— Вы адмаўляецеся даць паказаньні?
— Наадварот: я дамагаўся даць іх вам, — Сьцяпан выцер лоб. — Ці я пярэчу ў тым, што мой падпал легкавой машыны, прыватнай уласнасьці, фактычна зьяўляецца ліхадзействам?
— Што вас, грамадзянін, штурхнула на такі крок?
Сумленевіч расьсьмяяўся.
— Мая жонка здрадзіла мне зь ім, старшынёй. Мала таго — я пазайздросьціў яму дарагога набытку ў выглядзе прыгожай легкавой машыны.
Сяржант ажыўлена запісваў...
— Мне нельга ратаваць сябе, — дадаў Сьцяпан, усур'ёз.
— Любоўная зайздрасьць, як прычына злачынства, часткова абязьвініць вас, пане Сумленевіч, — заявіў яму сяржант і ўвесь палагаднеў. — Беспатрэбна абдурвалі вы мяне. Я ня ваш вораг. За столькі гадоў работы, ня хвалячыся, адчуваю я скураю, хто сядзіць перада мною. Ведаеце, гэта вопыт. У нашай прафэсіі інтуіцыя адыгрывае надзвычайную ролю. Я не хацеў з вамі бавіцца ў падыходы, пытаў адкрыта, як шчыры шчырага.
"Адыходжу я, як дзень. Будзь ты добры людзям. Усе яны — бедныя", паўголасам прамовіў Сьцяпан.
— Што?
— Дробязь, пане сяржант. Гэта словы маці... жаночыя.
— Ага...
— Вы, пане сяржант, залішне наракаеце на мяне. Давайце, падпішу вам пратакол.
— Нельга нікога прымушаць выявіць сваю віну шляхам самаабвінавачаньня. Яе трэба, звычайна, даказаць, — павучаў ён Сьцяпана. — Гэта прынцып, дзякуючы якому магчыма аб'ектыўна сьцьвярджаць факты.
— Не было маім намерам затойваць віну.
— А вы, скажэце, не падумалі аб тым, што, зьнішчаючы сябе, зьнішчаеце й справу, у імя якой, калі верыць вам, інсцэнізавалі гэтае відовішча? Акампраметоўваецеся, пане Сумленевіч, — ён давяраў Сьцяпану ў вадным: — Калі магу вам раіць, дык тое, каб вы паклапаціліся прадставіць доказы жончынай здрады. Мы, як міліцыя, гэтым не займаемся — замнога было-б работы... Ну, падпісвайце вы сваю аферу, — сяржант падсунуў Сьцяпану пратакол, складзены дбайным почыркам. — Ах, пане Сумленевіч, пане Сумленевіч...
Сьцяпан дакладна ўчытваўся ў кожны радок пратаколу.
— Дасьце мне копію яго?
— Вы ня ведаеце, што ў нас не бывае копій?
— Будзеце дапытваць сьведкаў?
— Адкажу вам: будзем. Што яшчэ вы хочаце ведаць ад мяне?
— Ці магу я сустрэцца з капітанам?
— Дзеля чаго вам гэта патрэбна?
— Дзеля дадатковых паказаньняў...
— Можаце зрабіць гэта ў мяне. Слухаю вас.
— Я, таксама, і па іншай справе хачу пабачыцца з капітанам.
— Па якой?
— Даўняй, пане сяржант. Вас я буду хваліць...
— Самі зьвяжэцеся вы з капітанам. Па тэлефоне, — ён прадыктаваў Сьцяпану нумар. — Дамовіцеся, пагаворыце... Да пабачэньня, пане Сумленевіч.
— Яшчэ выклічаце мяне?
— Калі спатрэбіцца...
— Да пабачэньня.
Клямка вылазіла зь дзьвярэй,і Сьцяпан павярнуўся да сяржанта, каб сказаць яму пра гэта. Але ён, ужо грабучыся ў папках, не глядзеў на Сьцяпана й, відаць, думаў пра штосьці чарговае (у яго пачыналася лысіна, ад патыліцы). Адтапыраныя вушы прасьвечвала яму сонца, быццам натлушчаную паперу. Камарынай хмурынкай віраваў пыл, ад сярэдзіны пакоя ў куты, за жалезную шафу й недагледжаны фікус, пакірачаны, як змарожанае дрэва.
