Выбрать главу

— Ты запамятай сабе, што ад сёньня мы зьяўляемся шваграмі, гэта значыць, ад мінулай ночы, і будзем карыстацца між сабою формай "ты".

Старшыня выключыўся.

— Звалата! Круцель! Паганец! — Сьцяпан ператрасаў шуфляды пісьмовага стала ў сьляпой надзеі знайсьці там ладны недакурак; часамі валяліся яны ў звалцы ўсялякіх алоўкаў. — Дурная Кіра! Дурныя бабы! Дурны сьвет! А найдурнейшы Глянцпаперчык! Ён, гэта тая людзіна, што нічым ня стане рызыкаваць. А чаго-ж ты, брацец-Гляньцец, даб'есься ад свайго лёсу бяз рызыкі, га? Сярэдняй пэнсіі на старасьць, ня болей. I горка сам заплачаш перад сьмерцю, што так недарэчна жыў столькі гадоў, столькі гадоў... Да чаго-ж гэта ўжо даходзіць: штораз больш людзей дрыжыць за кавалак чагосьці ім дадзенага, — бушаваў Сьцяпан, аднак-жа, не падпускаючы да сябе поўнай пераконанасьці да выказанага, каб не разгубіцца. Не ашалець! — Бач ты яго, Глянцпаперчыка: знайшоўся ён мне дарадчыкам! Ты, маўляў, Сумленевіч, уцякай з гэтай працы на іншую. Калі ня зробіш таго загінеш! Яны, бандыты, наладзяць над табою гэткі глум за нішто, якога ты да канцавіны сваіх дзён не забудзеш. А я, ідыёт, што й казаць, прыняў яго словы да сэрца, прыпужаўся, забыўся на тое, што мне якраз трэба публікі, публікі мне трэба, публікі!.. Сказаць — перад усімі — праўду патрэбна мне, выкласьці яе ўвачавідкі. Я разумею, што праўда можа й сто гадоў ляжаць, быццам багэмскі пярсьцёнак, гэтае прыдуманае нібы— золата. Выклічуць мяне на грамадзкі суд?.. Гэтым яны самі падлезуць пад нож! Бог ім розум адабраў... Кіра ўсё гэта падказала казлу, абдурыла яго, каб такім чынам адпомсьціць яму? Не, яна разьлічвае на дзеяньне хабару: просьценька, паслухмяна, даверліва. Улада прайдзісьветаў трымаецца, а як-жа, на тым, што звычайны чалавек ня верыць у тое, што найжахлівейшае паскудзтва можа сабою прыкрываць яшчэ больш жахлівае. Задам я ім пытлю на іх судовым фарсе, скрозь зямлю яны праваляцца! Пачну я сваё выступленьне з этычна-маральнай характарыстыкі шэфіка. Кіраю ён не паслужыцца... Могуць, хакеры, апамятацца ды раздумаць інсцэнізаваць апавяшчэньне грамадзкай анатэмы супроць мяне. Што тады мне рабіць? Як гэта будзе можна заахвоціць іх для таго, каб пачуліся яны зусім упэўненымі... Трэба мне прыкінуцца перапалоханым? Хоць гэта й птушыны, але — неблагі спосаб. Заўтра, у старшыні мо' нат удасца й расплакацца?.. Ах, у мяне больш шчасьця, чымсьці розуму...

* * *

Адбылося інакш.

Цяпер Сьцяпану зразумела, што старшыня — у сапраўднасьці — забаўляўся. Гэта была спрэчка паміж гадзіньнікавым майстрам, які ведае мэханіку часу, i яго кліентам, які ўмее толькі злавацца на тое, што ўсё часьцей ён плаціць за рамонт паношанага.

У сваю апошнюю, ранішнюю, гутарку зь ім Сумленевіч, як гэта яму ўяўлялася, хітраваў цэльна.

Сказаў ён нягодніку:

— Я вельмі дзякую вам, пане старшыня, за тое, што вы схацелі прыняць мяне. Прашу прабачыць мне ўчарашняе маё грубіянства; я непатрэбна расхваляваўся, але гэта ніякае апраўданьне маё. Вінаваты я! I нават, калі вы па сваёй ветлівасьці й дабрыні пачнеце супакойваць мяне, дык усё роўна застануся я ў смутку... Сьцяпан гаварыў i гаварыў, чакаючы слоўца рэплікі ад старшыні. Успацелы, ён змоўк.

Тое, што старшыня не папрасіў яго сесьці ў крэсла, Сьцяпан палічыў спрыяльнай яму праявай, уданым паглыбленьнем задумы.

— Я слухаю, э, вас, — азваўся старшыня да Сьцяпана, папіваючы чорную каву з узорыстага кубачка.

Складвалася нешта па-вялікапанску абражальнае; аб лепшым разьвіцьці падзеяў Сумленевіч i ня мог марыць: "Цудоўна! Каб адно не папсавала ўсяго тут тэма Кіры..."

— За гэты няшчасны падпал я ня толькі гатовы, але й павінен адпакутаваць, пане старшыня! — вярэдзіў яму Сьцяпан. — Прашу я вас аднаго: забудзьце вы пра мае сьмешныя ідэйкі! I паверце мне: за гэтыя дні я шмат чаго перадумаў. Зараз стаў я іншым чалавекам. Вы не палічэце маіх словаў, крый мяне Божа, як намёк на спагаду... Суд вызначыць меру маім учынкам. I калі я чаго баюся, дык паблажкі...

Сьцяпан недзе даў маху.

Гэты балван, перад якім ён спавядаўся, перабіў яго:

— У мяне, э, няма часу. Ці гэта ўсё, э, што вы хацелі мне сказаць? Э...

— Гэта ўсё. Дзякую вам. Я вельмі вам дзякую, пане старшыня! — маласловіў Сьцяпан. Яму адбірала дых радасьць, радасная палёгка, яе тандэтны гатунак.

Пагрозьлівасьць, праўда, ён адчуваў, але падобную да пагарды.

Грамадзкага суду над Сумленевічам старшыня не зьбіраўся наладжваць, у чым Сьцяпан, аднак, ня меў пэўнасьці. Распускаючы чуткі пра свайго дзіўнага супрацоўніка, ён, як шэф, меў на ўвазе ізаляваць яго ад асяродзьдзя. Страхам!