Выбрать главу
Ходзіць i працінае сваёю дзідай шматкі каляровыя i бляшанкі: смяцяр-ваяр.
Зацвіў — i зрабіўся усім знаёмы: бэзавы куст.
Між высветленых вітрын дзве негрыцянкі ўзнёсла нясуць сваю прыгажосць.
Імклівыя уверцюры!.. Па мосце праносяцца цягнікі.
Дождж усчынаецца. Гладзіць матуля дзіцёнка па галаве.
Дорыцца гэтаму i таму сонечны зайчык: дзяўчаткі на школьным ганку.
Людна. Прымерваю на сабе шматлікія постаці i абліччы.
Піша нястомна ссохлая чараціна ў паветры свае пісьмёны: зялёным у павучанне?!.
Які маляўнічы водгук!.. Сасна на ўзбураным узбярэжжы.
Лёткія ластаўкі: з гукам гук звязваецца ў ізаглосы.
Вяселле ў завулку. У грыву каню ўплятаюць дзяўчаты стужку.
«Так доўга цябе не было!.. Сцяблінка выжальваецца лістку.
Парушаны мур. Упарта трымаюцца камяні за даўнюю веліч.
Полымем, дымам i попелам, як i раней, яднаюцца дуб i бяроза. Дома.
Бліскучае шво!.. Зіхаціць у хмарах маланка.
Таксама ў аздобу?! Над навагодняй ялінаю свеціцца
маладзік.
Недзе чакае: шукаю у горадзе верш.
Туман: у наўколля кружыцца галава.
Жабрачкай ля сцежкі чапляецца за рукаў: «Што маю — вазьмі!..» — Шыпшына.
Вецер: былінка горнецца да былінкі, а тая — ад.
Шкло запацела: далонню адтульваю далечыню.
Туманныя прыцемкі. Ліхтары ўглядаюцца ў твар гаворцы.
Хопіць на ўсіх: імжа — дотык, рассеяны ў наваколлі.
Бягуць i вітаюцца: «Grüezi!..» — жанчыны з ліхтарыкамі ў галавах. Найноўшыя адвячоркі.
У снезе даліна, у пацерках арабіна: свята адна адной.
Вузкі завулак — ледзь размінуцца: насустрач сляпы манах.
Схавалася сонца: хмара займела скарб.
Рыфмы i рытм: ручай гутарыць з камянямі.
З кім пазнаёміўся — пазнаю ў сустрэчных то Ганну, то Эвэліну.
Згасае за небакраем чырвоны пажар: наваколле у попеле — ў змроку.
Што дзе было? Дзіўлюся заплюшчанымі вачамі ў мінулы дзень.
Махае хаціна хусцінаю дыму: дома?!.
У хвалях яліна: перадае галіна галіне вецер.
Іду невядомай сцяжынай за невядомай жанчынай: некуды — а прывядзе.
Прабегла па вецці белая бліскавіца i засталася: раптоўны снег.
Завея: на левы бок выварочваецца прастора.
Снежнае неба: ляціць аднекуль некуды чорнай адтулінаю крумкач.
У руху i ў постацях: завіруха збірае наўколле.
Зляпіліся i грамадою глядзяць на дарогу людзі са снегу: што будзе?
Звоніць упоцемках звон: куюцца з імгненняў гукі.
Разуўся — i босы ідзе па снезе: зімовы дождж.
«I што мне рабіць з ім, з дарункам гэтым?!.» Трымае яліна на кожнай галіне па булцы снегу.
Скідаю пальчаткі: цалуе рукі мароз.
Усе тут былі: маўчанне гутарыць з пусткай. Вакзальны ганак.
Нячутна прыйшлі i пайшлі бясследна: цені на снезе.
Выходжу з дзвярэй — завіруха хапае ў абдымкі: рада?!.
Нападала снегу. Дрэва пытаецца ў дрэва: «Хто ты?!.»
Што гэта робіцца?!. З глыбіні дзівяцца рыбы: цяпельца расклаў на лёдзе рыбак.