— Вы, дык што: дома не начавалі?
— Не.
— Ага...
— Яго судзіць будуць за разбой! — паскудзіў Сьцяпану кадравік. — Ён, пане сяржант, легкавую машыну спаліў, шэфа апаганіў, жонку сваю адлупцаваў, бунт у нас падыймаў, людзей добрых бухторыў!..
— Я ня вас пытаю, — суцішыў крыкуна старшы сяржант. — Лепш скажэце мне, грамадзянін, дзе тая згвалтаваная жанчына?
— Я...
Міліцыянты нічога не ўстанавілі. Яны забралі з сабою Зіну й Сьцяпана. Допыт у камісарыяце таксама ня даў вынікаў; пад вечар дзяўчыну выпусьцілі. "А вы — пасядзеце", — сказалі Сумленевічу. I ён ціхмана прайшоў у арыштанцкі пакой. Уночы разбудзілі яго й завялі да сьледчага, які ўжо шмат ведаў пра ўсё.
Сумленевіч — ні то ад страху за далейшыя наступствы, ні то застаючыся ляяльным у дачыненьні да дзяўчыны, — не адступіўся ад узьніклай вэрсіі падзеі. Назаўтра былі прад'яўленыя яму паказаньні сьведкаў — працаўніка адміністрацыйнай сэкцыі, рэфэрэнта з аддзелу паслугаў, працаўніка сэкцыі па справах грамадзкага самакіраваньня й інш.
Сьцяпан не раскалоўся.
Ён выратаваў перш за ўсё самога сябе. (Нядаўна расказвалі яму, як старшыня, даведаўшыся пра здарэньне зь Зінай, папрасіў дзяўчыну да сябе ў габінэт i намаўляў яе, каб яна абвінаваціла Сьцяпана ў згвалтаваньні: дэкляраваў ёй павышэньне на службе. Адказала яму: "Я, пане старшыня, не раздумала выйсьці замуж".)
32.
На працу Сьцяпан Сумленевіч не пайшоў. Не вярнуўся ён i дамоў — спачатку ня могучы прабачыць Кіры, што яна не даведвалася, дзе ён i што зь ім.
Штосьці каля тыдня начаваў Сьцяпан у знаёмых, ад якіх наслухаўся ён усякай усячыны.
Пераначаваў — i ў члена камісіі, які афіцыйна паведаміў Сьцяпана:
— Вас шукаюць з позвай на суд. Ну, адпачывайце ў мяне, а я пайшоў — трэба абкапаць бульбу.
Позву, у той-жа вечар, Сьцяпан паквітаваў на цэнтральнай пошце; хатні адрас на ёй быў закрэсьлены і, відавочна, лістанош надпісаў: "Адрасат невядомы".
Адбыўся суд.
Суд як суд. Адвакату абвінавачаньня засьвяціліся вочы, калі пачуў ён тлумачэньні Сьцяпана, падсуднага. "Высокі суд! У васобе Сьцяпана Сумленевіча мы можам наглядаць тое бессаромнае круцельства, патанаючы ў якім да самога дна, абвінавачаны не завагаўся чыстае й высакароднае зьмяшаць зь нізкім, брудным i подлым..."
Усё прышылі яму.
Уляпілі Сумленевічу дзіўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыі пацярпеламу!
Турэмны выхавальнік неяк наладзіў дыскусію аб маральнасьці, яе сутнасьці й скрыўленьнях. Сумленевіч меў палымянае выступленьне; ён моцна зьдзівіўся, калі пасьля гэтага дыспуту запрапанавалі яму працу ва ўнутраным радыёвузьле турмы. Там было ўжо двух: юрыдычны дарадчык, якога пасадзілі за камбінацыі, i будаўнічы інжынер, што пракраўся на цыманьце. Сьцяпан пісаў перавыхаваўчыя гутаркі (памерам да дзесяці хвілінаў), зь якіх яго незвычайныя супрацоўнікі рабілі жарты. Ён абураўся на іх, i дайшло да нашумелай авантуры, пасьля якой Сумленевіча перавялі ў брыгаду па будаваньню дарогаў. Непрызвычаенаму да фізычнай працы Сьцяпану Сумленевічу цяжка даўся там першы месяц — смылелі яму нават костачкі!
За прыкладныя паводзіны ён быў умоўна выпушчаны з турмы пасьля году. Зь пяцідзесяцітысячным заробленым капіталам, на той час вартым паезджанага аўта.
На ўскраіне Беластоку купіў Сьцяпан малюткую хаціну, от, пакоік з куханькай. З дрывотняй ды акрайцам агароду. Сам сяк-так змайстраваў неабходную сабе мэблю й паліцы на кніжкі, на ўсю сьцяну.
Беласток, 1977-1993
Ад выдаўца
У нас ня любяць тых, хто не паддаецца мімікрыі, хто ня йдзе ў ананімным натоўпе вызначаным іншьмі напрамкам. Такія людзі выклікаюць падазронасьць; заўсёды знойдуцца ахвотныя паўшчуваць ix за гэта й прышыць ім нейкія латкі. Ня цэнім мы асобу, якая дасягнула посьпеху.
Сакрат Яновіч - гэта, для мяне, прыклад настойлівасьці й волі аддаць усяго сябе мастацтву. Ягоная творчасьць - яркая зьява таленту й працавітасьці, безь якое талент не ўжыцьцяўляецца.
Новую кнігу Сакрата Яновіча аддаем у рукі чытачоў з тым большым задавальненьнем, што зьявілася яна па-за дзяржаўнымі выдавецтвамі, дзякуючы волі прыватных асобаў, прыхільнікаў пісьменьніка, якія маюць на гэта сродкі, здабытыя свабоднай i стваральнай працай.
Валяньцін Сельвясюк "Амэга"
Сакрат ЯНОВІЧ
нарадзіўся ў 1936 годзе ў Крынках, што на ўсходнім рубяжы Беластоцкага Краю, у рамесыііцкай сям'i. Закончыў Электрычны Тэхнікум, а затым Настаўніцкую Студыю ў Беластоку ды філялягічны факультэт унівэрсытэту ў Варшаве. Дэб'ютаваў у 1956 годзе на старонках Беларускага Тыднёвіка "Ніва". Аўтар каля двух дзесяткаў кніжак прозы - лірычных мініяцюраў, апавяданьняў, навэляў, аповесьцяў, эсэ, сцэнічных твораў, дасьледаваньняў, надрукаваных у краіне i ў замежжы. Некаторыя яго творы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, італьянскую, нарвэскую, расейскую, украінскую мовы, таксама i на эспэранта, а найбольш на польскую (эсэ піша пераважна на гэтай мове). Яновіча як пісьменьніка цікавіць праўда пра чалавека ды ягоныя зносіны з вакольным сьветам; асабліва перажывае ён за нацыянальны лес беларусаў, так трагічны ў гістарычным мінулым.