Выбрать главу

З вуліцы насупроць, зігзагам, вылазіў матацыкл, на якім п'яна гарлапанілі. Згледзеўшы ў пражэктарным сьвятле самотную грэшніцу, тыя спрабавалі пад'ехаць да яе й, струціўшы раўнавагу, перакуліліся на сярэдзіну дарогі; матор, трохі пахрыпеўшы, заціх.

— На-а-ага-ааа!!.. Янэк, нага!.. — якісьці зь іх стагнаў, і, у непагашаным бляску, мітусілася пужліва растапыраная людзіна, кідаючы на блізкія хаты дапатопныя цені.

Ва ўцякаючай спутаным крокам модніцы Сьцяпан — вачом сваім ня верачы! пазнаў Кіру! Па галаве пазнаў ён Кіру, па ніжэйшым левым плячы яе i па адзеньні. Па аглядцы, хоць яе не ўлавіў ён у яркай смузе. Гэта была яна! Ён раней прадчуў — па голаое, па сьмеху задаволенасьці мужчынам, калі вылузвалася яна зь яго рук, з абдымкаў...

Даганіць Кіру?

Увайшоў у маладую збажыну...

Памакрэлыя ад расы нагавіцы прыліпалі яму да лытак, ногі грузнулі ў рыхлай ральлі. На Самулёвым пагорку старажавала вышка, за якою маленечкімі іскаркамі папярэджвала пра сваё йснаваньне высакавольтная лінія.

"Кіра гэта — там? Я ператомлены, у мяне дрэнна са зрокам, дажыўся я жахлівай трызны! Ня можа таго быць, каб у альтанцы, у доміку, у той цацачнай будцы, зь якой напамаджаныя морды абнюхваюць вяргіні ды язьміны на загоніках, яна зыходзілася з кімсьці, каму, пэўна, напляваць на яе, на мяне, на ўсё! Зь якім-небудзь засранцам, залатавусным набабнікам або сынком багатага бацькі, Сьцяпан абмацаў кішэні ў пошуках папяросаў. — Не гарачыся, Сумленевіч, пачакай: ідзі, паглядзі ды запамятай нумар сядзібы, агароду, і правер у адміністрацыі, хто там гаспадар. Тады ўжо й думай. Ня стой ты, а яшчэ лепш бяжы за жанчынай, яна адыйшлася не далей, як на сто крокаў, і сачы за ёю, каб упэўніцца, ці Кіра яна? Спатрэбіцца — перапыні яе, нешта прыдумай, каб, у выпадку памылкі, сказаць ёй: выбачайце. А калі, усё-такі, акажацца, што яна... ну..." — ён павярнуў наўскасы, папоцемку абмінаючы клічучых на дапамогу. Каля платоў наскочыў на Сьцяпана сабака, чорны як ноч, зь белым грэбенем зубоў, і, дастаўшы абцасам па носе, працягла заскавытаў.

На ненармальна апусьцелай вуліцы Сьцяпан пабег, з радасьцю сьцьвярджаючы, што наперадзе нікога няма.

Дома зьдзівіла Сьцяпана ня тое, што Кіра даводзіла сябе да парадку, вычышчваючы спадніцу й папраўляючы прыгожую прычоску, але — яе вочы. Пасьпешна зачыніўшы за сабою дзьверы, ён сказаў: — Добры вечар, Кіра.

Паміж імі, мажліва, няхутка дайшло-б да пераломнай размовы, й, некаторы час, маўчалі-б яны кожны пра сваё, калі-б не яе ўмельства валодаць сабою, на хаду пазбывацца разгубленасьці.

— Дзе гэта ты быў? — адказала яна на яго прывітаньне. — Глянь, якія ў цябе нагавіцы! Мо' валяўся...

— Я не тваёй натуры, — адсек ён.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Хочаш ведаць?

— Ня скажаш мне?

— Падумаю, — Сьцяпану ўсё здавалася, што ўблытваецца ён у лішняе. I непапраўна шалёнае, у чым будзе потым шкадавацца.

— Дзякую табе за тое, што хоць у дачыненні да мяне ты думаеш, — зьедліва адказала яму Кіра. Гэта быў яе намёк.

Сьцяпанам панесла:

— Я не пацярплю, Кіра, твайго зазнайства, круцельства й, наогул, адносінаў да мяне звысоку!

— Го-го, — паківала яна галавою, не адхіляючыся ад люстра. — Ты дасканала ахарактарызаваў сябе. Не дасьціпна, праўда, ды затое коратка. Наступную тыраду прашу вымаўляць цішэй — людзі сьпяць.

— Можаш мне сказаць, дзе ты была? — ён запытаў яе амаль шэптам. Яму перасохла ў горле.

— Пра тое-ж я запытала цябе, — зашаптала яна, крыўляючы яго зь неспадзяванай весялосьцю.

"Яна шчасьлівая!" — зразумеў Сьцяпан. Ён нахіліўся, каб разбуцца (ад запэцканых пантофляў адвальваліся камякі гразі). З-над вушэй выцякаў у яго пот, утвараючы на барадзе кроплі.

— Я, Кіра, хадзіў на шпацыр i бачыў, як вываліліся тыя два на матацыклі... — ён паглядзеў на яе спадылба, ня могучы разьвязаць шнуроўку, якая безнадзейна зашмаргнулася.

— Вываліліся?.. Дурні!

Гаварылі яны далей шэптам. Ды ня гэта ўразіла Сьцяпана; яна, адразу прыкмеціў ён тое, страціла на сваёй самаўпэўненасьці i ўзялася, зусім бяз сэнсу, прырэзваць свае маляваныя пазногці. I ўся яна неяк адразу стаілася.

— Я клікаў цябе, — махляваў Сьцяпан. — Ты ня чула мяне?

— Не-а, — Кіра ня здолела сабрацца ў сабе, пстрыкала манікюрнай прыладаю, прыкідваючыся ўважлівай да робленага. — А дзе ты мяне клікаў? — яна не падняла галавы. У яе чырванела шчака.

— Калі ты не пачула, дык рэшта няважная, — адказаў ён галасьней: "Божа мой, я суцяшаю сябе тым, што Кіра не захлусілася? Што ёй не ўдаецца вылгацца й яна выдае сябе? У яе няма прадуманай хітрасьці, якая зьнішчае пачуцьці. Але, што здарылася?" — Кіра, скажы, ты разьлюбіла мяне? — Сьцяпану падабалася расейскае "разьлюбіла". (Маці, часамі, сьпявала падчас сваяцкіх застольляў пад Беластокам...)