Выбрать главу

— Што ты сабе думаеш? — загаварыў да Сьцяпана цесьць, прыглядаючыся да ягонай кніжкі, быццам муляр да цэглы. — Рабі штось, каб цябе не зьелі! Чаму ты не пагаворыш са старшынёю, га?

— З кім?

— Яшчэ пытаеш — з кім, гаўняк ты!

— А ён — сыфілітык!

— Ты заглядаў яму пад хвост?

— Даволі паглядзець на яго нос...

— Ня совай, маці, свайго языка, куды ня трэба, — адсек ён старой, якая, Сьцяпан добра таго не дачуў, бараніла зяця. — Я бачыўся з бухгальтарам, сказаў ён да Сьцяпана.

— Я не прасіў вас аб тое.

— Слухай, Сьцяпан, бухгальтар падлічыў, што страты ад твайго падпалу машыны складуць каля пяцідзесяці тысяч, менш, чымсьці спадзяваліся. Вядома, страхавальнае бюро...

— Дадасьць.

— А каб ты ведаў тое.

— Ну й няхай.

— Што — няхай? Будзеш ты плаціць, як за кавалерскае дзіця, старшыні за шкоду.

— Буду.

— Як гэта — буду?

— Звычайна, плаціць.

— Але, паслухай: у страхавальным бюро працуе твой калега, Антон. Ён ведае цябе, памятае, разумееш? Вы, ну, вучыліся разам...

— Не памятаю такога...

— Чорт, а не чалавек! Чаго ты, урэшце, хочаш?

— Мне баліць галава.

— Яна табе яшчэ ня так забаліць!

— Чаго вам трэба ад мяне?

— Ты, паслухай, узяў маю дачку, і я не дазволю на тое, каб яна пакутавала за табою! Ты — мужчына! — павінен клапаціцца пра дом, сям'ю, дабрабыт. Мець жонку — гэта табе не раскоша. Гэта абавязкі! Беручы бабу, трэба ведаць, што робіш...

Сьцяпан не аказваўся. Яму хацелася пашчыпаць старога зласьлівымі слоўцамі наконт яго паводзінаў. Ён, аднак, раздумаў, паўстрымаўся. Гэта супакоіла іх, абодвух.

— Я ведаю, што раблю, — сказаў Сьцяпан.

— Наўрад, — адказаў яму цесьць і закурыў моцную папяросіну. Ён, наогул, мала курыў або й зусім. — Як, скажы, з табою гаварыць?..

— Выкруціцца ад пакараньня я не магу. Гэта абазначала-б мне папасьці ў залежнасьць. Хочаце, каб я быў мужчынам, і, адначасова, намагаецеся зламаць маю цьвёрдасьць, кінуць мяне на калені перад начальнікамі, перад бухгальтарам, які заварвае гарбату старшыні, перад калегам, які, чаго добрага, будзе разносіць па горадзе сьмехі пра мяне. Нашто?

— Дзе тут у цябе сесьці? — стары разгледзеўся наўкола і ўзяў крэсла, што стаяла перад тэлевізарам. — Мы, Сьцяпан, гаворым пра рознае. Твая фанабэрыя давядзе цябе да турмы!

— У мяне — фанабэрыя?

— Ага, у цябе.

— Нечуванае! Мы, можа, сапраўды гаворым пра рознае?

— Так, але ня ў тым сэньсе, пра які ты думаеш.

— Дык у якім-жа?

— А ў такім, што табе, брат, напляваць на лёс чалавека, які даверыўся твайму слову.

— Ах, які высокі тон, — Сьцяпану дранцьвела барада. — Але, прабачце, не магу сьцяміць, калі я даў слова? Я ведаю, каго вы маеце на думцы...

Цесьць перабіў яго:

— Запамятай: разводу ня будзе! I ты будзеш танцаваць так, як табе зайграюць, — яго зрэнкі засмужыліся. — Ыачай, зробяць зь цябе кашу!..

Цесьць схапіўся й пачаў хадзіць па пакоі, гледзячы сабе пад ногі. Сьцяпан, закрыўшы кніжку, сказаў:

— Я разумею ваш неспакой, але вы зашмат сабе дазваляеце ў вадносінах да мяне. Прытым, вы не жадаеце заўважыць, што я, усё-такі, не буян. А калі ўжо нехта павінен баяцца суду, дык ня я.

— Ведаю, ведаю я твае ідэйкі, — ён спыніўся перад Сьцяпанам. — Хто мог падумаць, што ты паверыў у іх, як баба ў чорта? Гэта-ж у галаве не зьмяшчаецца! Трэба быць дурнем першага гатунку, каб наважыцца на такое... Ах, з кім я гавару, — ён няўмела загасіў папяросу. — Шчасьце, што ў вас дзяцей няма, а то было-б — хоць ты аб печ галавою... I як думаеш ты далей жыць з гэткімі мазгамі?

Сьцяпан прайшоў у калідор, абуўся там i зьняў зь вешалкі плашч. Цесьць выйшаў за ім.

— Ты што? Ня хочаш са мною гаварыць?

— Мы ўсё сабе сказалі.

— О не, хлопчык, мы іначай пагаворым. — Ён адабраў Сьцяпану плашч. Дакладна разважым разам усе "за" й "супроць". Як у судзе. Ужо час.

— Калі ласка, — Сьцяпан: "Няхай толькі пачне ён рабіць зь сябе дабрадзея, дык тады я растапчу яго!.."

Пасядалі яны неяк урачыста.

— Ты, Сьцяпан, адукаваны чалавек. Зразумееш мяне. Прынамсі, зразумееш, стары заціснуў далоні ў вадзін кулак. — Так я лічу...

— Абяцаю вам.

— Пастарайся, галубок. Гэта будзе ў тваіх інтарэсах.

— Не сумняваюся, — іранічна ўсьміхнуўся Сьцяпан.

— Сьмейся ты, сьмейся... Старому прызнаеш рацыю. Я, у маладосьць, таксама ня быў лепшы. Ну, так, — цесьць паглядзеў у вакно. — Табе трэба пагаварыць з калегам са страхавальнага бюро. Зараз гэта самае галоўнае. Суд возьме пад увагу суму стратаў...

— Мы, здаецца, меліся весьці гаворку больш прынцыповую, — прыпомніў цесьцю Сьцяпан.