Выбрать главу

31.

У вакно сьвяціла сонца.

Сьцяпан з панікай паглядзеў на гадзіньнік: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхітрую пасьцель.

Яму цяжка было выпрастацца — ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухія яго вусны паліла гарката ад выкураных папяросаў.

З калідора наляталі ўрыўкі размоваў; пачынаўся працоўны дзень.

У габінэт, у гэтую начлежню Сумленевіча, ніхто не заглядваў, і ён мог спакойна пагаліцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпіратар, на слых улавіў зручны сабе момант, каб ціха шмыгануць у мужчынскую прыбіральню, да ўмывальніка, са шчотачкай і зубной пастай.

Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўніцаю, якая выходзіла якраз адтуль з поўным чайнікам вады (у дамскай прыбіральні быў папсаваны кран над умывальнікам, з чым усе звыкліся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, і, са страшэнным грукатам, выкацілася яно, менавіта, у калідор, непрыстойна заліваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокіх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзі; далікатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.

Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страціўшы памяці, нема закрычала: — Рату-ун-ку-у-у!!

— Выбачайце мне, — прамовіў Сьцяпан. — Выбачайце...

— Ратунку!!! — яна галасьлівіла, як матацыкл у тунэлі. — Ратуначку, людкове.

Нехта за сьпінаю Сумленевіча аддаў загад:

— Пане Валодзька, званеце ў міліцыю. Мігам!

Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.

— Нумар! Нумар які?! — заікліва пытаўся той Валодзька.

— Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!

Iншыя — шапталіся: "Гэта-ж Сумленевіч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай— яй-яй... "

Сьцяпан нахіліўся над няшчаснай, каб вынесьці яе адсюль, але яна, ашалелая, укусіла яго за локаць (мела вострыя зубы).

— Мужчыны! — прарэзьліва заенчыў бабскі голас. — Чаго вы стаіце?! Ён заесьць яе тут!

На Сьцяпана накінуліся; чыесьці кулакі адпіхнулі яго прэч у закутак.

— Дагуляўся, бунтаўшчык!

— Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!

Сьцяпан моўчкі заміргаў павекамі, бы зацюканы злодзей.

— Я таго й спадзяваўся па ім, — здаволена скрывіўся працаўнік адміністрацыйнай сэкцыі. — Бачыце, да чаго ён дажыўся...

— Канцы яму тут! — прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобіў высокі лоб інтэлігента.

— Халеры на яго! — ускіпеў нядаўні сябар Сьцяпана. — Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенічнік!

— Хадзіў, лазіў ён, бы дырэктар які, i ўсё законы свае ўводзіў у нас, зьедліва загаварыў шматгадовы працаўнік сэкцыі па справах грамадзкага самакіраваньня.

— То яму мыла таго мала было, то ручнікоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьці, — намесьнік бухгальтара, ад усьцешанасьці, ажно пачысьціў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.

— Будзе яму цяпер, будзе, — праквакаў старэнькі працаўнік гаспадарчага рэфэрату.

— Ой, што ён зробіць у турме бяз жонкі?! — піскнула сакратарка з галоўнага сакратарыяту.

— Даволі наслухаліся мы ягоных павучэньняў: нягодна паводзіце сябе, падлізваецеся начальству, не шануеце свайго "я", жывяце мудрасьцю рабоў... I гэтак далей, — выжаліўся працаўнік аддзелу кадраў i сацыяльнага забесьпячэньня.

— Ах, як надакучыў ён нам, ад малога да старога, — з палёгкай выдыхнула сваё прыбіральніца, якую Сьцяпан прыймаў на работу як маці шматдзетнай сям'і.

— З усіх зьвяроў толькі чалавек умее сьмяяцца, хоць мае дзеля гэтага найменш прычынаў, — ніякавата выказаўся якісьці незнаёмец. На яго паглядзелі, i ён, не аказваючыся, выйшаў са зборышча.

— Што гэта той сказаў?

— А чорт яго ведае?! Нічога ня робіць, адно ходзіць ды ўсё думае. Мо' ён які-небудзь сваяк Сумленевіча?..

— То-ж але, пане інспэктар! Панапрыймаюць гэта на работу невядома каго, дык, потым, о колькі бяды! — заключыла жанчына, якую можна падазраваць, бадай, не болей як у дурноце.

Сьцяпан ступіў дапераду й прамовіў:

— Людзі! Трэба даць паратунак нашай супрацоўніцы, — ён паказаў на дзяўчыну, якая, скромна стуліўшы калені, валялася на халоднай падлозе, адкінуўшы галаву аж пад пісуар. Яна не магла даўмецца, як ёй быць далей. Дапамажэце мне занесьці пацярпелую ў нейкае памяшканьне, каб...

— ...згвалціць! — ускочыў Сьцяпану ў слова бамбіза з выглядам мядзьведзя, які, у недасьледаваных навукай абставінах, ачалавечыўся.

— Гэ, гэ, гэ... — яго падтрымалі рогатам.

— Як вы сябе адчуваеце? — запытаў Сьцяпан у дзяўчыны. Яна называлася Зіна. — Ці вам рэжа ў галаве?

— Ёй не ў галаве рэжа, гэ, гэ, гэ...