Выбрать главу

— Гэта што? — адказала Кіра. — Новы варыянт тваёй барацьбы за шчасьце? Ці мо' гэта спроба перавыхаваць жонку, якая зазналася? Шантажам! — яна падыйшла да шафы. — Адыйдзі, дай мне месца...

— Гэта спроба, Кіра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў доміку на агародах? — выказаў ён словы, якіх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:

— Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? — глуха крыкнула яна на яго. — Нічога лепшага ты ня ўмееш рабіць?! Чалавек вялікай амбіцыі, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Маніфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыі павесіў ён на цьвічок i стрымгалоў паімчаў за нявернай палавінай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзінца, што самотна рохкае ў разорах. Які ўпадак!

— Жартуеш! — бялеў Сьцяпан.

Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.

— Гэта ты жартуеш, калі ня ведаеш таго, — яна падстушлася да яго ўпрытык. — Заводзіш гульню ў дабрадзея, за якую іншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нішто й ніколі ня будзе яснае, — Кіра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скідаючы зь сябе блюзку. — Няшчасная я...

— Адну хвілінку, — пратэставаў Сьцяпан. — Ты, Кіра, мае справы кінь i адказвай на пытаньні. Чуеш?

— Што гэта значыць, твае справы й мае справы?

— З кім ты сустракаесься?

— Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?

— Не грубіянь...

— Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кінь, — яна аглянулася на яго ад атаманы. — Так будзе нам лепш.

— I гэта гаворыць мая жонка?

— Як і ты, мой муж...

— Я маю права ведаць...

— Як і я, чаму ў цябе мокрыя нагавіцы!

— Ішоў я цераз збожжа...

— Прытуляючы дзеўку да грудзей?

— Якую дзеўку?! Я... я...

— Ведаю — ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, — сказала Кіра са спакоем. Яна расьсцілала пасьцель.

— Ня буду я з табою спаць.

— Слушна. Другім быць — ня гонар.

— Хто ён?

— Малады, моцны і сьвядомы сваёй мэты.

— Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?

— Яму — так.

— А табе — ён?

— Не.

— Не?

— Не.

— Дык хто? Або — што?

— Не, хто. Ты!

— Я?

— Ага.

— Скажы мне гэта яшчэ раз, — ён заціснуў кулакі.

— Калі ласка: ты!

— Як гэта я павінен разумець?

— Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрміналёгіі — зло перамагаю я... злом!

— Ты, мабыць, п'яная?

Сьцяпан нацэліўся ўдарыць Кіру па шыі, ззаду. Перашкодзіў гэтаму вокліч цешчы: "Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!"

— З маладым можна прахліснуць і паўлітра, — Сьцяпан сказаў гэта Кіры з абыякавай іроніяй. — Тады адбываецца сьмялей...

— Так?

— Пытаеш?

— У вопытнага — чаму-б не?

— Кіра, не рабі зь мяне такога, як сама ты.

— Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьціню.

— Я цябе не пазнаю, Кіра. — У яго галаве мацнеў шум, і, ад слабасьці, яму падкошваліся ногі. — Што з табою?

— Сачыў-жа — ведаеш.

— Але: чаму, чаму?

— Чаму? — яна зьняважліва надзьмула губкі. — Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? — Кіра спалохана змоўкла; энергічна падбіла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.

— За што?!

— За абняслаўленьне старшыні ўчынілі-б яны табе наступны суд. Сьведкі ўжо падрыхтаваныя. I дакумэнтацыя.

— Дакумэнтацыя? Якая?

— А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публічна ганьбіш добрае ймя кіраўніка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцяміў?

— Гм, — зьдзівіўся Сьцяпан.

Кіра расшпіліла станік.

— Ёсьць пісьмовыя паказаньні наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагодніцу пра каапэратыў i яго старшыню, актывістаў i кіраўнічых работнікаў, у рэшце рэшт, i пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, — яна апусціла майткі й, голая, скамандвала: — Падай мне піжаму, я памыюся...

— Хі...

"I як цяпер цалаваць яе, адбымаць, туліцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якіх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, — боль пранізваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калі, пакутуючы ад запаленьня падкосьніцы, апынуўся ён у інстытуце зубной хірургіі, дзе з дапамогай доўгіх шпілек праводзілі яму блякаду нерваў сківіцы. Халодны боль! — А з кім-жа яна? Божа, дай мне цярплівасьці! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! — Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. — Ну, Кіра фізычна аддалася... Якая розьніца — ва ўяўленьні ці фізычна? Або хіба раз я марыў пра тое, як гэта наваліцца-б на тую ці іншую прыгажуню! I, несумненна, сталася-б яно так, калі-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, іначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта — адзінае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць i гвалтаўніка, калі ён праявіць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! — ён выцерся насавой хустачкай, бруднай i прапацелай. — Кіра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьці мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьці, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмі??!"