Тэлефон зьвінеў доўга, пакуль Сьцяпан працягнуў руку па трубку. (Ён, мабыць, не прыняў-бы яго, калі-б згледзеў, што гэта ўнутраны апарат.)
— Тося? — пачуў Сьцяпан у трубцы й адразу здагадаўся, што гэта звоняць яго сакратарцы; у яе, праўда, іншае ймя, але жанчыны любяць перахрышчвацца.
— Пані Тося сёньня не працуе, — адказаў ён камусьці.
— Прабачце мне, пане загадчык, што вас патурбавала: тэлефаністка так спалучыла...
— Нічога ня здарылася, — перабіў ён галасок з галоўнага сакратарыяту; адтуль званілі. Сьцяпану разанула ў грудзях, і ён, невядома чаму, забаяўся, што ў яго зараз пачнецца крывацёк. — Нічога... Бывайце шчасьлівыя, — ён у такіх выпадках расказваў анэкдот. Бывала, дзеля гэтага дурылі яго прадпрыемлівыя беларучкі.
— Я, пане загадчык, павінна перадаць вам ліст. Дазвольце зайсьці.
— Калі ласка.
I толькі пасьля падумаў Сьцяпан, што яму трэба было адцягнуць яе прыход настолькі, каб мець час выйсьці ў горад пагаліцца (цырульні ля Варшаўскай адчыняюцца ад дзесяці), набыць туалетны камплект; прыпарадкавацца.
Яна ўвайшла, хуткая й на модных абцасах, зусім ня гледзячы на Сьцяпана.
— Дзякую, — сказала, калі ён неадкладна расьпісаўся на копіі атрыманага ім лісту, i гэтак-жа энэргічна выйшла.
Пакінула яму благі дакумант. Ня трэба было быць псыхалёгам, каб адчуць тое па гэтай жанчыне. Больш таго: Сумленевіч быў у стане прыблізна сказаць, чаго, менавіта, датычыла аштампаваная паперка з выкрутастымі подпісамі, характэрнымі тым, хто хварэе на малазначнасьць.
Пакратаўшы ўказальным пальцам чарніліцу з пэгасаўскім пер'ем, чортведама кім i адкуль прыдбаную сюды, Сьцяпан, ня могучы ўседзець проста, круціўся ў крэсьле, машынальна выціскаючы прышчыкі на носе. "От, заразы!" — ён суцішыўся на хвілю, вывучаючы спачатку тыя подпісы (карацюткі тэкст). Так, гэта была пастанова ўправы каапэратыву аб пераводзе Сумленевіча з пасады загадчыка аддзелу на рэфэрэнта. Пераўтварылі яго ў маленечкага, ад сёньня заўсёды трусьлівага, чалавечыка, як сказаў-бы пра становішча Сумленевіча адзін зь яго сэзонных сяброў (зь нятоенай, вядома, задаволенасьцю).
Зрэшты, хтосьці зь іх — канкрэтна не запамяталася гэта Сьцяпану — адведаў яго, бадай, у той-жа дзень. Паводзячы сябе бы наведнік заапарку, ён з жартаўлівай, але досыць праўдзівай, асьцярогай падаў Сумленевічу руку.
— Ну й зарос ты, Сьцяпан, быццам воўк у клетцы!
Так: у той дзень.
— Воўк?! — зьдзівіўся Сьцяпан. — Ваўку, хіба, трэба абрастаць?
— Гэ, бадай, не, — ён усьміхнуўся па-бабску, з пляткарскай сымпатыяй. — Ты нікуды не паказваесься, таму й падумалася мне пра зьвера... — гаварыў Сьцяпану шмат і ахвотна.
Ён не прыйшоў дамаўляцца зь ім на выпіўку; здаецца, што — ад некаторага часу — i ня піў (зноў пачаў прысядаць ён да чаркі, як потым сказалі Сьцяпану, у пэрыяд рэарганізацыі, якую, усё-такі, правялі).
— Сьцяпан, — загаварыў ён з аглядкаю. — Сьцяпан, кідай ты пад халеру каапэратыў i бяжы адсюль, куды цябе вочы панясуць!
— У чым справа?.. — запытаў яго Сьцяпан. Гаварылі яны да сябе па імені; у яго было рэдкае ймя — Анастас?
— Гэ, муж нявернай жонкі даведваецца аб усім апошнім... — i ён расказаў Сьцяпану пра вельмі важнае.
Але Сьцяпан ня чуў яго, задумаўшыся над сьпісаным алоўкам. Таму ён i перапытаў размоўцу, перш папрасіўшы ў яго папяросу (забыўся купіць пачак "спортаў"):
— Ага, прабач... Як ты сказаў?
— Ня верыцца табе, га?
— Чаму? Цікава...
— Цікава, кажаш? Браток, тут табе ўцякаць трэба! Бегчы, няхай сабе й зь дзьвярыма на плячох — пазбудзесься дошкі з клямкай на вуліцы, калі прыпынісься, каб пераканацца, ці не даганяюць цябе, гэ... На, закуры яшчэ, ён падаў Сьцяпану дзівосна тоўсьценькую папяроску, даўкую. — Сам я чуў усё наконт цябе, яны ня тояцца з гэтым. Больш скажу: спэцыяльна гавораць яны пра тое ўголас, каб падрыхтаваць настрой сярод так званага калектыву. Нябось, недурныя госьці, гэ... Што? Думаеш — я махлюю?
— Ты, калі ласка, паўтары мне...
— З табою, Сьцяпан, размаўляць горш, чымсьці з бабуляю, — гаварыў ён зь бестактоўнай весялосьцю. — Слухай: яны ўчыняць над табою грамадзкі вэрхал, іначай — агульны сход працаўнікоў установы закляйміць цябе, як небясьпечнага хулігана й вырадня! Сьцяміў? Гэта называецца пазытыўна паўплываць на незалежны ў сьвеце суд, на які, несумненна, аддасьць Сумленевіча гэтая хэўра. Сьведкаў падрыхтавалі. Ты ня сьпі ў шапку, пагаліся, браток, і, плюнуўшы на дурны штат, салідна акопвайся са сваёй бандай — чыя акажацца яна большай, таго й праўда будзе, — ён змоўк у чаканьні ўражаньня.