага лесу ціхамірна дрэмлюць, перажываючы прыступ вострага грыпозу. I трэба бяды, ператомленасьці або радасьці ад жыцьця, каб зайсьці ажно сюды, за Зьвярынецкі стадыён, за мэліярацыйныя равы, за якімі палярны краявід пералескаў на макрэдзі.

Забойства сакратаркі засталося як бы па-за ўвагай старшыні. Ён, цікаўлівы, спадзяваўся, што Сьцяпан раскажа яму сам. Так ня здарылася. I гэта, мабыць, было памылкай зь яго, Сьцяпана, боку, уступленьнем месца чуткам ды бязглузьдзіцам. Ён мог толькі чакаць, пакуль пераклубуюць, нават праўдападобныя, вэрсіі наконт ягонай уяўнай сувязі з цэлай справай, якія несумненна ўзьніклі ў пажвавелых урадніцкіх булавешках. Потым, у забываньне, яму быў-бы сэнс выкарыстаць няхай сабе й нязручную нагоду паведаміць шэфа... Сумленевіч пераканаўся, што закон апошняга голасу ў дадзеным выпадку абсалютна непарушны яму. Забойствам сакратаркі доўга цікавіліся ва ўстанове. Як на тое наступная жахлівасьць мела месца позна: пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылі таксіста.