Выбрать главу
ецца, бадай, таму, што ягоная дзейнасьць адпавядае калектыву, бо ўсяго жменька, толькі жменька, працаўнікоў каапэратыву заўважае ў паводзінах старшыні цванага госьця. Ды, хіба, кіраўнік установы павінен быць даверлівай разяваю? Якім правам наважваюся я павучаць іншых? Таму, што яны паддаюцца ашуканскаму аўтарытэту? Леваму! — уявіўся яму самаздаволены старшыня. — Капітан папрасіў-бы ў мяне прабачэньня за тое, што няма ў яго свабаднейшай хвіліны, каб выслухаць... Гэта было-б далікатнай адмовай, просьбай ня ўцягваць яго ў блазноту — Сьцяпан вышукоўваў вострае ў свой адрас, каб вывесьці рацыі ў сваю абарону; схіляўся ён да таго, што суд адбудзецца, усё-такі, над ім. — Я не лічу важным тое, што будуць гаварыць пра мяне. Людзі, так ці інакш, стануць задумоўвацца, смакаваць мае матывацыі, браць на зуб аргуманты, сумнявацца. Сутнасьць роздумаў — у сумненьнях? — Ён устаў i прайшоўся. — У маім характары адсутнічаюць правадырскія рысы. Відавочнае тое ад дзяцінства. Я не спрабоўваю кімсьці кіраваць, у мяне няма інстынкту панаваньня, гвалтоўнай барацьбы з асяродзьдзем за свой пункт гледжаньня. Гэта ў мяне ад бацькоў, ад маці, ад яе сялянскай звычкі падпарадкоўвацца камусьці, пагаджацца. Ах, зь якой асалодай перажываў-бы я, няхай сабе й грубіянскую, задаволенасьць мною шэфа! Знаходзіўся-б я ў пастаяннай гатоўлівасьці для кажнюткага яго загаду, калі-б мог мець тую ўпэўненасьць, што зьвязаўся з сумленным чалавекам. З гэткім, які не пасаромеўся-б сьлёзаў, каб аплакаць імі свае памылкі. Не была-б мне страшнай з такім чалавекам нават подласьць; хапала-б высакароднасьці яго мэты. Хто ведае, ці не пакінуў-бы я Кіру дзеля вышэйшай рацыі, хоць і не маёй... Я страшэнны! Я — народжаны янычар, казённая адзінка. Мой бунт супроць кіраўніцтва зьяўляецца вынікам таго, што яно адкінула, жаданыя мною яму, паслугі? Нясьпелы я? Не дарос да сытуацыі? Эт, прыстасоўваюся да вымогаў суду... — Сьцяпан сеў на кукішкі перад кустом зь бела-ружовым квецьцем і зь дзіцячай сур'ёзнасьцю вывучаў формы пялёстак. — Высокі суд! Я ведаю й разумею тое, што дапусьціўся дрэннага ўчынку, прычыніў шкоду прыватнай уласнасьці грамадзяніна старшыні. Сам я прызнаўся ў тым перш, чымсьці пакрыўджаны пасьпеў скласьці скаргу супроць мяне. Чаму я так зрабіў? У чым сутнасьць таго, што зусім сьвядома вырашыў я стаць перад судом? — Сьцяпан дайшоў да канца сьцежкі, да берагу вуліцы, па якой імчалі машыны. — Адкажу я на тое коратка: мой абвінаваўца мае на сваім сумленьні столькі благога, што маё пачуцьцё справядлівасьці патрабавала ад мяне хоць невялікай адпомсты яму. Не, не па асабістых меркаваньнях; іх у мяне не было. Дзейнічаў я як абражаны член грамадзкасьці, якую ганебна ўводзяць у зман і ад імя якой праводзіцца глум над ёю-ж! Старшыня — давераны яму — каапэратыў пераўтварае ў спадчынны фальварак! Грамадзкую маёмасьць мае ён за нішто. Купленыя каапэратывам — за мяжой машыны бескарысна іржавеюць у Бацікаўскай базе або, у лепшым выпадку, бяруць іх сабе розныя безадказныя асобы, бы армейскае дабро, пакінутае адступаючым бокам у нечуванай вайне; зладзеі раскрадаюць наш цымант, цэглу, абагравальнікі, электрычную інсталяцыю. Вывозяць яны тое масава, грузавікамі і ўдзень! Камбінатарства сталася ў нас маральнай нормай. Душыць мяне неспакой. Магчыма, галаслоўны я й забаўны маньяк? Сяржант пазяхаў, слухаючы маё паказаньне... Дзесьці, мабыць, знаходзіцца цалкам відавочная памылка ў маёй задуме, можа, ня столькі памылка, колькі, звычайна, ідыятызм, варты ўсяго пашаны, бясьпечны асяродзьдзю сваёй просталінейнасьцю. Гм, трэба мне мець на ўвазе тактыку, абарону. Кіру ўмешваць у гэтую справу ніяк нельга. Да чаго дайшло!.. Падпал мною легкавой машыны як дзеяньне ў стане афэкту, несумненна, паменшыла-б маю кару й, адначасова, не перакрэсьліла-б значэньня сказанага наконт старшыні — падчас судовага разбору. Не перакрэсьліла-б? Гэта-ж, усё-такі, былі-б апраўданьні абвінавачанага! Суд успрыняў-бы іх як праяву круцельства? Не пашкодзіць памятаць мне пра гэта. Самым надзейным варыянтам маіх судовых паказанняў застанецца, гм, аспэкт афэктацыі? Ну, але якія падставы для таго? Старшыня намаўляў мяне шпіёніць! Не, гэта ня тое... Што ты ні даказвай, усё акажацца ня тым. Забіўся я, халера, у сабачы кут! — Сьцяпан ступіў на тратуар. — Хоць бяры ты й прасі паратунку ў цесьця. — Ён, незнарок, сутыкнуўся з хлопцам, доўгавалосым; узаемна пакланіліся яны сабе ў знак прабачэньня. — Студэнт, які краў на навуку... Чуў я пра такога. Схапіў ён тры з паловай тысячы. Шчасьлівы, ён забыўся запрасіць у рэстаран на чарку кагосьці, каму павінен быў быць удзячным за грошы. Выпала яму з памяці? Потым угаворваў ён сябе, што лішне клапаціўся: той, можа, ня піў гарэлкі або не пажадаў-бы зьявіцца зь ім у публічным месцы? Няпраўда! Студэнт пашкадаваў выдаткаў, міжвольна пашкадаваў, безнамерана. Так, усё-ж апамятаўся й паслаў таму дабрадзею ліст зь перапросінамі, які й загубіў іх абодвух. Хтосьці прачытаў яго, данёс куды трэба, нашумеў. Студэнт пракраўся. Чаму якраз студэнт? Чаму, скажам, ня лекар або ўраднік? Паверыў я ў апавяданьне пра студэнта, як прадчуваньню памылкі? Як намёку на яе. У чым?.." — на выгляд несур'ёзная дылема хвалявала Сьцяпана.