Тэрзбi адмоўна пахiтаў галавой.
- Я сам з Нью-Йорка. Але ўжо даўно там не быў.
- Я некалi служыў там у палiцыi, - заўважыў Леапольд.
Яны пагаварылi яшчэ некалькi хвiлiн, i Леапольд пачаў прабiрацца праз натоўп да выхаду.
- Так рана? - спытаў хрыплы незабыўны голас.
- Прывiтанне, Монiка. Колькi часу прайшло...
Леапольд узiраўся ў прыгожую жанчыну сярэднiх год, якая перагарадзiла яму шлях да выхаду. Яна дабавiла крыху ў вазе, асаблiва гэта было бачна па бюсце, у валасах з'явiлася сiвiзна. Толькi вочы ўразiлi i нават крыху напалохалi Леапольда. Такi шалёны позiрк яму даводзiлася заўважаць толькi ў вачах псiхiчна ненармальных злачынцаў.
- Не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Думала, пабаiшся мяне, - сказала Монiка.
- Глупства. Чаго мне баяцца?
Зноў зайграла музыка, чарга, нiбыта змяя, пачала нетаропка распаўзацца ад сталоў па зале. Леапольду i Монiцы здавалася, што яны адны сярод пустынi.
- Пройдзем сюды, - сказала яна, - тут мы зможам пагаварыць. - Яна рушыла ў канец залы, агароджанай дзвярамi-гармонiкам. Леапольд, бездапаможна павiнуючыся, пайшоў следам. Монiка адамкнула дзверы i рассунула iх настолькi, каб яны маглi зайсцi ў гэты вольны закутак залы. Потым зачынiўшы i замкнуўшы за сабой дзверы, яна стала да Леапольда тварам. У гэтым пустым пакоi яны засталiся сам-насам.
Пакой быў каля дзесяцi метраў у шырыню i даўжыню з вокнамi ў дальнiм канцы i замкнёнымi дзвярамi-гармонiкам за спiнай Леапольда. У вокны, прадзiраючыся праз галiны дрэў, заглядала сонца, праз прыглушаныя галасы гасцей было чутно цiхае вуркатанне кандыцыянера.
- Памятаеш дзень нашага вяселля? - спытала яна.
- Так. Ну, вядома.
Монiка падышла да цэнтральнага акна, правяла пальцамi па раме, можа, шукаючы засаўку, каб адчынiць яго. Але акно так i засталося зачыненым, калi яна зноў павярнулася тварам да Леапольда.
- Наш шлюб быў такi ж змрочны i пусты, як гэты пакой. Пазбаўлены жыцця, марны.
- Бог сведка, Монiка, я заўсёды хацеў дзяцей.
- Нiчога, апрача гэтай праклятай работы палiцэйскага, ты не хацеў, выбухнула ў адказ Монiка, у яе ў вачах усё мацней палаў агонь гневу.
- Слухай, мне трэба iсцi. Там у машыне мяне чакае чалавек.
- Iдзi. Гэта ты рабiў i раней, цi не так! Iдзi, iдзi! Iдзi на сваю праклятую работу, кiнуўшы мяне адну ў змаганнi, кiнуўшы...
- Гэта ты пайшла ад мяне, Монiка. Памятаеш? - напомнiў ён цiха.
Яна была настолькi безабаронная, што не мела нават сумачкi, каб шпурнуць у яго.
- Зразумела, я пайшла! Таму што мяне чакала кар'ера! I ты ведаеш, што здарылася са мной толькi таму, што ты нс паехаў разам са мной? Ты ведаеш, што здарылася са мной там? У мяне адабралi грошы, самапавагу, рэшткi ўласнай годнасцi. Ператварылi ў шлюху i, атрымаўшы ад мяне ўсё, што змаглi, засадзiлi ў псiхiятрычную бальнiцу на тры гады. Тры гады!
- Я табе спачуваю.
- Кожны дзень там я ўспамiнала цябе. I думала пра тое, што зраблю, калi выйду на волю. Так, я думала пра гэта. Планавала. Меркавала. Так, ты цяпер вялiкi дэтэктыў! Часам аб справах, якiя ты вядзеш, паведамляюць нават у калiфарнiйскiх газетах. - Монiка хадзiла ўзад i ўперад па пакоi, нiбы загнаная ў клетку, з пагрозлiвым выглядам. - Вялiкi дэтэктыў! Але я магу ўсё парушыць, як гэта ты зрабiў са мной.
Леапольд азiрнуўся на зачыненыя дзверы, шукаючы магчымасцi выйсцi. Усё было ў тысячу разоў горш, чым ён меркаваў. Яна была вар'ятка, помслiвая i страшэнна небяспечная.
- Монiка, табе трэба звярнуцца да лекара.
- Я звярталася да лекараў. - Вочы Монiкi звузiлiся. Яна спынiлася каля цэнтральнага акна, стоячы тварам да Леапольда. - Я ехала сюды з Захаду, у гэткую далячынь, бо ведала, што ты прыйдзеш. Гэта месца куды лепш за тваю кватэру цi твой кабiнет альбо вулiцу. Тут за дзвярамi паўтары сотнi сведкаў.
- Чорт, што ты вярзеш!
Вусны Монiкi перакрывiлiся ў жудаснай усмешцы.
- Ты зведаеш тое, што зведала я. Краты, камеру прынiжэнне. Ты зведаеш адчай, якi мучыў мяне ўсе гэтыя гады.
- Монiка...