У няветраным калідоры сьмярдзела мышамі.
У дзяжурнага камэндатуры даведаўся Сьцяпан, што капітан зьявіцца каля першай гадзіны.
— Вас выклікалі?
— Не.
Сьцяпан выйшаў на вуліцу (набліжалася дванаццатая). "Пабуду на сьвежым паветры, — пастанавіў ён, кіруючыся ў сквэрык. — Падрыхтуюся да размовы. Абавязкова! Мне нельга давярацца яснасьці думкі... Даволі іншага разуменьня яе, каб — заблудзіць, трапіць у блытаніну. Значыць, — Сьцяпану пацела над левым вухам, — перш за ўсё я давяду яму да ведама..."
Капітан затрымаўся ў горадзе.
Сьцяпан, апынуўшыся ў сквэрыку, сам зьдзівіўся тым, чаму гэта толькі цяпер скеміў ён, што яму няма з чым ісьці да капітана?! "Вызваліўся я ад лёгікі сну? Прачнуўся — са стану перавагі жаданьня над разважлівасьцю?.. "
На клюмбах цьвілі кветкі. !х матыльковыя колеры казачна адрозьніваліся на фоне густой зелені аздобнага тут кустоўя. Гэтую выспу жывой прыгажосьці прыкра расьцінала асфальтаваная сьцежка, на якой сохлі растаптаныя чарвякі, быццам дробненькае сухападзьдзе. Сьцяпан сеў на кульгавую лаву паркавага фасону, у цяньку. Адсюль убачыў ён, як да ўваходу ў будынак камэндатуры сьпяшаўся капітан, з сумкай, бы забіты работай бухгальтар. "I я хацеў да яго йсьці, займаць яму час гутаркай пра старшыню, які, з сыфілісам, увосень ляжаў у шпіталі? — думаў Сьцяпан. — Тлумачыць: дапусьціўся я крымінальнага ўчынку знарочна, дзеля магчымасьці аскандаліць праныру, якому ўсялякае ўдаецца, бадай, таму, што ягоная дзейнасьць адпавядае калектыву, бо ўсяго жменька, толькі жменька, працаўнікоў каапэратыву заўважае ў паводзінах старшыні цванага госьця. Ды, хіба, кіраўнік установы павінен быць даверлівай разяваю? Якім правам наважваюся я павучаць іншых? Таму, што яны паддаюцца ашуканскаму аўтарытэту? Леваму! — уявіўся яму самаздаволены старшыня. — Капітан папрасіў-бы ў мяне прабачэньня за тое, што няма ў яго свабаднейшай хвіліны, каб выслухаць... Гэта было-б далікатнай адмовай, просьбай ня ўцягваць яго ў блазноту — Сьцяпан вышукоўваў вострае ў свой адрас, каб вывесьці рацыі ў сваю абарону; схіляўся ён да таго, што суд адбудзецца, усё-такі, над ім. — Я не лічу важным тое, што будуць гаварыць пра мяне. Людзі, так ці інакш, стануць задумоўвацца, смакаваць мае матывацыі, браць на зуб аргуманты, сумнявацца. Сутнасьць роздумаў — у сумненьнях? — Ён устаў i прайшоўся. — У маім характары адсутнічаюць правадырскія рысы. Відавочнае тое ад дзяцінства. Я не спрабоўваю кімсьці кіраваць, у мяне няма інстынкту панаваньня, гвалтоўнай барацьбы з асяродзьдзем за свой пункт гледжаньня. Гэта ў мяне ад бацькоў, ад маці, ад яе сялянскай звычкі падпарадкоўвацца камусьці, пагаджацца. Ах, зь якой асалодай перажываў-бы я, няхай сабе й грубіянскую, задаволенасьць мною шэфа! Знаходзіўся-б я ў пастаяннай гатоўлівасьці для кажнюткага яго загаду, калі-б мог мець тую ўпэўненасьць, што зьвязаўся з сумленным чалавекам. З гэткім, які не пасаромеўся-б сьлёзаў, каб аплакаць імі свае памылкі. Не была-б мне страшнай з такім чалавекам нават подласьць; хапала-б высакароднасьці яго мэты. Хто ведае, ці не пакінуў-бы