Выбрать главу

— Колькі мне ўлепяць?

— З гэтым пытаньнем вы да мяне не зьвяртайцеся.

— Я разумею, пане пракурор. Але — калі можна — скажэце мне, якую кару за мае ўчынкі вы прадбачваеце? — Сьцяпан трымаў на языку: "Або спадзеяцеся".

— Xi, падумаю, пане Сумленевіч. А так, праўду кажучы, дзіўны з вас чалавек. I наіўны. Так, наіўны.

— Бо я выжываю поскудзь?

— Поскудзь?

— I вы мяне, таксама, не зразумелі.

— Я вас зразумеў, прынамсі, так мне здаецца. Я не сумняваюся ў вашай альтруістычнай адданасьці, аднак-жа, ня вам гэта брацца за барацьбу супроць злоўжываньняў.

— Справядлівасьць патрабуе спэцыялізацыі?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Гэта, пане пракурор, я дагаворваю вашу характарыстыку мяне. Значыць, я павінен лічыць сябе самадзейнікам у галіне перамаганьня адмоўных зьяваў у грамадзкім жыцьці, у галіне сямейнага шчасьця, таксама ў галіне каханьня, у галіне сэнсу працы i ў галіне веданьня самога сябе... Ва ўсім ёсць спэцы?

Пракурор засьмяяўся — ні то пацешліва, ні то злосна.

— Што-ж, эпоха выбарных судзьдзяў мінула, відаць, беспаваротна. I публічных абвінаваўцаў некалі выбіралі шляхам галасаваньня. Я не пярэчу, што гэта мела свае добрыя бакі, але яно было сэнсоўным толькі тады, калі чалавечы розум мог яшчэ быць Леанардам да Вінчы. Ня зараз, не.

— Мяне, здаецца, палохае тое, што разьвіцьцё чалавека адбываецца ў кірунку яго частковасьці, якая нагадвае ракавую апухліну. Мы, вось, сядзім перад сабою: я — самадзейнік у галіне заканадаўства, а вы...

30.

З пракуратуры выйшаў Сьцяпан з пачуцьцём уласнай бездапаможнасьці. На ратушавай вежы шугаў замацаваны там сьцяг, быццам апавяшчаючы навіну. Паміж крамамі снавалі натоўпы, а далейшыя вуліцы выглядалі паўпустыннымі, зь ледзь прыкметнай смугою далечыні. Мутна паблісквалі калюгі.

Ад "Асторыі" заносіла кухоннымі араматамі.

Ён пералічыў грошы — на абед і да абеду.

У парт'е Сьцяпан папрасіў пачак смагавітых "кармэнаў".

У залі, дзе падавалі звычайную гарэлку, рагаталі яскравыя прастытуткі. !х ляпалі па азадках здаравезныя тыпы ў шафёрскіх куртках. Яны ўладжвалі сваё.

Сьцяпан заказаў катлетку з перамолатага мяса, маскоўскі боршч, мінэральную ваду й сто грамаў.

Яму хапіла й на другую сотку.

У шэрую гадзіну завалокся ён у свой былы габінэт, яшчэ нікім не заняты, і перанёс туды падарожную торбу, каб пераначаваць там.

"Спаць! Я змучаны, і мне трэба спаць: адасьплюся, дык будзе відней, што рабіць, куды падацца, якое выйсьце знайсьці", — Сьцяпан, не распранаючыся, кладавіўся на падлозе, на дыване з казачнымі ўзормі. Ён падаслаўся піжамай, прыхінуўшыся галавою да тае торбы. I было яму добра...

...Зашумела-загудзела ўгары, і са сто лі вылузаўся чорт валахаты.

— Ах, во куды ты забіўся, гэ-гэ-гэ, — раскірачыўся ён над Сьцяпанам, сыплючы наўкола смуроднымі іскрамі. — Ну й як? Як табе сьпіцца? Маўчыш. Не жадаеш размаўляць са мною. Сказаць табе прымаўку? Скажу, паслухай: "Языком хоць і сраку ліжы, а рукам волі не давай". Га? Нядурна кімсьці запрыкмечанае, га? Я зараз яшчэ адну прымаўку...

— Пайшоў вон, рагаты! — крыкнуў Сьцяпан. — Пырскаеш мне ў вочы ядавітай сьлінаю, бадзяга!

— Добра, даражэнькі: мой кліент — мой пан! Зраблю я так, як ты загадаеш мне, — чорт адыйшоўся да бібліятэчкі й з асалодаю пачухаўся капытцам па жываце. — Сьпіш? Змарыўся ты, дамоў не пайшоў, а я чакаў цябе на рагу Садовай. Стаяў там, выглядаў, а Сьцяпана Сумленевіча ўсё не было... Думаю сабе, куды гэта ён мог падзецца? Давай я шыбаваць па-над Беластокам, праляцеў над вакзалам раз і другі ў надзеі, што пабачу цябе ля піўнога кіёску. Адзін знаёмы мне праваднік, калі я сеў на плячо яму, нараіў: "Ты, чарнамазы, у міліцыю або пракуратуру наведайся. Няйначай, як гэта туды твой Сумленевічык паімчаў шукаць апоры для праўды, мазгаўнёю ягонаю выдуманай". Так я й зрабіў: залятаю я гэта ў камісарыят, а там, гляджу, п'яніцу валакуць за каўнер і лаюць... Гідкае відовішча! Давай я нюхаць па сяржанцкіх пакоях, але ў іх даўно прапаў пах, э, тваёй справы. Дык зьлётаў я ў пракуратуру. Вельмі, э, прыкрае пра цябе давялося мне пачуць там! Пракурор, ведаеш ты, копціць тыя свае палавінкі ды ходзіць з кута ў кут, пагаворваючы: "Непраўдападобнае! Усяго на сьвеце я паспытаў, але такога балвана не сустракаў у сваёй практыцы!.." Ён, як трапна ты здагадваесься, меў на ўвазе тваю асобу, дарагі Сьцяпанка, — нячысты прыгледзеўся, з кашэчай чуйнасьцю, да Сьцяпанавых рук. — Нічога, фраер Сумленевіч, ня падай ты духам. Сторажы законнага ладу яшчэ не адзін раз вырачаць вочы на, э, твае ўчынкі. А ты не аглядайся на іх — чаўпі сваё, гэ-гэ-гэ... Сумленевіч ня быў-бы Сумленевічам, калі-б узяў ды раптам уціхамірыўся.