Сумленевічу тузала ў кульшы. Быццам нічога не здарылася, ён пасьвістваў сабе балаганную мэлёдыю. Неўзабаве дыхнула на яго гарам, перамешаным са смуродам нячышчаных зубоў, і мускулістая далонь ухапілася яму за задніцу, каб адкінуць на сьценку. Для пераходу.
— Хто гэта мяне мацае? — запытаў Сьцяпан у расчырванелай морды. — Я дрэнна пераношу пэдэрастыку.
— Зыйдзі мне з вачэй, лахман! — той кальнуў зрокам ашалелага быка.
Сьцяпан урэзаў яму кулаком у падбародзьдзе. Бамбіза, раскінуўшы рукі, валіўся плячыма назад. Узьняўся віск i блізка заплакала дзіця; ён аглянуўся туды.
Той падаў, хапаючыся за што папала. Сьцяпан паправіў свой удар, наводліў б'ючы яго па носе, зь якога пырснула юшкаю. Огненна стукнуў ён яшчэ яму чаравікам між ног i, нягледзячы на жывёльны яго рык, паўтарыў гэта з усяе сілы! Затым, выцягнуўшы з чыёйсьці падарожнай сумкі вучнёўскую лінейку даўжынёю з паўмэтра, Сьцяпан кінуўся зь ёю на банду, амаль адсякаючы прыладаю вуха першаму з буяноў, які сеў, заваліўшы сабою дарогу. "Мілі-іцы-ы-ы-ыя-я-ааа!!!" — недзе енчыў галасіска. Сьцяпан, бы на дрыгвяніку, топчучы па сплеценых нагах адурэлага натоўпу, прагнаў двух, што адвалакалі пакалечанага. Баявейшаму зь іх дасталася ад яго ў дыхавіну, ад чаго той разявіўся й, усё роўна што плаўлены прут, хіліўся папалам... Уцалеў найменшы лабасты, каротканогі й сутаргава неспакойны; ён уцякаў. Сьцяпан, неспадзявана цэльна, аглушыў яго сінім гаршком, які валяўся на падлозе, i раптоўна адчуў сваю стомленасьць усім. Гудзела сумятня й лямант: "Рату-у-унку-у-ууу!.. Мі-ілі-і-іцы-ыя-ааа!!!"
Сьцяпан расчыніў дзьверы й асьцярожліва зыйшоў на прыступкі, пад якімі імчала зямля, пасечаная шпаламі.
Набліжалася станцыя. Яшчэ досыць далёка беляхцеў цагляны будынак i паламанымі запалкамі стырчэлі сэмафоры. Сьцяпан ведаў ад старых, што перажылі нямецкія вывазкі на работы: у такіх выпадках трэба скакаць зь бегам цягніка й добра перабіраць нагамі, каб страціць імпэт, ня бразнуцца вобземлю. Але гэтае яму не ўдалося; перашкодзіў чамаданік, які трэба было загадзьдзя выкінуць у вадхон.
Упаў ён, ажно яму ў галаве пацямнела. (Чамаданік адляцеў у поле, у канюшыну.) Балела Сьцяпану ў калене, там, дзе пашыралася дзіра ў нагавіцах. Пакульгваючы, пайшоў ён мяжою ў кірунку купы дрэваў. Збоч ад іх, рассыпаўшыся ланцугом, ішлі праз збожжа прыгорбленыя постаці. "Аблава?!" Тыя чагосьці шукалі не адгінаючыся, i ён зразумеў, што яны выполваюць асот. Не жадаючы быць заўважаным імі, перабраўся Сьцяпан на другі бок чыгункі (цягнік на станцыі, было гэта відаць адсюль, усё стаяў).
Прымасьціўся Сьцяпан пад кустом, над мэліярацыйным ровам, у якім беднай ручаінай цякла чысьцюсенькая вада; ён пакаштаваў яе: патыхала яна балотам. "Ня мела баба клопату, дык купіла сабе парася, — асядала разьюшанасьць у ім. Неверагоднае, як гэта я адлупцаваў столькі чалавек?! Былі ўсе яны салідна запраўленыя гарэлкаю, аднак моцна дапамог мне ў гэтым вузкі калідор... Чорт шапнуў мне зачапіць шайку! Палез я на дурманаў з-за халернай абыякаўшчыны тлуму, ягонай баязьлівасьці. Ня зьдзівіць мяне, калі на станцыі, акажацца, гуртам шкадуюць там тых лайдакоў ды спачуваюць ім бабы й дзяўчаты, мужчыніскі i ўкормленыя дзецюкі, цэлая збродзіна паказных заступнікаў. — Сьцяпан распрануўся да бялізны й, намачыўшы насоўку, чысьціў плямы на касьцюме. — Хэ, ну й каўбой я! Адкуль i зьявілася ў мяне гэткая разбойніцкая справядлівасьць... Добрасумленна кусаю я, бо заўсёды ёсьць што праганяць, — на крысе яго пінжака ірдзела лапіна алейнага бруду. — Ужываньне насільля зьяўляецца пытаньнем грамадзкай мэтазгоднасьці? Калі так, дык я разграшаю сябе: прадэманстраваў шматлікім асобам, што можна ня толькі ўціхамірыць хуліганаў, але й накласьці ім. Гэ-гэ, пры ўмове, што публіка не ўспрыняла мяне як дзівосу: жарты — гэтулькіх пабіў. Трапіла каса на камень! Жаль, што я ня выкрыкнуў: "За крыўду дзяўчатаў і бабулі, ура, у атаку!" Цяпер, пэўна, кажуць людзі між сабою: гэткага бандыта мы яшчэ ня бачылі, ай-яй-яй... Не дай Бог, паночку, сустрэць яго на дарозе сярод лесу — цябе заб'е, а жонку тваю да паўсьмерці змучыць ды й напаскудзіць ёй на жывот, адзеньне яе падзёртае на яліну закіне, каб ня мела ў чым на людзкія вочы паказацца і ўзьняць шум. Так забаўляліся, пане, марадзёры, што рабавалі за фронтам. — З лужка выехала фурманка, гружаная блішчастымі мяшкамі мінэральных угнаеньняў; селянін крочыў побач яе, паганяючы ляйчынаю каня. — Як мне схавацца за малым гольлем? Сьцяпан прыкінуўся загараючым на сонцы турыстам, што змарыўся вандраваньнем. Адбылося іначай: хлебароб уехаў у нябачную палявую дарожку й зьнік за ўзгоркам. — Сьвішчу я, во, асталопень, у чужым палетку. Плакаць няма як і дамоў блізкі сьвет..."