Выбрать главу

Кіра вярнулася з ваннага.

— Зачыні, Сьцяпан, акно. Я распараная, магу застудзіцца, — загаварыла яна, як бы ў нічым не бывала. — У нас працякае кран. Ты пазвані ў адміністрацыю, каб далі новую пракладку. Не забудзь таго, Сьцяпан.

— Ага...

— А працу давядзецца табе зьмяніць, — Кіра вярнулася да недаказанага. — I то зь першага. Заўтра пагаворым аб гэтым з татам. Хадзем ужо спаць. Позна, па ілбе й носе расшмароўвала яна сабе крэм.

"Вада супакойвае", — Сьцяпан нічога не адказаў ёй.

Яна дадала:

— I я вазьму сабе працу.

— Ты, Кіра, ужо працуеш.

— Перастань, Сьцёпа! — абліла яго гнеўным позіркам. — Не мая ў гэтым віна, i трэба забыць...

— З кім ты дабілася таго?

— Я не казала табе?

— Не.

— Са старшынёю.

— З гэтым падлам?!

— А з кім ты думаў?

— Гэта яго агарод там? — дапытваўся ён. Адчуваў Сьцяпан, як у ім усё недзе апускаецца, як мярцьвеюць яму ступні і дзеравянее патыліца, па— дзіцячаму дрыжыць барада.

— Яго.

— Я заб'ю цябе, Кіра.

— Але перад тым — пасьпі.

— Кіра-а!!.

Яна схапілася.

— Мама!! — крыкнула Кіра, упёршыся плячыма ў сьцяну. — Не дурэй, Сьцяпан, ну!

У дзьвярох зьявілася цешча. Яна шмат чула, й гэта было відаць па яе зусім ня сонным твары.

— Чаго ты хочаш ад яе? — старая грузна прасунулася дапераду. — Ня муч ты нас! Адкуль і ўзяўся ён такі? Ах, Божа мой, Божа!..

— Хто каго тут мучыць?! — выскаліўся Сьцяпан.

— Ты што хацеў ёй зрабіць?

— Даць, курве, па мордзе!

— Што ты сказаў?! — загрымеў з глыбіні спальні цесьць.

— Тата! — віскнула Кіра, й гэтага было ўжо дастаткова.

Сьцяпан ступіў да жонкі й замахнуўся на яе.

— Ста-ань!!! — цесьць з ашаламляльнай лёгкасьцю падскочыў да Сьцяпана й схапіў яго за грудзі. — Табе жыць абрыдла, га?!

— Пусьцеце-е! — вытузваўся Сьцяпан. — Я йду ад вас.

— Нікуды ты ня пойдзеш, паганец! — прасіпеў стары.

— Але. Змарнаваў дзяўчыну, й цяпер ён пойдзе сабе гуляць, — сакатала цешча. — Хто яе зноў замуж возьме? Разумны які знайшоўся!

— Я болей ня муж ёй.

Кіра закурыла. Яна выглядала на курку, якую выгналі з рассадніка; ад крыўдьI забылася выкрычацца.

— Ну, гаўняк, абсядзь, кажу табе! — цесьць цяжка адступіўся, як бы спадзеючыся разьюшанай бойкі. — А ты дзе ўночы цягалася?! — вызьверыўся ён на дачку. Сьцяпан здагадаўся, што стары карыстаецца прыёмам нікому не прызнаваць рацыі; знакаміта суцішыў ён авантуру. — Куды ты бегала, цябе пытаю?!

Спрытная, Кіра вінавата маўчала.

— Ну, Кірачка...

— Выйдзі, Альбіна, — цесьць у гневе называў старую Альбінай, пасьля чаго яна не адзывалася. З гэтым імем зьвязаная, відаць, абразьлівая ёй прыгода.

Наступіла цішыня, у якой чуліся перабрэхі сабакаў у панадворках.

Калі засталіся ўдваіх, Кіра сказала:

— Сьцяпан, выслухай мяне да канца.

I гэта паўстрымала яго.

— Слухаю.

— Памятаеш, Сьцяпан, як старшыня гасьцяваў у нас у Каляду?

— Так.

— Ён быў тады адзін.

— Так.

— Бяз жонкі.

— Каб прымерыцца да цябе, — упікнуў яе Сьцяпан.

— Тут i ўся загадка, — Кіра не прыняла яго выкліку.

— Якая?

— Ён — імпатэнт, — сказала яна грубую дурноту, але з крышынкай зьдзеклівасьці на вуснах.

— Гэты буйвал? Не хлусі, Кіра! — ухапіўся ён за нешта нечуванае.

— Сьцяпан, — яе аблічча пасуровела. — Я не здрадзіла й ня здраджваю табе. Прашу: павер ты мне. I калі-б ня гэтая няшчасная выпадковасьць, нам лягчэй даўся-б той паварот жыцьця, на якім абое мы апынуліся. Я ўчыніла табе, Сьцяпанка, гідасьць не таму, што яна сапраўды адбылася, але таму, што ты наткнуўся на яе.

— Усё роўна, што на каровін ляпняк, — ён зласьлівіў ёй. Яго хіліў сон, i гэта была добрая пазнака.

— Бачу, што няхутка мы зможам быць сардэчнымі сабе.