Выбрать главу
Звон зазваніў: прастора займела цэнтр.
«Цяпер i падужацца можам!..» На вецер скінуў аздобу сваю дзьмухавец.
Спякота. Хаваецца цень у дрэва.
Пачакай, не знікай, белая аблачынка; мы зноў сустрэцца не зможам.
Круціць на рынку катрынку васпан: разглядаюць наўколле гукі.
Галоўнае — не выстаўляцца!.. Між шпал разлапушыўся трыпутнік.
Апоўдні. Высокімі галасамі выкрыкваюцца на рынку кошты спаржы.
Пад каланадай нязграбна дзяцюк прымярае шапку з блішчастай кукардай. «Пасуе»,— ківае крамнік.
Павеяла прахалодаю: шле рака прывітанне.
Коціцца i бразгоча па бруку бляшанка: вясткуе буру?!.
Парожнія сумкі: шпарка едзе на ровары паштавік.
Нават старая сасна падала свой голас: музыка-дзяцел.
Узняў ганарліва свае шышакі: глядзіце — i ён з ураджаем!.. Лопух.
Глянула — i ca мною схавалася ад мяне яшчарка ў схову. Бязлюдны хутар,
Наставілі вушкі за шклом вітрыны файныя кубачкі: мо хто возьме?!.
У двух абдымаем
вячысты дуб, трэцяга не хапае: каго паклікаць?!.
Сонца зірнула — i ў скрынцы вулічнага прадаўца зазалацелі пярсцёнкі.
Дождж: возера ў акупунктуры.
Бліскае. Едзе гром па вогненных рэйках. Перамаўляюцца цераз дарогу дзве маладзіцы: машыны з размовы выхопліваюць кавалкі.
Дажджыцца. У каласах зярняты — слязіны.
Давай паплывем!.. Рака падмывае бераг.
Сонца заходзіць. Куды-куды над зжатым палеткам спяшаешся, матылёк?!.
Куча пяску: расце углыб i ўгару паверхня.
«А вось яшчэ што!..» Нанова ўсчынае размову асенні дождж.
Возера. У адлюстраванне падае ліст.
«Дзе мае плёны?!.» Точыцца скрозь у шчыліны восень.
Ну хоць бы хто зачапіў!.. Ля сцежкі шыпшына ў шыпшынінах пераспелых.
Дол у жалезе, у срэбры трава: навіна ўсялілася ў наваколле.
Дзе яны, ўсклікі?!. Ляцяць над небам сцямнелым гyci.
Хапаецца за каменне бурлівы ручай: няўжо я ўжо дабег да мора?!.
Лісцё ападае. Лес падаецца ў вырай.
Кідаю ў кантэйнеры слоікі i бутэлькі: то белы дасць звон, то зялёны...
Цямнее: пара запальваць ліхтары. Цяжчэе: пара ўсміхацца.
Нехта павінен прыйсці?!. За ноч аздобіла сцежку шэрань.
Махае за плотам лістотаю бэз: адчапіся, сцюжа!..
Ну хто яшчэ здолее так?!. Па вадзе бяжыць i сабой ганарыцца качка. Куды вы?!. Плывуць аблачыны: над голым гаем бухматыя шаты.
Выпхнуліся на сушу i ў сон уклаліся ніцма: лодкі.
У снежным бязмежжы: прагалы — людзі.
Шчэміцца ўслед за мною у кірху кляновы ліст: на вуліцы нецікава.
Сцежкі расслізгваюцца: ідзе зіма ў адпачынак.
Кропка i штрых: іглічка трымае кроплю.
I гэта не тое, i тое не гэта: з вядра выкідвае смецце варона.
З дахаў пазвешваліся ледзяшы: трохі яшчэ — i дацягнецеся да долу. І першы промень табе, i апошні: мясцовая кірха.
І гэта работа!.. Цалюткі дзень стаіць манекен каля крамы: ў кішэнях рукі.
Спазняешся?!. Без дарогі спяшаецца некуды еташні ліст.