Выбрать главу

Такія, як Марк Бядоцік, жэняцца не ад каханьня. Стаўшы на работу, ён проста зьнюхаўся са сваёй начальніцай. Зь ёю былі яму зноў усё пірагі.

Рэне Выдрыцкай — пра яе гэта тут — Марк як-бы зь нябёсаў зыйшоў! У навагодні баль яна адкрыла маладзіку рай жыцьця з жанчынай прыгожай і культурнай, а прытым і зь вельмі заможнай. Ёй якраз дарэчы быў такі, а яму — менавіта такая. Што й казаць, кар'еру Рэна мела, дабіўшыся яе самым лёгкім інтэлігэнтнай лялечцы спосабам, ды напасьледак займела, во, маладзюсенькага мужа сабе. Абое — Рэна й Марк — добра выйшлі на гэтым: замужняя каханка заўсёды нарасхват — гэта залаты інтарэс і ёй і яе мужу, калі яны па службе ў вадным месцы. Дзяцей яна не магла мець, што было дадатковым плюсам. А ён нават і не заўважыў яе бязьдзетнасьці, і жылі яны звычайна, як падкі на бабаў хахаль з круцеляватай модніцай. На ўсенька хапала ім, і ў Парыж або ў Лёндан зьезьдзіць.

Сьмерць дырэктара фірмы выклікала радасьць у Рэны! На яго месца прыслалі хвацкага шанцоўніка, які неўзабаве зрабіў Рэну сваім намесьнікам. Але на гэтым і скончыліся яе ўдачы. Далей жыць трэба было нажытым, і тады яна як жанчына першай адчула дзіўную, пакуль што незразумелую ёй самоту. Усё роўна што вяртаючыся зь непраўдападобна доўгага, гадамі музыканячага карнавалу.

Нечакана прыехаўшы дамоў з паказухі ў варшаўскім міністэрстве, — яна ўгдедзела разаспаную шаснастоўку з Маркам у пасьцелі. Раней Рэна сапраўды паводзіла сябе, бы дама, якой такая сытуацыя ня можа быць найважнейшай. Цяпер-жа, хоць і сама ня лепшая, накінулася на дзеўчанё зь імпэтам мужычкі, а Марк, паказаўшы сябе патомным хамутом, даў драпака.

Рэна Выдрыцкая разьвялася з Маркам Бядоцікам. Маёмасьць суд прысудзіў па палове, прызнаючы за ёю кватэру.

Ён пайшоў з добрай работы, новай не падшукаў сабе, зьвязаўся з прастытуткамі, і спаліла яго гарэлка.

А яна дажыла да глыбокай старасьці.

На ёлцы ў вясковага інтэлігента

Я зь некаторай прыкрасьцю зразумеў, што мне ўсё-такі будзе патрэбная ягоная дапамога. Я ведаў пра тое, што ён, Зюнік, урэшце ажаніўся й, бадай, ня час мне йсьці да яго, маладажона, са справаю; ня знойдзецца настрою, гэтае паловы ўдачы. Але, выпадкова, я наткнуўся на Зюніка ў гаражыку пажарнікаў, куды давялося мне зайсьці, да тых шмаравозаў, каб пазычыць — у іх — машынавага алею; там выпівалі.

— А я й шукаў цябе, — адразу сказаў быў Зюніку. Ён застыў з чаркаю ў руцэ й, ад нечаканасьці, ня сьцяміў маіх слоў.

— Добры дзень, Зюнь. Ну, выпі й дай мне сваю лапку на прывітаньне.

Нехта з расчырванелых налівайкаў засьмяяўся на тое, непасьпешліва

й голасна, ад чаго ўсім палягчэла, быццам у нейкай бясьпечнай шкодзе.

— А-а, гэта ты, — загаварыў ён. — Падзелімся чаркаю... Не адмаўляй, калі ласка.

— Не, чаму... Мне пагаварыць з табою трэба.

Гарэлка смакавала. Яна — не агідная, калі яе піць мала ды ў холад.

Хлопцы пазіралі на мяне неяк з надзеяй. Яны не былі-б супроць таго, каб я схадзіў да Ваўчыцы, — па новы паўлітар. Зюнік падаў мне кавалачак пірага, сьвяточнага, дзеля закусі.

— На, бяры, — сказаў ён.

І гэтым разам — чамусьці — сябрына дружна зарагатала. Коратка, густа.

— Дзякую, Зюнік, — пірожнае пахла цынамонам і ваніліяй. — Яшчэ засталіся, калядныя?..

Мы размаўлялі ўдвух і, усё роўна што на сцэне, выразна. Зюнік здагадваўся, што мая ажыўленасьць зьяўляецца прымушонаю й ні ў чым мне не прыдатнаю, штучнай, як той сьмех з жарту, які, праўду кажучы, якраз абражае, ды нельга паказаць таго па сабе.

Я й Зюнік — пайшлі ад зборні (яны, тыя, таксама здагадныя — не затрымлівалі нас).

На вуліцы ён сказаў да мяне:

— Хадзем да нас на ёлку.

— Не выпадае, Зюнь, ісьці да цябе, — адказваў я. — Сёньня-ж нядзеля...

— Кінь ты выкручвацца! — Зюнік зьлёгку штурхануў мяне. — Хадзем, ну, пайшлі-пайшлі.

— У мяне-ж да цябе справа!

— Ну й што? Вельмі добра!

— Дык, можа, я раскажу табе яе — тут?

— Давай, кажы.

І я ўсенька расказаў яму.

Мы сыходзілі ўніз, да мастка. Паінелыя дрэвы бялелі першабытным хараством, ад якога хацелася сьпяваць. Нават падумалася мне: «Чалавек перш сьпяваў, а гаварыць навучыўся — потым».

Я, досыць няўважліва, выслухоўваў Зюнікавы тлумачэньні аб тым, менавіта, што павінен рабіць у сваіх захадах... У мяне зьявілася жаданьне зьбегчы на бераг нашае рэчанькі й чыста напіцца вады зь яе. Пазіраючы на спакойныя дымы з каміноў хат, я ўяўляў накрухмалены абрус, якім заслалі стол, вячэру са смажанінаю...

Пачуў я ад яго: