Выбрать главу

І хоць уласных бедаў кожнаму хапала, былі час ды ахвота трапаць языкамі й пра Петрыка. У нашай невялікай установе няхай толькі ўсяго дрэнны настрой у шэфа ўжо зьяўляўся падзеяй, а ў выпадку-ж Петрыка — жарты вам! — узважваўся лёс чалавека. Таму мы са зьдзіўленьнем над зьдзіўленьнямі, ад якога ажно мазгі стыгнуць, выслухалі зьвестку пра тое, што ён, Петрык, папрасіў у начальства аб тры месяцы бясплатнага водпуску; заскочыў з гэтым, менавіта, Сьляпы Лёнік.

— Ці ён здурэў, гэты Петрычыска?! — войкнулі ўсе ў вадзін голас. — Авёс закалоў яму ў зад, сам-жа пазбываецца, целяпень, працы!..

Гармідар асеў, і Сьляпы падсумаваў:

— Калі Бог каго хоча згубіць, дык напачатак розум яму адбірае.

Лёнікава яснасьць нагнала на нас нуду. Мы павярнулі да тэмы

сакратаркі: сьпіць яна зноў з шэфікам ці пакуль не наважылася пасьля вылячэньня трыпэра ад кагосьці? Набралася яна тае поскудзі, — што было па-вясковаму добра вядома, — на імянінах Сьляпога Лёніка, на якіх, да белага дня, пілі ў цёплым падваліку, дзе знаходзіцца кацельня. («Няхай жыве клюб Сьляпога Лёніка!» — расплёсквалі тосты, а імяніньнік хмялеў, аж заснуў быў у шмацьці пад трубою цэнтральнага абаграваньня. Сакратарку-ж дубасілі цваныя інспэктары з Варшавы, у рагатлівай чарзе і ў вашывай каморцы кацельшчыка-абібока.)

У другі раз Сьляпы Лёнік забег неяк пад канец тыдня, сапсаваўшы нам нядзельны адпачынак.

— Ведаеце, хлопцы? — прапяяў ён пеўнікам. — Петрык узяў той водпуск, каб паехаць у Амэрыку, зарабіць там зялёных...

— На легкавушку «форд», хітрунец! — енкнуў я, ад чаго зрабілася мне брыдка, але трохі.

— Ах во які нумар!

Мы ажылі.

Узьнікла пытаньне: адзін ён туды падасца ці з жонкаю?

Петрык, тым часам, кануў, бы ў ваду. Неўзабаўку выявілася, што ягоны выезд адбыўся ў самюткі Новы год, у завею з маразамі. Казалі: выбраўся ў Каліфорнію.

Білет на самалёт з Варшавы ў Чыкага каштаваў Петрыку суму гадавога заробку. Жонку сваю, натуральна, пакінуў ён дома. А тут мяцеліца сьнегу накрушнявала на дарогі столькі, што цягнікі й тыя суткамі нерухома сіпацелі на беластоцкім вакзале («хуткая дапамога» давозіла хворых здаля ў шпіталь — падумаць! — верталётамі). Петрыка-ж паратаваў быў нарачоны швагеркі яго, які — пранырлівы, падла! — уночы й тайна вывеў сьнегачыста з базы ўправы шляхоў і, ня гледзячы ні вока ні бока, папёр на ім нашага амэрыканца да варшаўскага аэрапорту, за цэлых паўтары сотні вёрстаў, пры нагодзе адкопваючы з сумётаў на аўтастрадзе, як сам пасьля хваліўся, з паўтысячы грузавікоў... — Бракавала пятнаццаці хвілінаў, каб мы запазьніліся, — казаў ён. — Валокся назад празь дзень і да вечара, пакінуў машыніску, уехаўшы ў Беласток ад Выгоды, пад нейкім камісарыятам міліцыі, каб доўга не шукалі яе, бо, заразы, узялі б і выкрылі-б мяне! Гэ-гэ-гэ...

Петрыка не было з Амэрыкі роўна два гады, як абрэзаў. Аб ім перасталі й згадваць, быццам пра нявартага ўспаміну нябожчыка. Счаўплося крыху балбатні, калі Петрычыха нарадзіла брывістае дзіця, сына (але ад каго?!). — Таксама папрацавала, каб не з пустымі рукамі сустракаць мужа, гі-гі-гі... — за аборты тады страшэнна каралі лекараў.

Ён прывёз, а як-жа, ашаламляльнага «форда».

У Брацкім завулку зараз-жа купіў аднапавярховую вілу.

Адшукаў хабеля жонкі й зрабіў яму нешта такое, што той перабраўся жыць у далёкі Шчэцін, дзе, як пайшлі потым чуткі, павесіўся, ці што, на кватэры прастытуткі каля порту...

Разводу не было.

Петрычыха адчыніла галянтарэйную крамку ў канцы Купецкай і выхадзіла мужу даходную пасаду дыспэтчара на бэнзакалёнцы, што ля Баброўніцкае шашы.

Малога ахрысьцілі Джонім.

Абое зажылі прыпяваючы.

Росквіт і ўпадак Бядоціка

Бацькі Марка Бядоціка былі з тых беларусаў, якія мала ня цэлымі вёскамі перабраліся ў пасьляваенныя гарады. Лічылі гэта яны шчаснай доляй, пра што неяк абавязкова гаварылі, асабліва ў нядзелі за абедам. Марк нарадзіўся ўжо ў іхняй гарадзкой кватэры, і тыя размовы ён ад малога чуў. Слухаў іх, як байку, да якой усё дадаюць і дадаюць. Гадаваны на паночка, Марчык рана завёўся з паненкамі, сьцяміўшы, натуральна, што яму лепей будзе маўчаць пра сваіх бацькоў. Мацерка рабілася служанкаю яму, а бацюль у нечым нагадваў сабою знаходлівага арандатара. Яны чамусьці даволі раптоўна паўміралі, адно за адным, напакідаўшы прыстойныя запасы ўсяго й грошай.