— Стоп! — перапыніў Сьцяпана чорт і ўдумліва пакалупаў кіпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: — Цябе, Сьцяпан, бачу я, цікавіць сьмерць твайго бацькі? Вось, э, Сьцяпанка...
— Прашу зьвяртацца да мяне: пане Сумленевіч!
— Калі ласка, э, пане Сумленевіч. Не пачнем-жа мы з-за такога глупства ўзаемна варагаваць. Я ўшаноўваю вашы нявыяўленыя, сакрэтныя, э, пажаданьні, журботнасьць...
— Кінь, чорце, намёкі, калі ня хочаш дастаць ад мяне па сваіх сьлепнякох!
— Кідаю, кідаю... Ага, значыць, спыніліся мы на таямніцы пагібелі вашага, э, пане Сумленевіч, бацькі. А яна мае простае дачыненьне да вас.
— Да мяне?!
— На жаль, на жаль... Нельга сказаць, пане Сумленевіч, каб вы надта кахалі свайго, э, родзіча...
— Што гэта ты пляцеш?!
— Я толькі сьцьвярджаю, — насупоніўся чорт. — I, калі ласка, вы дазвольце мне закончыць выказваньне. Дык вось: ваш бацька, пане Сумленевіч, не беспадстаўна лічыў, што вы як сын, э, недалюблівалі яго. Па гэтай прычыне паміж ім і маці здараліся сутыкненьні, якія паглыблялі ў ім апатыю ды абыякавыя адносіны да свайго жыцьця. Мо' жадаеце прад'явіць вам доказы?
— Не выдумляй, страшыдла паганае!
— Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевіч. Перш за ўсё таму, э, што іх нельга зьнішчыць. Можна забыцца на іх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.
— Чаго ты да мяне прычапіўся?
— Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевіч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымі душамі. Мы, чэрці, зараз не такія адсталыя, э, якімі нас усё размалёўваюць манастырскія мастакі. Мы пайшлі з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, i, не хвалячыся, таленавіта перанялі найгоршае, чаго дабілася чалавецтва з часоў сівой мінуўшчыны па сёньняшні дзень. Пэрыфразуючы дасягненьні, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьці наш прынцып дзейнасьці: кожны прападае сам, як толькі можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевіч, што ваш спосаб самазьнішчэньня, усё-такі, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзіце мяне!..
— Што-о! — i Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлівай стрыманасьцю. — Бач ты яго, чорта: у няшчасьці шукае ён атракцыі! Пайшоў ты вон!
— Гэта нічога, пане Сумленевіч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзінкі, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала інтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калі ён супыняў мяне: "Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньні мэтаў пана Сьцяпана Сумленевіча. У яго можа яшчэ ня быць іх зусім, як у васабовасьці выразна нясьпелай. I зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкім фанатызьме, гэтай дзіцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалі крышынкамі ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьці ілюстратыўнага матэрыялу, калі-б затрымаўся ў сваім разьвіцьці. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевіч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нічога асаблівага", — чорт пазяхнуў i аблізаўся.
— Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!
— Не крычы так, — страпянуўся чорт. — Вішчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калі ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...
Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавіну, ажно той скруціўся.
— Яшчэ слова — i я цябе заб'ю! — Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.
Рагаты, не разгінаючыся, соп.
Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над ім, вярнуўся да логава.
— Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! — выпаліў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкі пад стольлю. — Раз зь цябе гэткі аблуднік, э, дык больш нічога ты не даведаесься ад мяне, — скардзіўся ён. — Ты...
— Пан Сумленевіч! — Сьцяпан пагрозьліва прыўзьняўся.
— Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевіч!
Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапіў пісьмовы стол i зь дзіўнай лёгкасьцю кінуў ім у пачвару. Затым, упёршыся рукамі ў сьцяну, ён захістаў пакоем.
— Разваліш будынак, жывіна! — крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставіў свой хвасьціска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). — Абціхні, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!
— Яшчэ ты, чорце, калісьці падлезеш пад мой кулак, — Сьцяпан стомлена апусьціў руку; другая-ж аніяк не адставала яму ад сьцяны.
I як Сьцяпан ні выкручваўся, тая рука з расшчэмленымі пальцамі не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодліва аглянуўся на чорта, які з удаванай заклапочанасьцю чысьціў сабе капытцы. Рабілася страшна. "Пане чорт!" — Сьцяпан разявіў рот, каб лісьліва аклікнуць... Ён прачнуўся.