Выбрать главу

— Сардэчнымі? — Сьцяпан усьміхнуўся пад ногі. — Столькі разоў мы сказалі сабе ўсё, што было галоўным кожнаму з нас паасобна... Суду, значыць, ня будзе?..

— Ня будзе, Сьцяпанка, мілы мой! — ажывілася Кіра. — Старшыня накіруе справу так, што страты ад падпалу яго машыны акажуцца невялікімі й цябе засудзяць толькі ўмоўна...

— Цудоўна!

— Сьмейся ты з суду, які абыйдзецца без турмы! Дадуць табе, скажам, тых умоўных восем месяцаў, ну, год. От, скажаш суду, што незнарокам... Зрэшты, дакладна абмяркуем яшчэ...

— Са старшынёй?

— Ня будзе ўжо патрэбы гаварыць зь ім, Сьцёпа.

— Пазлавалі, пазлавалі, i пасьцелька пагадзіла іх — заўтра скажа пра нас твая маці. Маладыя, зялёныя... Вырастуць, дык i скура пацьвярдзее ім. Да Кірушкі маёй дабраўся сівы дзед, ды што ён мог зрабіць ёй, дзеўцы як рэпа. А зяцёк, булава, як ня вырачыўся на яе, быццам сямёх яна на сабе вазіла! I было гэта за што, Альбіна, га? Свары, крыкі на цэлую вуліцу... Людзі падумалі пра ліхое, — крыўляў Сьцяпан.

— Адстань ты ад маці.

— Эт, нічога благога я пра яе асабіста не сказаў.

— Слухай, дарагі: пасьля бойкі рукамі не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлівым i дадумайся да таго, што ва ўсім гэтым рызыкую я й толькі я! Па ўласнай, непрымушонай волі.

— У мяне, Кірушка, узьнікла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якім пакарыстаесься, калі Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маім характары нагоды для таго, ой, будуць.

— Сьвіньня!!!

— Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылі вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзіць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...

— Сьці-і-хні-ііі!!! — яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпаліся сьлёзы, трохі як у лялькі, якую вырабляюць немцы. — Сьці-іхні!.. Сьціхні...

Цешча ўрачыста прачыніла дзьверы.

— Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, — прамовіла яна.

— Шок, — тлумачыў старой Сьцяпан, — паскудны шок у яе, якіх тысячы штодзень. Аміяку ёй, Кіры, пад нос! Няхай дыхне ім, дык умомант зрэнкі пакруглеюць ёй. Ого, аміяк. Зараза! — гаварыў ён са сьцішнаватай дабрадушнасьцю. — Ну, я пайшоў...

— Дочанька, Кіранька, ты чуеш мяне? Кіра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, ціха, ша-а... Вось так, адпачні... Я пагашу сьвятло...

27.

Сьцяпан беспамылкова трапіў у вагарод старшыні. Ён узламаў сьмешны замок на хісткіх дзьвярох альтанікавага доміку, запаліў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкім ложку са скрыпучымі спружынамі. Губы сьпякліся яму ад смагі; ён устаў, каб напіцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; ім напісаў пад стольлю СТАРШЫНЯ + КІРА, а знадворку — ад вугла да вугла — ІМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы літарам сьцёблы; Сьцяпан некалькімі падоўжанымі мазкамі вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзівацкага квяцістага арнаманту.)

У якімсьці задворку сьпяваў адурэлы певень. I не знайшоўся другі, які— б адказаў яму.

На ўсходзе паясьнела неба, і Сьцяпана змарыў сон.

Адзін з тых сноў, падчас якіх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамі. "I што ты пра ўсё гэта скажаш? — пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якім ужо перастаў быць. — Твая Кіра зусім не дзіва нейкае, — азваўся той Сьцяпан. Мая, напрыклад, Ніна мела сон, у якім я загадаў ёй легчы з начальнікам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылі кватарантамі, з маленькімі дзяцьмі... — А пасьля, дык што яна сказала табе? пацікавіўся Сьцяпан. — Нічога. Начальнік, на шчасьце, вельмі хутка стаміўся, адказаў той за Ніну. — Заснуў? — дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. Але, ды мая Ніна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклінаючы ўрадаўскага слабака, — прызнаваўся далёкі Сьцяпан. — А ты, дык што? — ён не дазваляў яму зьнікнуць. — Я? Плакаў, зачыніўшыся ў туалеце, і вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жніўні", — адказаў той Сьцяпану.

— Далі?

— Гэта быў сон, Сьцяпан, — прыпомніў яму іншы Сьцяпан. — Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем і паклала на маю талерку лішнюю порцыю вэнджанай шынкі. Яна, ведаеш, скупая — дазваляе мне курыць толькі танныя папяросы, а ў нядзелі дае сем злоты на піва, мутнае, бо дайлідзкае...

— Мая справа, дарагі, — гэта ня сон, — ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. — У мяне ўсё сапраўднае!

— Сапраўдным мы прызвычаіліся лічыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, адказаў Сьцяпану іншы Сьцяпан. — Твая Кіра, во, здрадзіла табе ў нашым значэньні, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, ці не сутыкнуліся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьці, э, перавысіла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьці застаюцца пераважна юнакамі, э, ведаеш...