У той момант яны стаялi адно ад аднаго на адлегласцi, вiдаць, метраў сем. Монiка ўзняла руку, як бы баронячы сябе, потым крыкнула з жахам у голасе:
- Не! О Божа, не!
Леапольд замёр, не здольны крануцца з месца, i тут рэхам па зале грымнуў стрэл. Ён убачыў, як у грудзi Монiкi трапiла куля i яна адхiнулася назад нiбыта ад удару магутнага кулака. Потым неяк так здарылася, што ён выцягнуў з кабуры пiсталет i крутануўся тварам да дзвярэй.
Тыя па-ранейшаму былi зачыненыя i замкнёныя. У пакоi былi толькi Монiка i ён.
Леапольд азiрнуўся i ўбачыў, як яна курчыцца на падлозе, вакол чорнай iрванай дзiркi на сукенцы разлiлася кроў. Леапольд перавёў позiрк на вокны. Яны таксама былi зачыненыя i замкнёныя. Ён патрос галавой, намагаючыся сканцэнтраваць увагу на тым, што здарылася.
За перагародкай пачуўся шум, моцна загрукалi ў дзверы. Нехта з таго боку адамкнуў замок, дзверы рассунулiся.
- Што здарылася? - спытаў нехта. Убачыўшы на падлозе цела, адна госця крыкнула. Другая страцiла прытомнасць.
Леапольд ступiў крок назад, разумеючы, што ўсё яшчэ трымае ў руцэ рэвальвер, i ўбачыў, як праз натоўп гасцей прабiраецца лейтэнант Флетчэр.
- У чым справа, капiтан?
- Яна... Нехта выстралiў у яе.
Флетчэр падышоў блiжэй да Леапольда i ўзяў у яго рэвальвер асцярожна, нiбыта беручы з рук дзiцяцi паламаную цацку. Ён паднёс зброю да носа, панюхаў, потым адкрыў барабан, каб праверыць кулi.
- З яго нядаўна стралялi, капiтан. Адзiн стрэл. - Вочы лейтэнанта павiльгатнелi, ледзь не да слёз. - На якое лiха вы гэта зрабiлi? - спытаў ён. - Ну, на якое лiха?
Тое, што адбывалася далей, Леапольд ужо не бачыў. Вельмi цьмяна i абрывiста ён прыпамiнаў, як нехта агледзеў Монiку i сказаў, што яна яшчэ жывая, як выклiкалi "хуткую дапамогу" i якi навокал быў вэрхал. Флетчэр адвёз яго ва ўправу, правёў у кабiнет, дзе ён сеў i пачаў чакаць, водзячы па штанах вiльготнымi далонямi. Леапольд не здзiвiўся, калi яму паведамiлi, што яна сканала па дарозе ў бальнiцу. Монiка заўсёды ўсё даводзiла да канца.
У кабiнет камiсара зайшлi i выйшлi трое - дэтэктывы, што былi пад яго началам, - цiха перагаворваючыся, схiлiўшы адзiн да аднаго галовы, нязграбна выказаўшы яму рухамi сваё спачуванне. Навокал панавала атмасфера смутку, i Леапольд ведаў, што прычынай гэтага быў ён.
- Капiтан, у вас больш нiчога няма нам паведамiць? - спытаў камiсар. - Я зраблю ўсё, каб палегчыць вашу сiтуацыю.
- Я не забiваў яе, - настойваў Леапольд. - Гэта зрабiў нехта iншы.
- Хто? I як?
Леапольду заставалася толькi пахiтаць галавой.
- Каб толькi я мог ведаць. Здаецца, яна сама нейкiм вар'яцкiм спосабам забiла сябе спецыяльна, каб адпомсцiць мне.
- Такiм чынам выстралiла з вашага рэвальвера, якi быў у вашай кабуры, у той час, як вы стаялi за сем метраў ад яе?
- Гэта быў не мой рэвальвер, - сказаў Леапольд, пацiраючы лоб. Экспертыза гэта вызначыць дакладна.
- Але з вашага рэвальвера неўзабаве да гэтага стралялi, i ў пакоi знайшлi пустую гiльзу.
- Я не магу гэтага растлумачыць. Апошнi раз я страляў з яго гэтымi днямi ў цiры, але пасля перазарадзiў.
- Скажыце, капiтан, магла яна настолькi вас ненавiдзець, - спытаў Флетчэр, - каб зрабiць вiнаватым у забойстве?
- Магла. Думаю, што яна была вельмi хворая. Калi гэта я быў прычынай яе хваробы, тады лiчу, што заслугоўваю ўсё тое, што зараз адбываецца.
- Якога лiха вы заслугоўваеце? - буркнуў Флетчэр. - Капiтан, калi вы гаворыце, што невiнаваты, я буду за вас. - Ён зноў пачаў хадзiць па пакоi i нарэшце звярнуўся да камiсара. - Што, калi правесцi экспертызу з парафiнам, каб праверыць, цi страляў ён нядаўна з рэвальвера?
Камiсар адмоўна пахiтаў галавой.
- Мы даўно ўжо не карыстаемся гэтым метадам. Вы ж ведаеце, Флетчэр, якi ён ненадзейны. Шмат у каго на руках можна знайсцi нiтраты цi нiтрыты. Яны могуць з'явiцца i ад бруду, i ад угнаенняў, i ад наладжвання феерверкаў, цi нават ад дотыку да гароху цi бобу. Усе курцы могуць мець адпаведныя сляды на далонях. Ёсць распрацаваныя новыя эксперыменты для вызначэння прысутнасцi барыю цi свiнцу, але на iх правядзенне мы не маем адпаведных хiмiкатаў.