Выбрать главу

Сьцяпан Сумленевіч цяпер клапоціцца пра суадносіны з начальствам, каб... дабром перамагаць зло. Гэтыя яго словы выклікалі ў Кіры істэрычны сьмех. Яна, пазьбягаючы іроніі, змахлявала яму, ужо паціху абражанаму яе рагатаньнем, што ёй нечакана ўспомнілася даўняя сяброўка ды яе дзівацкія ўчынкі. Ведаеш, Сьцяпанка, дачка нашай суседкі, калі я была яшчэ паненкай, заскочыла да нас, да мяне, з патаемнай просьбай пазычыць ёй маліновую сукню, у якой, яна бачыла, хадзіла мая маці пры сьвяце, стройная кабета, і таму надумала, што ў гэтай сукні будзе надта дарэчы выбрацца на сустрэчу зь лётчыкам, брунэтам у сінім мундзіры, абвешаным срабрыстымі пазнакамі, што жадаў ажаніцца між іншым па прычыне асобных патрабаваньняў ягонай службы, ад нядаўна сакрэтнай — толькі ці старая захоча рызыкаваць сукняй...

Сьцяпан паўтараўся.

Яна слухала яго, слухала, ажно, у рэшце рэшт, адказала яму чымсьці прачытаным: хто імкнецца толькі да грошай, той ня будзе мець іх. Наўрад ці ён зразумеў, але, відаць, нешта засьвяцілася ў ім, і ён выразна паспакайнеў. Яна й сама не адразу ўсьвядоміла сабе тое, што сказанае яму абазначала часовы саюз, такі, у якім адзін партнёр разуме е другога якраз столькі, каб застацца задаволеным. Бывала — прагаворвалі яны да сярэдзіны ночы, да галаўнога болю. Засыналі пасьля таго, як абмываліся ў ванным і прыймалі супакаяльныя таблеткі; ад некаторага часу быў у іх запас нэўралягічных фармацэўтыкаў — ад знаёмай у аптэцы.

7.

Выстывалі ў ёй пачуцьці да мужа. Яна кахала яго зусім не слабей, аднак-жа дзіўна па-новаму, бяз той яснасьці, што яднае жанчыну з мужчынам. Гэтае заядала яе падчас вясельля ў хроснага сына. (Зычым маладым шчасьця-здароўя й прыбытку ў хаце, ні многа, ні мала, штогод па дзяцяці...) Маладая папярхнулася чаркай гарэлкі, якую піла яна на парозе, перад цесьцямі, што выйшлі з талеркаю на бялюткім ручніку й са словамі, словамі... (Жывіце, дзеці, у згодзе, шануйце адно другое. Каб даў вам Бог удачу і спору ў працы...) Вярталіся з царквы, ад шлюбу.

А як пажаніліся яны, Сьцяпан з Кірай? Ля пыльнай Азёрнай, у хаце з памаляванай шалёўкай у чырвоны колер, у садку, абсаджаным вішнямі, за якімі гарбацеў хлеўчык, парасятнік, пераўтвораны ў дрывотню, крыты бляклай чарапіцай, глінянай. Кірын бацька, бадай непісьменны, да вайны фурманіў у нямецкага ці жыдоўскага фабрыканта; у акупацыю хапіўся ён за спэкуляцыю мясам і гэта дазволіла яму — у пасьляваенны час — выплысьці на паверхню жыцьця ўласьнікам немалога капіталу ды таемных сувязяў, дзякуючы якім бяз панікі прычакаў стабілізацыі ўлады на Беласточчыне; меў ужо неблагую работу, сторажам у судзе, дзе ад чыёгасьці ймя прыймаў хабары. Кіра ня зьведала бяды. Сьцяпан калі вырашылі аб шлюбе — адчуваў сябе шчасьліўцам у прыстані паўднёвага мора. Ня жарты — у іх ня зводзіліся апэльсіны й лімоны, індыйская гарбата й маляйскія прыправы, густая паўночная вяндліна зь нятлустых шынак і рыбныя далікатэсы амэрыканскага вырабу. Цешча трымала ў шафах з адзеньнем, у дзьвюх, паклады дарагіх матэрыялаў на касьцюмы з адціснутымі прозалацьцю назвамі ангельскіх фірмаў, якія — вечарамі — перадавала, відаць, дэталістам; адзін зь іх, высокі й напамаджаны, як незнарок падгледзеў гэта Сьцяпан, быў яе каханкам. Кіра не ўдалася ў яе; дакладней кажучы, удалася яна ў маці тэмпэрамантам. Яна любіла цалавацца, так сказаць, ад пачатку, i навучыла Сьцяпана пацалункам "зь язычком"; яны зачыняліся ў найменшым, рагавым, пакойчыку, куды не даляталі кухонныя перамовы з гандлярамі (бацькі цэлымі днямі не было дома, вяртаўся позна, кідаючы ў сенях нешта грузкае), шчыльна засланялі вокны, сядалі на атаманцы ды прытуляліся да сябе, нашэптваючы рознае, часам i непрыстойнае, ад чаго дрыжэлі. Сьцяпан падазраваў, што ён ня першы мужчына ў Кіры, але ў альбомах з фатаграфіямі (яна хвалілася імі) не сустракаў нічога, што ўпэўнівала-б яго ў гэтым.

Ужо тады рабілася яму прыемна-млеўка ад няяснай радасьці, што салідная забясьпечанасьць Кіры дазволіць заняцца нечым узьнёслым. Што мець жонку й сям'ю — цешча наймала служанку, якуюсьці сваячку — ня будзе цяжарам. Якраз ціхаводнай затокай, зь якой будзе ён выходзіць далёка, дзе трэба адпачытыя нэрвы й адкормлены арганізм.

Пажаніліся маладымі.

На пірагох цесьць — яны пілі самагонку, прыпраўленую апэльсінавымі скуркамі — завёў са Сьцяпанам дзелавую размову. (У Кіры быў ужо позірк жанчыны.)

— З работай, зяцёк, не сьпяшайся, — ён піў памяркоўна, бы чаго баючыся. З работай, ведаеш, як з жонкай: нялёгка зьмяніць яе...

— Ой, папа! — пырскала сьмехам Кіра.