я Кіру дзеля вышэйшай рацыі, хоць і не маёй... Я страшэнны! Я — народжаны янычар, казённая адзінка. Мой бунт супроць кіраўніцтва зьяўляецца вынікам таго, што яно адкінула, жаданыя мною яму, паслугі? Нясьпелы я? Не дарос да сытуацыі? Эт, прыстасоўваюся да вымогаў суду... — Сьцяпан сеў на кукішкі перад кустом зь бела-ружовым квецьцем і зь дзіцячай сур'ёзнасьцю вывучаў формы пялёстак. — Высокі суд! Я ведаю й разумею тое, што дапусьціўся дрэннага ўчынку, прычыніў шкоду прыватнай уласнасьці грамадзяніна старшыні. Сам я прызнаўся ў тым перш, чымсьці пакрыўджаны пасьпеў скласьці скаргу супроць мяне. Чаму я так зрабіў? У чым сутнасьць таго, што зусім сьвядома вырашыў я стаць перад судом? — Сьцяпан дайшоў да канца сьцежкі, да берагу вуліцы, па якой імчалі машыны. — Адкажу я на тое коратка: мой абвінаваўца мае на сваім сумленьні столькі благога, што маё пачуцьцё справядлівасьці патрабавала ад мяне хоць невялікай адпомсты яму. Не, не па асабістых меркаваньнях; іх у мяне не было. Дзейнічаў я як абражаны член грамадзкасьці, якую ганебна ўводзяць у зман і ад імя якой праводзіцца глум над ёю-ж! Старшыня — давераны яму — каапэратыў пераўтварае ў спадчынны фальварак! Грамадзкую маёмасьць мае ён за нішто. Купленыя каапэратывам — за мяжой машыны бескарысна іржавеюць у Бацікаўскай базе або, у лепшым выпадку, бяруць іх сабе розныя безадказныя асобы, бы армейскае дабро, пакінутае адступаючым бокам у нечуванай вайне; зладзеі раскрадаюць наш цымант, цэглу, абагравальнікі, электрычную інсталяцыю. Вывозяць яны тое масава, грузавікамі і ўдзень! Камбінатарства сталася ў нас маральнай нормай. Душыць мяне неспакой. Магчыма, галаслоўны я й забаўны маньяк? Сяржант пазяхаў, слухаючы маё паказаньне... Дзесьці, мабыць, знаходзіцца цалкам відавочная памылка ў маёй задуме, можа, ня столькі памылка, колькі, звычайна, ідыятызм, варты ўсяго пашаны, бясьпечны асяродзьдзю сваёй просталінейнасьцю. Гм, трэба мне мець на ўвазе тактыку, абарону. Кіру ўмешваць у гэтую справу ніяк нельга. Да чаго дайшло!.. Падпал мною легкавой машыны як дзеяньне ў стане афэкту, несумненна, паменшыла-б маю кару й, адначасова, не перакрэсьліла-б значэньня сказанага наконт старшыні — падчас судовага разбору. Не перакрэсьліла-б? Гэта-ж, усё-такі, былі-б апраўданьні абвінавачанага! Суд успрыняў-бы іх як праяву круцельства? Не пашкодзіць памятаць мне пра гэта. Самым надзейным варыянтам маіх судовых паказанняў застанецца, гм, аспэкт афэктацыі? Ну, але якія падставы для таго? Старшыня намаўляў мяне шпіёніць! Не, гэта ня тое... Што ты ні даказвай, усё акажацца ня тым. Забіўся я, халера, у сабачы кут! — Сьцяпан ступіў на тратуар. — Хоць бяры ты й прасі паратунку ў цесьця. — Ён, незнарок, сутыкнуўся з хлопцам, доўгавалосым; узаемна пакланіліся яны сабе ў знак прабачэньня. — Студэнт, які краў на навуку... Чуў я пра такога. Схапіў ён тры з паловай тысячы. Шчасьлівы, ён забыўся запрасіць у рэстаран на чарку кагосьці, каму павінен быў быць удзячным за грошы. Выпала яму з памяці? Потым угаворваў ён сябе, што лішне клапаціўся: той, можа, ня піў г