Выбрать главу

Як толькі Антон вытрас Баньдзіта ў ральлю, Малюта зьбянтэжана заскуголіў. Кату, аднак, было не да скаргаў; выцьверазелы, мільгануў i туды i сюды, ды наўкола ні дрэўца якога альбо хоць кусьціка для паратунку! I ён, на вачох нічагуткі не разумеючага сабакі, сігануў на свайго гаспадара й вавёркаю ўзьбег да ягонага, уздыбленага, чубу...

Нібы хтосьці ўпаткаў потым, як Антон — з катом, бы каблук, на галаве й з сабакам ззаду, — дагопаў да Воўчага Вока ў Ласіным лузе, дзе надоечы злавілі ўімшэлага шчупака-качкаеда... I ўсякі почут прапаў пра ix, а нейкая нячыстая сіла спаліла хутар. Там i цяпер нешта гудзевіць поначы.

Настуся-пані

Настуся Карабельнікаў выходзіла замуж, калі добра настала Польшчы. Шаснастоўкаю выперла яе мачаха. Каб сваім дзецям болей хлеба мець. Пасватаўся да Настусі ўдавец, які пахаваў чатыры жонкі. Пра пасаг ён і не гаварыў; набраўся.

— Трымацьму цябе, як паню якую! — бляяў, расчырванелы ў запіваньне. — У мяне поўная хата ўжо вялікіх дзяўчат, і яны ўсё паробяць. Сын у нас будзе — таксама выгадуюць.

— Дай Бог, — мармытаў бацька. За пасьлярэвалюцыйную галадуху першы раз наліў горла, ажно блага яму зрабілася.

— Чаму гэта Бог меў бы пашкадаваць такому мужчыне?! — рагатала мачаха, адганяючы ад стала смургеляў.

Настуся — памятае — мала не папрасіла ў так багатага дзядзькі цукерку... Ёй захацелася, каб ён не пакідаў яе тут да вясельля. Маўчала, апусьціўшы галаву, баючыся прыліпнуць вачыма да яечні са скваркамі й нарэзаных ад буханкі скібаў.

Усе вясельнікі плакалі, калі Настуся Карабельнікаў ехала шлюб браць.

— Пашчасьціла сіраце, — гаварыла мачаха, абціраючыся ад сьлёзаў. І як бы ў вапраўданьне, што нічым вартым ня здарыла, а яшчэ й паназабірала з куфра. Гулялі толькі адзін дзень, да вечара; начамі хадзілі тады банды.

Настусін чалавек доўга не пажыў; раптам памёр (у сенаваньне). Падчарыцы паднялі рогі. Большая гразілася.

— Дурная ты, дзіця прывядзі ім, і нікуды яны не турнуць цябе з гаспадаркі! — крычала напалоханая мачаха. — Трэба, каб жывот табе хто прыстроіў, пакуль нябожчык стыне, — даўмелася. І выправіла Настусю кудзелю прасьці ў гэтак-жа бойкай цёткі. У той далёкай вёсцы падваліўся да яе ніштаваты набабнік.

Потым, перамогшыся мяшкамі ў капаньне бульбы, нарадзіла яна на паўтары месяцы раней. Як і ня трэба лепей. За сакрэт дала акушэрцы парася; у торг гэта працялі Настусю болі, і спэкулянт паганяў яе каня пад местачковы шпіталік.

Хлопец хварэў, дзякаваць Богу, як і ў людзей. І зямлі прыйшлося ёй даволі, і хата. Другі муж быў непатрэбны. Сама моцная, бывала, за плугам хадзіла й касу цягала ды і ў лес за дровамі давала рады. «Ад'елася да нерасту», — зайздросьцілі ёй заморанікі.

Дапякалі Настусі нават у вайну, заўдаўшы, што яе Юрачка хаваецца ад вывазаў на работы ў Нямеччыну. Зьявіліся жандары, але адступіліся: што набярэш пасьля на кантынгэнт ад самюткае бабы? І наківалі солтысу, чаму слаба думае!

Кожную наступную ўладу яна ўспрыймала як нецярплівейшы гнеў нябёсаў на народ за грахі. Паны секлі бізунамі; свае заеліся вывалакаць у Сібір адзін аднаго; немец прыбіўся — кулю ў лоб ды ў пясок! Прычакалі й пекла: сусед суседа лупіў, са сьвету зводзіў брат брата (яе качалі й бралі пад сябе заполянскія кавалеры, што рабавалі хутары).

Усякага зазнала, перацярпела. А Сталінка лішне мацюгаюць; з анёламі, пэўна, у раі сьпявае. Хто ж гэта, каб ня ён, мужыка адагнаў-бы ад поля й хлява ў горад?! І Настусін ня скончыўся-б, як дэраш у ваглоблях, калі-б датрываў... Юрачка стаў тэхнікам на фабрыцы, дык і яго, падлу старога, забраў-бы ў сваю блёкавую кватэру.

Быццам у пажар кінулі-рынулі ўсё тое, пра што цяперака й падумаць ім ня здумаецца.

— Во калі я пані! — папракала Настуся Карабельнікаў, паўзабытага за столькі гадоў і гора, свайго нябожчыка, дрыпаючы па дыванох. — І ты панам паваляўся-б, бы жыд у пярынах, але што-ж: цераз работу ад раньня да зьмярканьня на той сьвет без пары пайшоў...

Спатканьне

На музыках у Сяржанаўскай фабрыцы Колька танцаваў зь дзяўчынаю, у якое былі каштанаватыя валасы, гарачыя ды рухавыя. Яны казыталі яму ў шчаку. Калі закончваўся танец, ён не адыходзіўся зь ёю ўбок, пад сьцяну, але стаяў пасярэдзіне залі, ля калянады. Усё ўглядаўся ў яе, такую задаволеную ды вёрткую.

Упачатку каторагасьці танца падыйшоў быў да яе пры Кольку нейкі франт з вусікамі, сьмешны. Той хацеў згуляць зь ёю, адбіць! Колька не пусьціў дзяўчыны, нагрубіяніў яму; запацелаю рукою прыціскаў яе да сябе. Яна не баранілася, мяккая ды лягавітая, адчуваў гэта...