Выбрать главу

— Падла ты, а ня чорт!

— Гэ-гэ-гэ, дзеля таго я i ёсьць, каб людзям не падабацца. Мы, я з табою, як бы ў нечым i падобныя да сябе, э... У чым, га? О ля, я ўжо ведаю, ведаю: мяне любяць толькі некаторыя — i цябе, Сьцяпанка, таксама. Таксама, таксама... Так, ты не пярэч гэтаму. Во калі мне высьветлілася твая загадка! Усё думаў я й думаў, э, чаму ў сьціжме народу якраз з Сумленевіча не магу зьвесьці вока? Ты мяне, кроўны, ужо ў свае юнацкія гады абнадзеіў. Зьдзіўляесься? Разумею, пра дрэннае вы неахвотна памятаеце на Зямлі — але ад чаго-ж гэта мы, чэрці! Такая наша служба. Я табе зараз прывяду на памяць выпадак, дзякуючы якому, можа, э, пасябруем мы... Было гарачае лета тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят чацьвертага году. Сьцяпанка купаўся ў Супрасьлі за Васільковам, за гэтым разбойніцкім мястэчкам. На беразе стаяла чарада гусей, якія мірна паскубваліся. Наш малойчык — гэта было добра відаць з-за чорнай хмары — ціхенька падплыў да тых бязьвінных хатніх птушак i, намацаўшы на плыткаводзьдзі ўчарнелую дубовую крывулю, шпурнуў цяжменю ў пародзістага гусака. Белы птах роспачна залапатаў крыламі ад нечаканага ўдару й неўзабаве сканаў, задзёршы лапкі ўгору. Тым часам наш герой, адплыўшы на прыстойную а^егласьць, зь любасьцю прыглядаўся, як чужы чалавек, выпадковы сьведка зладзеяньня, мітусіўся ў пошуках забойцы...

— Няпраўда! — выстагнаў Сьцяпан. — Я адганяў таго гусака, каб ён не задзюбаў малых гусянятаў! I незнарокам...

— Апраўдваесься! Ты майстар на гэта, але, пакуль, э, няхай твой чорт будзе старэйшы, калі другога маеш... Возьмем іншае здарэньне. Сьцяпан Сумленевіч, вучань шаноўнага тэхнікума, аднойчы дакладна засланіў вокны, як толькі яго маці выйшла з дому. Калі-б гэта было ўвечары, дык я, мабыць, прасьляпіў-бы як-жа каштоўную рысачку да біяграфіі майго падапечнага... На дварэ стаяла міготкая гарачынь? Сьлізгануў я ў комін, каб з попельніка ў печы падгледзець, чым гэта хлопчык займаецца. Цюкнула мне нядобрае, i я не памыліўся: Сьцяпанка, э, замест урокаў пісаў ананімку клясаваму выхавальніку, у якой ён страшыў яго, што пакончыць самагубствам, атруціцца, калі той паставіць Марысі двойку па хіміі...

— Чорце ты, чорце! — задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. — Ты нават дзіцяці не даруеш.

— Напісанае застаецца, дарагі, э, пагаворвалі старажытныя рымляне. Рэкі маюць крыніцы свае, а людзі — дзяцінства. Пакажы мне дзіця й хібы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек — як расьліна, зь якой ён, дарэчы, i выйшаў: усё ягонае ў зярняці знаходзіцца. Вырастаюць зь яго ня якасьці, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...

— Я кахаў Марысю! — вывіскнуў Сьцяпан. — Кахаў яе, як толькі можа кахаць хлопец сваім першым чыстым пачуцьцем...

— Безумоўна, безумоўна... Назаві ты мне такога, які ня ведае, што такое першая дзяўчына. I старшыня меў першую, э, і бухгальтар, э, і член камісіі. I нікому зь іх гэта не перашкодзіла стацца сабою — аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камісіі. Хочаш, я складу дасье іх дзяцінству? Хочаш?

— Не-е-э-э!!!

— Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цікавасьці да гэтага. Баісься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калі не ачышчае, дык прынамсі запруджвае ручаіну нечысьці, якая ўліваецца ў душу. Стварае ён ілюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьліваецца паводкай, якая мае тую ўласьцівасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае імгненьне...

— Я цябе паб'ю, чорце лазаты!

— Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.

— Ня муч мяне!

— Крыху пацярпі, мой ты душэўны абадранец.

— Як доўга?! — узмаліўся Сьцяпан.

— Ужо хутка будзе па ўсім, пакутнічак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвілінаў адпачынку, — і чорт уключыў радыёпрыёмнік, што стаяў на паліцы.

Ціха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукі, і перад яго вачыма перасоўваліся пушчанскія зацішшы й квяцістыя лугі, празрыстыя завадзі з чародкамі рыбы й пясчаныя берагі, ваколіца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, і зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзі. Спаленая лесьнічоўка ля гасьцінца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлівы профіль матчынага твару...